Універсітэт і сучаснасць: Лятучы запрашае на прэзентацыю Праграмы

09 жніўня 2014

УНІВЕРСІТЭТ І СУЧАСНАСЦЬ

Лятучы запрашае на адкрыццё ўніверсітэцкага году і прэзентацыю Праграмы на 2014-2015 г.г.
9 верасня а 18.30
прастора ЦЭХ

Якімі межамі мы задаем і вызначаем сучаснасць? З дапамогай якіх сродкаў рэалізуем сябе ў ёй? На якой мове разумеем, тлумачым і вызнаем? Без адказу на гэтыя пытанні немагчыма распачаць працу Ўніверсітэта. 

9 верасня 2014 г. Лятучы абвяшчае пра пачатак новага ўніверсітэцкага году і запрашае да ўдзелу ўсіх зацікаўленых справай Універсітэта і мыслення разам, каб зарыентавацца ў прасторы і часе, у актуальных пытаннях і магчымасцях адказаў на іх – у тым, ЯК, ДЗЕ, З КІМ і ЯКІМ ЧЫНАМ суаднесці сябе, час і грамадства.
У межах імпрэзы Лятучага вы будзеце мець магчымасць пачуць уяўленні, развагі і пытанні, з якімі распачынаюць працу ў новым годзе чальцы калегіума Лятучага, абмеркаваць планы і магчымасці рэалізацыі сябе і сваіх інтэлектуальных памкненняў, бліжэй пазнаёміцца з выкладчыкамі і саўдзельнікамі ў будучай працы.

Традыцыйна на сустрэчы можна будзе даведацца пра новую Праграму на 2014-2015 г.г. Арганізатары прадугледжваюць і нефармальную частку – мажлівасць непасрэднага сумоўя за кавай-гарбатай у асяроддзі лектараў курсаў і публічных лекцый, вядучых школ і семінараў, арганізатараў універсітэцкіх пляцовак.

Імпрэза з нагоды пачатку ўніверсітэцкага году ў Лятучым “Універсітэт і сучаснасць” адбудзецца 9 верасня а 18.30 у прасторы ЦЭХ (пр-т Незалежнасці, 58/к.6, праход праз вул. П. Броўкі) . Уваход вольны!

Каардынатар: Галіноўская Юлія: +375297422040; flyuniby@gmail.com

УЛАДЗІМІР МАЦКЕВІЧ — #ФІЛОСАФ_У_ТУРМЕ
Свабодную думку немагчыма пасадзіць у турму!
Напішыце каментар