Універсітэцкі семінар: “Праектаванне гадавой агульнаўніверсітэцкай гульні”

20 кастрычніка 2016

У мінулым годзе мы адкрылі другі ўзровень навучання ў Лятучым універсітэце – Школы магістраў гульні. Кожная з іх накіравана на супольную інтэлектуальную працу невялікіх групаў у шчыльнай камунікацыі з Настаўнікамі – беларускімі мыслярамі і інтэлектуаламі. Кожная з іх разгортвае сваю “гульню”, свой асабісты спосаб пабудовы мыслення і дзеяння, стварэння культуры і свету.

Кожная з школаў паступова выпрацавала свой стыль, утварыла супольнасць і распачала ўнутраныя інтэлектуальныя працэсы. Самы час сустрэцца на агульным полі гульні.

Што кожная школа можа прапанаваць у якасці інтэлектуальнага выкліка? Як прапануе арганізаваць супольнае мысленне?

Сёлетні ўніверсітэцкі семінар пераўтвараецца ў прастору сустрэчы школаў: прэзентацыі, каммунікацыі і супольнага мыслення.

8 лістапада адбудзецца першая сустрэча, якую ладзіць Метадалагічная школа магістраў гульні.

Тэма, якая будзе разглядацца: “Праектаванне гадавой агульнаўніверсітэцкай гульні. Першы этап”.

Мы даўно ўжо марылі пра штогадовыя гульні ва Універсітэце. І вось нарэшце ў нас ёсць шанец напрыканцы навучальнага года правесці такую гульню. Метадалагічная школа прапануе заняцца яе праектаваннем ужо зараз. Прынамсі, пачаць. І пачнем мы з вельмі важнага пытання – з вызначэння тэмы. Слухачы школы бяруцца за арганізацыю гэтага супольнага працэсса мыслення з выкарыстаннем тых ведаў і падыходаў, якія яны засвойваюць у школе.

На семінар запрашаюцца ўсе чальцы калегіюма Лятучага, слухачы ўсіх школ, а таксама актыўныя ўдзельнікі ўніверсітэцкай супольнасці, зацікаўленыя ў развіцці ўніверсітэта.

Універсітэцкі семінар адбудзецца 8 лістапада (аўторак) на Падворку (вул.Баграціёна, 39).

Пачатак а 18.30.

УЛАДЗІМІР МАЦКЕВІЧ — #ФІЛОСАФ_У_ТУРМЕ
Свабодную думку немагчыма пасадзіць у турму!
Напішыце каментар