
Міжнародная асацыяцыя гуманітарыяў (МАГ) запрашае да абмеркавання пытання даверу ў сучасных посткамуністычных грамадствах.
У траўні-чэрвені ў Кіеве і Мінску будуць арганізаваныя дыскусіі з удзелам навукоўцаў і прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці.
1 этап.
Навукова-практычны семінар «Давер, адказнасць і сацыяльная згуртаванасць у сучаснай Украіне: досвед і выклікі для краіны і рэгіёну».
(Арганізатары: Міжнародная асацыяцыя гуманітарыяў, Аналітычны цэнтр УКУ).
Кіеў, 24-25 траўня 2019 г.
Семінар прысвечаны абмеркаванню адной з найбольш важных праблем сучаснага ўкраінскага грамадства – недахопу інстытуцыйнага і грамадскага даверу, які ўскладняе фармаванне сацыяльнай згуртаванасці. Зварот да прыкладу Украіны стане падставай для асэнсавання крызісу даверу як характэрнай рысы постсавецкіх грамадстваў Усходняй Еўропы. Посткаланіяльны і посттаталітарных досвед усходнееўрапейскіх краін тлумачыць ідэалагічны раскол паміж “мы” /грамадствам/ і “яны” /уладай/, роўна як і складанасці з развіццём “нізавой дэмакратыі” і гарызантальнага ўзаемадзеяння. Пытанне пра давер выступае ў гэтым кантэксце як вызначальнае і патрабуе для свайго асэнсавання не толькі мультыдысцыплінарнага падыходу, але і супрацоўніцтва навукоўцаў і “практыкаў”, якія прадстаўляюць розныя сферы грамадскага жыцця. “Асваенне” дзяржавы як агента інтарэсаў супольнасці прадугледжвае пераадоленне татальнага недаверу і “па вертыкалі” (паміж грамадствам і ўладай), і “па гарызанталі” (паміж рознымі сацыяльнымі групамі). Семінар закліканы растлумачыць умовы і магчымыя шляхі аднаўлення/стварэння гарызантальнага і вертыкальнага даверу ў грамадстве.
Семінар адкрые публічная лекцыя амерыканскага філосафа і палітолага Фрэнсіса Фукуямы (Стэнфардскі ўніверсітэт), які з’яўляецца прызнаным экспертам у пазначанай тэматыцы. Пасля лекцыі адбудзецца круглы стол з удзелам вядомых украінскіх навукоўцаў і экспертаў.
Праграма другога дня семінара будзе ўключаць прэзентацыі і дыскусіі з удзелам навукоўцаў з розных краін рэгіёну, што павінна ўзмацніць крос-культурны кампаратыўны складнік у абмеркаванні заяўленых праблем. Асаблівая ўвага будзе нададзена прыцягненню маладых навукоўцаў і грамадскіх актывістаў як агентаў змяненняў і акадэміі, і грамадзянскай супольнасці ў рэгіёне. Вынікі семінара будуць падведзены на заключным круглым стале з удзелам спікераў з Беларусі і Расіі, на якім плануецца распрацаваць шэраг прапаноў практычнага характару для наступнага публічнага абмеркавання.
Да ўдзелу ў семінары запрашаюцца прадстаўнікі ўсіх сацыягуманітарных дысцыплін, якія цікавяцца названай праблематыкай. Абавязковай умовай з’яўляецца веданне англійскай мовы.
Працоўныя мовы: англійская (першы дзень), беларуская, руская, украінская.
Прыярытэт пры адборы ўдзельнікаў будзе прадстаўляцца сябрам Міжнароднай асацыяцыі гуманітарыяў. Аб самой арганізацыі і ўмовах уступлення ў яе можна даведацца па спасылцы.
Усім удзельнікам будзе забяспечана пражыванне і харчаванне на час правядзення семінара. Пры неабходнасці і пры наяўнасці дадатковага фінансавання (пытанне ўдакладняецца) арганізатары змогуць даць таксама грант на (частковае) пакрыццё дарожных выдаткаў.
Заяўка на ўдзел у семінары павінна ўключаць:
1) Аўтабіяграфію (CV),
2) Спіс публікацый за апошнія 5 гадоў,
3) Тэму і тэзісы выступу (да 300 словаў).
Тэрмін падачы заявак: да 20 красавіка 2019 г.
Заяўкі неабходна дасылаць на адрас: fenno@ucu.edu.ua (Ірына Фенно).
Пра вынікі адбору ўдзельнікаў будзе паведамлена да 1 траўня 2019.
2 этап.
Удзельнікі кіеўскага семінара, якія прадставяць найбольш цікавыя і абгрунтаваныя ідэі і прапановы, атрымаюць фінансавую падтрымку для паездкі на мерапрыемствы ў Мінску 11-12 чэрвеня 2019.
11 чэрвеня.
Публічная лекцыя вядомага палітычнага філосафа, кіраўніцы Цэнтра па вывучэнні дэмакратыі Вестмінстэрскага ўніверсітэта Шанталь Муфф на тэму «Афекты дэмакратыі» (The Affects of Democracy).
(Арганізатары: Дэпартамент сацыяльных навук ЕГУ, Мінскіа міжнародны адукацыйны цэнтр імя Ёханэса Раў, BEROC).
«У гэтай лекцыі я разгледжу найважную ролю, якую адыгрывае ў палітыцы тое, што я называю«жарсці» (“passions”), для абазначэння агульных афектаў, якія пастаўленыя на кон ў пабудове калектыўнай ідэнтычнасці. Абапіраючыся на ідэі Спінозы, Фрэйда і Вітгенштэйна, а таксама антаганістычную мадэль дэмакратыі, якую я распрацоўвала ў некалькіх сваіх тэкстах, я прааналізую прыроду нашага цяперашняга «постдэмакратычнага» стану і даследую, якія афекты неабходна мабілізаваць для стварэння калектыўнай волі, здольнай надаць новы імпульс дэмакратычным ідэалам», анансуе Шанталь Муфф.
12 чэрвеня.
Круглы стол «Давер у грамадстве і калектыўныя энергіі дэмакратычных пераўтварэнняў».
(Арганізатары: Міжнародная асацыяцыя гуманітарыяў, Лятучы ўніверсітэт).
Дыскусія, у якой прымуць удзел вядомыя беларускія навукоўцы і грамадскія дзеячы, будзе накіравана на высвятленне сувязі паміж (не)даверам у беларускім грамадстве і (не)здольнасцю грамадзян і асобных сацыяльных груп да самаарганізацыі і дзейных ініцыятываў у інтарэсах развіцця як сваіх лакальных супольнасцяў, так і краіны ў цэлым.
Удзел у круглым стале па папярэдняй рэгістрацыі.
Абвестка аб рэгістрацыі будзе апублікавана пазней.
Па дадатковых пытаннях можна звярунцца да Марыны Штрахавай па адрасе: mag@mag-iah.com.