
Першая прэзентацыя кнігі Вольгі Івановай (навуковы рэдактар – Алесь Смалянчук), якая была выдадзена на сродкі, сабраныя з дапамогай краўдфандынгу, адбудзецца 16 сакавіка на сустрэчы Клуба вуснага гісторыка.
Кніга “Прамоўленая гісторыя. XX ст. у памяці жыхароў беларускай вёскі“– вынік шасцігадовай працы групы даследчыкаў, адна з першых спробаў прадставіць гісторыю Беларусі ХХ ст. праз прызму вусных успамінаў. У ёй асабістасць падзей, трагічнасць лёсаў і індывідуальнасць ацэнак выходзяць на першы план, а гістарычныя падзеі з’яўляюцца кантэкстам. Даследаванне прысвечана таксама і пошуку метадалагічных рамак для аналіза вусных успамінаў.
На сустрэчы Клуба вуснага гісторыка будзе прадстаўлена методыка біяграфічнага аналізу вусных успамінаў на прыкладзе прамоўленай аўтабіяграфіі Ганны Цэван – беззямельнай сялянкі з палескай вёскі, што стала старшынёй сельскага Савета. Методыка базуецца на аналізе канфігурацый біяграфічнага наратыву, раскрываецца праз выяўленне храналагічных маркераў, траўм, лакун, гендэрных і сюжэтных асаблівасцей, камунікатыўных стратэгій, адказвае на пытанні як гаворыць апавядальнік? для чаго гаворыць? і пра што гаворыць? Яна раскрывае тыповыя і ўнікальныя сюжэты беларускай гісторыі мінулага стагоддзя.
Прамоўленая аўтабіяграфія Ганны Цэван з’яўляецца адной з 16-ці гісторый, што ўвайшлі ў кнігу “Прамоўленая гісторыя. ХХ ст. у памяці жыхароў беларускай вёскі”, якая будзе прэзентавана падчас сустрэчы.
Выступоўцы – Вольга Лабачэўская, Вольга Іванова.
Мадэратар – Ірына Кашталян.
16 сакавіка
Пачатак: 18.30
Гістарычная майстэрня (вул. Сухая, 25)
Уваход вольны!
__________________________________________________________
“Лятучы” таксама рэкамендуе:
Новы дыстанцыйны курс: “Прамоўленая гісторыя Беларусі XX ст.”
Біяграфічны наратыў – крыніца, дзе нараджаецца пачуццё сваёй унікальнасці
“Угаворвалі сілай…” або аповяды калгаснікаў пра калектывізацыю ў Заходняй Беларусі