
Лекцыя «Будучыня Беларусі як праекцыя цяперашняга» адбудзецца 8 лютага ў галерэі «Новы дзень» (Няміга, 36, уваход праз рэстаран NEWMAN). Пачатак а 18.30.
Пра будучыню можна разважаць па-рознаму і ў розных фарматах. Да прыкладу, яго можна спрабаваць адгадваць, як гэта робяць прадказальнікі і астролагі, можна прыдумляць і фантазіяваць, падобна пісьменнікам-фантастам; будучыню можна прагназаваць – і гэтым займаюцца навукоўцы, эксперты … У кожнага з гэтых спосабаў ёсць свае асаблівасці і кантэксты ўжывання, і да кожнага з іх трэба мець адэкватнае стаўленне. Аднак даволі часта мы забываем пра гэта, прымаючы фантастычныя байкі за прагнозы, ставячыся да абяцанняў палітыкаў як да рэальных сцэнараў развіцця падзей, а да прагнозаў вучоных і экспертаў – як да варажбы на каве або, наадварот, як да выяўлення аб’ектыўных і нязменных законаў, што раз і назаўжды вызначаюць нашу будучыню.
8 лютага Лятучы універсітэт запрашае на лекцыю цыклу «Urbi et Orbi», на якой вядомы сацыёлаг, прафесар ЕГУ Алег Манаеў прапануе сваё бачанне будучыні краіны – “Будучыні Беларусі як праекцыі цяперашняга”. Тыя версіі будучыні, якія зыходзяць ад беларускіх уладаў і апазіцыі, на думку лектара, скажаюць рэальныя перспектывы развіцця краіны, паколькі і мадэрнізаваная савецкая мадэль, якая абапіраецца на гісторыю БССР, і мадэрнізаваная мадэль нацыянальнай дзяржавы, якая грунтуецца на гісторыі ВКЛ-БНР, выбудоўваюць будучыню як праекцыю мінулага.
Алег Манаеў прапануе прынцыпова іншы ход разважанняў, разглядаючы магчымыя сцэнары развіцця Беларусі на аснове аналізу важнейшых асаблівасцяў сучаснага беларускага грамадства.