STEM-падыход як асяродак для адукацыйных інавацый

07 лютага 2019

19 лютага адбудзецца наступнае паседжанне ўніверсітэцкага семінара. Выступоўца – Таццяна Вадалажская.

У снежні 2018 года па замове Асацыяцыі “Адукацыя для будучыні” было зроблена даследаванне, якое прадставіла ключавыя характэрыстыкі і тэндэцыі з’яваў, якія маюць агульную назву STEM-падыход у адукацыі. Кіраўніком даследвання была каардынатарка Лятучага ўніверсітэта Таццяна Вадалажская.

Даследаванне паказвае, што сёння гэтая назва – не строгі канцэптуальна забяспечаны падыход з вызначанымі межамі і рамкамі, гэта найперш агульны маркер для даволі шырокага спектру практык, уяўленняў, установак, тэхнік і метадаў, якія імкнуцца змяніць сучасны адукацыйны працэс у адпаведнасці выклікам часу (перш за ўсё рынкавым і сацыяльным). Гэтыя адказы на выклік тычацца як зместу адукацыі, так і асобных педагагічных тэхнік, як пытанняў агульных мэтаў адукацыйнага працэсу, так і вырашэння пэўных сацыяльных і культурных задач праз новыя падыходы ў школах.

Падчас семінара мы вылучым і разбярэм некалькі ключавых пытанняў, якія закранаюцца і разгортваюцца ў межах STEM-падыхода. Гэтыя ключавыя пытанні маюць сур’ёзны патэнцыял для далейшай распрацоўкі ў рэчышчы гістарычнай змены педагагічнай парадыгмы. Гэта пытанні рэалізацыі междысцыплінарнасці адукацыі, мэтаў адукацыі ці вобраза чалавека, які ёсць прадуктам адукацыйнага працэса, а таксама месца даследаванняў і распрацовак у адукацыйным працэсе.

Мы разгледзім тыя практычныя захады, што робяцца ў гэтых пытаннях і суаднясем іх з метадалагічнымі напрацоўкамі і практыкай Лятучага ўніверсітэта.

19 лютага (аўторак)

Падворак (вул. Баграціёна, 39)

Пачатак у 18-30

Уваход вольны!

Універсітэцкі семінар — гэта галоўнае месца і сродак самаразвіцця Лятучага ўніверсітэта. Ён існуе з 2009 года, ў ім нараджалася сама ідэя Лятучага. Мэты семінара – аналіз і рэфлексія нашага руху, абмеркаванне ідэй і прапановаў па развіцці, фармаванне супольнасці дзеля паўстання Ўніверсітэта ў Беларусі.

Персоны:
Падзеі:
Тэмы: