Пяць замест чатарох – як мы ладзім краудфандынг

21 лістапада 2017

Некалькі тыдняў таму Лятучы ўніверсітэт абвясціў аб запуску краўдфандынгавай кампаніі і запрасіў усіх зацікаўленых далучыцца да стварэння чатырох відэа-курсаў ад выбітных беларускіх адмыслоўцаў і мысляроў. Прапановы па тэмах гэтых курсаў былі абраныя праз галасаванне сталых карыстальнікаў дыстанцыйнай платформы. Пераможца – курс “Гарады і змена клімату: што і навошта трэба ведаць” – літаральна на днях з’явіўся на платформе.

У сваёй адукацыйнай дзейнасці Лятучы ўніверсітэт імкнецца да сучаснасці ведаў і іх здольнасці адказваць на выклікі нашага часу. Мабыць, гэта і з’явілася адной з прычын даверу і моцнай падтрымкі, якая была выказана краўдфандынгаваму праекту.

— Мы вельмі рады і неверагодна ўдзячны за такую падтрымку. Водгук, які атрымаў праект у нашых сяброў, у карыстальнікаў дыстанцыйнай платформы, у нашых студэнтаў кажа аб тым, што мы робім сапраўды карысную і неабходную справу. І робім яе разам з вамі! – кажа Тацяна Вадалажская, каардынатарка праграмы “Лятучы ўніверсітэт” і праекту ВЕДЫ ONLINE.

Тэмы відэа-курсаў вельмі разнастайныя: гэта і Open data, і гісторыя беларускай фатаграфіі, і фенамен гульні ў культуры, і сучасная палітыка. Але ж іх аб’ядноўваюць 3 агульныя прынцыпы – актуальнасць і якасць кантэнту, сучаснасць фармату, прафесійны ўзровень.

— За 12 дзён краўдфандынгавы праект быў рэалізаваны на 80%. І гэта стала моцным натхненнем для нас! Мы вырашылі, што калі мы з вашай дапамогай і падтрымкай набярэм 125%, то да гэтай жа кампаніі курсаў далучыцца яшчэ адзін – «Дзве гісторыі стварэння ў Кнізе Роду», – гаворыць Тацяна.

Аўтарам даданага курса з’яўляецца Ірына Дубянецкая, філосаф, доктар сакральнай тэалогіі (Sacrae Theologiae Doctor) і доктар філасофіі (PhD), знакаміты бібліст.

Па тэме:

Ірына Дубянецкая. Новая беларуская Біблія. Прадмова

Ірына Дубянецкая. Новая беларуская Біблія. Кніга Роду

Гэта будзе курс-даследаванне, курс-разважанне, у якім будзе закрануты комплекс пытанняў, якія тычацца гэтага падставовага для нашай культуры тэксту: дзве адрозныя традыцыі ў Кнізе Роду, аўтарства Кнігі, час, гістарычны і культурны кантэкст, пытанні, касмічная гармонія, чалавечая свабода і адказнасць.

Таксама, слухачы курса змогуць весці дыскусію с аўтарам і адзін з адным адразу ж на старонцы курсу, карыстацца дадатковымі матэрыяламі да тэмы, пакідаць свае водгукі.

Каб падтрымаць праект, неабходна ПРАЙСЦІ ПА СПАСЫЛЦЫ, перайсці ў вокладку “Збор сродкаў”, абраць зацікавіўшую вас падзяку і націснуць на яе.

ВЕДЫONLINE

Ведай сваё!

Персоны:
Падзеі: