
8-11 траўня, Цэнтр сучасных мастацтваў (Някрасава, 3)
14:00 Аляксандр Сарна. Майстар- клас па перформансу
Паспрабуем “ўлезці” ў шкуру «перформера» і паспрабаваць, што і як! Гледачам будзе прадастаўлена магчымасць самім паспрабаваць свае сілы ў засваенні аднаго з самых запатрабаваных жанраў актуальнага мастацтва. Мы будзем спрабаваць і шукаць сябе ў інтэрактыўным фармаце па трох накірунках – уласнае цела, даступны рэквізіт, а таксама тыя, хто побач, – іншыя гледачы.
// Аляксандр Сарна, філосаф, перформер і медыя-тэарэтык //
16:00 Дзмітрый Масцяніца (Беларусь). Майстар- клас па пластыцы мяккага цела
Разам з Дзмітрыем будзем даследаваць узаемасувязі цялеснай свабоды і свабоды псіхалагічнай у рэжыме сустрэчы-гутаркі з практычнымі элементамі.
// Дзмітрый Масцяніца, рэжысёр эксперыментальнага тэатра «Eye» //
20:30 Фларыяна Габер.«Вулічны тэатр Еўропы ўчора і сёння»
На форуме Фларыяна Габер прачытае адкрытую лекцыю аб стане вулічных мастацтваў у Еўропе і ў Францыі, у прыватнасці. Эксклюзіўны пераклад аднаго з крытычных артыкулаў Фларыяны можна прачытаць у IX выпуску альманаха «Дзверы» www.dverifest.org
// Пры падтрымцы пасольства Францыі ў Рэспубліцы Беларусь
Фларыяна Габер, прафесійны крытык вулічных мастацтваў, аўтар двух
манаграфій па гісторыі вулічнага мастацтва, Францыя //
13:00 Ігар Духан. Лекцыя «Тэатр і прастора: Леон Бакст»
Лекцыя будзе прысвечана Леону Баксту, які нарадзіўся ў Гродна, а сваю славу здабыў як мастак «Рускіх сезонаў» Сяргея Дзягелева. Працы Леона Бакста сталі не толькі з’явай тэатральнага мастацтва, але і важным фактарам мастацкіх традыцый ХХ стагоддзя. Стыль Бакста знайшоў свой працяг нават у тэндэнцыях парыжскай моды таго часу.
У тэатры Леона Бакста неакласіцызм увайшоў у парадаксальныя і нечаканыя судатыкненні з арыентальнымі матывамі і крыцкімі палацавымі вобразамі. У лекцыі будзе паказана сувязь прасторы і цела ў тэатральнай сцэнаграфіі Бакста, пластычнае развіццё вобразу мадэрнісцкіх жанчын – Тамары Карсавінай і Іды Рубінштэйн .
// Ігар Духан, загадчык кафедры мастацтваў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, доктар філасофскіх навук, канд. архітэктуры. Член Еўрапейскага таварыства культуры, Міжнароднага і Беларускага саюза дызайнераў, Беларускага Саюза архітэктараў, Акадэміі архітэктуры і інш.//
15:00 Ганна Выгонная. Майстар -клас: «Чароўная скрыня Батлейка»
«Батлейка – чароўная скрыня» – лялечны тэатр для народа? Як у батлейцы – Віфлеемцы паказаная мадэль сусвету? Якім чынам гэты лялечны тэатр захаваў традыцыі сярэднявечных містэрый? Што ёсць агульнага паміж батлеечнымі інтэрмедыямі і іезуіцкім школьным тэатрам? Чаму самая старажытная батлейка «Ельнінскі вяртэп» захоўваецца ў Маскоўскім музеі? Якім чынам у канцы ХХ стагоддзя адноўлены народны тэатр ператварыўся ў любіцельскі тэатр інтэлігенцыі? Як у Мірскай батлейцы ажылі падзеі з гісторыі Міра і Нясвіжу? Што ёсць агульнага паміж старадаўняй лялечнай скрыняй і сучасным 5D? У межах майстар-класа будзем разам шукаць адказ на гэтыя пытанні.
// Выгонная Ганна Альбертаўна, мастак-рэстаўратар, аматар «Мірскай Батлейкі» //
10 траўня
11:30 Уладзімір Мацкевіч. Лекцыя «Тэатр і пачатак еўрапейскага мыслення»
Місія і задача сучаснага тэатра не ў тым, каб зноў стаць агульнанароднай забавай, у наш час у людзей досыць забаў і без тэатра. Місія тэатра ў іншым – у развіцці свядомасці і інтэлектуальных здольнасцяў чалавека . Менавіта інтэлектуальных, складовай часткай якіх з’яўляецца эстэтыка і пачуццё густу, але толькі чаcткай. А яшчэ ёсць рэфлексія, і эмпатыя, і разуменне. У Старажытнай Грэцыі, у Сярэднявеччы тэатр не проста забаўляў. Чалавецтва праз тэатр вучылася адрозніваць ролі і выканаўцаў, міфалагічныя сюжэты і іх падабенства ў штодзённым жыцці, вучылася аналізаваць пачуцці іншых людзей, іх матывы і ўчынкі. Сучасны тэатр павінен і можа рабіць тое ж самае.
Тэатр не толькі вучыць, але і сам вучыцца – даследуе, прэпаруе і аналізуе сучаснага чалавека, які адрозніваецца ад чалавека былых часоў. Пра тое, як тэатр рабіў усё гэта ў мінулым, як ён робіць гэта цяпер, і пойдзе гаворка ў нашым абмеркаванні.
// Уладзімір Мацкевіч, філосаф, метадолаг, стваральнік Лятучага ўніверсітэта //
14:00 Аляксандр Сарна. Лекцыя «Крэатыў пад адкрытым небам»
Магчымасць арт- інтэрвенцый сёння выяўляецца як у разнастайнасці формаў мастацкага актывізму (стрыт -арт, перформансы і хэпэнінг, вулічны тэатр), так і паўсядзённых практык (гарадскі рух і псіхагеаграфія).
На лекцыі будзе зроблена спроба ацаніць сучасную сітуацыю ў паблік- арт у сувязі з перафарматаваннем самой публічнай прасторы пад уплывам новых медыяў.
// Аляксандр Сарна, кандыдат філасофскіх навук, філосаф і медыя -тэарэтык //
12:00 Сяргей Харэўскі. Лекцыя «Гарадская прастора як культурны канструкт беларускай ідентычнасці»
Горад, мастацтва і паўставанне нацыі. Як звязаныя паміж сабой гэтыя рэчы? Сяргей Харэўскі сцвярджае, што Мінск — гэта город мастакоў і мастацтва, а мастасцтва — гэта і ёсць падмурак гарадской культуры, неабходны інгрыдзіент гарадскога жыцця і камунікацыі, вулічнай культуры. А ў сваю чаргу гарадская культура — ёсць аснова нацыянальнай ідэнтычнаці і еднасці. Вось такі ланцужок.
Пра тое, як праз развіццё мастацва і грарадской культуры паўставала беларуская нацыя, можна будзе пачуць на лекцыі Сяргея Харэўскага.
// Сяргей Харэўскі, беларускі літаратар, гісторык мастацтва і культуролаг //