
Беларускаму кнігадруку амаль 500 гадоў. І за гэты час на нашай тэрыторыі былі выдадзеныя тысячы найменняў кніг – папулярных і не вельмі, мастацкіх і публіцыстычных, на мовах, што былі дзяржаўнымі ў розныя часы ў нашай краіне, а таксама на замежных. І ўсе гэтыя кнігі з’яўляюцца нашай культурнай спадчынай, аднаўленнем, папаўненнем і ўзбагачэннем якой займаецца ўжо сённяшняе пакаленне беларусаў.
З нагоды славутага для нашага народа юбілею, які гістарычна сведчыць пра беларусаў як прагрэсіўную і адукаваную нацыю, Згуртаванне “Бацькаўшчына” і Саюз беларускіх пісьменнікаў у межах абвешчанай кампаніі “Пяцісотгоднасць”запрашаюць разам скласці рэйтынг найбольш знакавых кніг за 500 гадоў беларускага кнігадруку.
Арганізатары просяць вызначыць найбольш важную кнігу для нашай краіны: аўтарскую ці перакладную, рэнесансную ці новачасную, самае галоўнае – тую, што зрабіла ў свой час уплыў на грамадства ці на пэўную сферу, на фармаванне беларускай нацыі.
У якасці асновы для абмеркавання прапануецца спіс з 50-ці кніг, складзены адным з экспертаў. Вы маеце магчымасць дапоўніць гэты спіс ў каментарах на сайце кампаніі “Будзьма беларусамі!” іншымі найменнямі, якія вы лічыце важнымі і якія, на вашу думку, вартыя таго, каб трапіць у 20 самых важных кніг за пяцісотгоддзе. Спіс закрываецца 23 кастрычніка, а 24-га будзе абвешчана галасаванне за ТОП-20 знакавых кніг Беларусі.