
Як ужо усім вядома Шведская акадэмія абрала лаўрэатам Нобелеўскай прэміі па літаратуры 2015 года нашу беларускую пісьменніцу Святлану Алексіевіч. Урачыстая цэрымонія ўзнагароджання лаўрэатаў адбудзецца 10 снежня ў Стакгольме.
Ініцятыва арганізацый “Цытуй сваё!”, у якую ўваходзяць Міжнародны кансорцыюм “ЕўраБеларусь”, грамадская культурніцкая кампанія “Будзьма беларусамі!”, Лятучы універсітэт, курсы беларускай мовы “Мова Нанова” і Беларускі Калегіюм, прапануе Вам адсвяткаваць такую важную падзею ў жыцці нашага грамадства ўсёй краінай.
Тэрміны флэшмобу: 10-13 снежня.
Пачнем флэшмоб у дзень урачыстай цэрымоніі ўзнагароджэння спадарыні Святланы і працягнем яго да Дня памяці святой Люцыі. Гэта старое каталіцкае свята, якое найбольш шырока адзначаецца менавіта ў Швецыі. Гэты дзень адначасова і сувязь з местам уручэння Нобеля, і ў той жа момант сувязь з нашым лаўрэатам, паколькі імя “Люцыя” у перакладзе азначае “святло”.
Дзе праводзім флэшмоб: любая публічная прастора ў любым месцы нашай краіны.
Хто можа далучыцца: любы жадаючы, як прыватная асоба, так і арганізацыя, якія хочуць павіншаваць Святлану і далучыцца да агульнага свята.
Што мы прапануем рабіць:
1) Арганізаваць прагляд прамой трансляцыі ўрачыстай цэрымоніі на публічнай пляцоўцы альбо разам з сябрамі (непасрэдна 10 снежня ў 16.30 па шведскім часе) альбо прагляд запісу цэрымоніі. Пад час трансляцыі прапануем упрыгожыць прастору свечкамі, як добрай асацыяцыяй з імём пісьменніцы і сімбалам свята, святла, нейкіх светлых падзей у краіне.
2) Перад альбо пасля прагляда можна арганізаваць чытанне ўрыўкаў з твораў спадарыні Святланы. Такія чытанні могуць быць арганізаваны і ў якасьці асобнага мерапрыемства.
3) У месцы прагляда (чытанняў) альбо у любым дасяжным для шырокага кола наведвальнікаў месцы было б добра арганізаваць “паштовую скрыню” альбо “куфэрак” для віншавання Святланы усімі ахвочымі. У гэтую скрыню любы жадаючы зможа пакласьці паштоўкі, лісты ці проста нейкую прыемную нататку з віншаваннем нобелеўскага лаўрэата. Скрыні могуць быць арганізаваныя з 10 снежня альбо нават раней і прастаяць у гэтым месцы да 24 снежня Пасля мы збярэм усё з гэтых скрыняў і перададзім Святлане ў якасьці віншавання ад усёй краіны.
4) У сацсетках любы ахвочы можа выкладаць свае відэаролікі, фотаздымкі ці проста віншаванні ўжываючы хэштэгі #nobelrazam і #нобельразам, а мы будзем іх збіраць у створаных пад флэшмоб суполках у Фэйсбуку
Дадзеная прапанова з нашага боку будзе ўсебакова інфармацыйна падтрымлівацца , а ўся арганізацыйная частка мерапрыемстваў-падзеі застаецца на адказнасьці тых, хто на яе адгукнецца.