
Гэтай вясною было нямала нагод для рэфлексіі таго, як развіваецца ў Беларусі сфера мастацкага і навуковага перакладу. У межах фестывалю “Шэнгенка” было зладжана некалькі кніжных прэзентацый, а Лятучы ўніверсітэт у партнёрстве зБеларускай філасофскай прасторай і кнігарняй “логвінаЎ” на публічнай дыскусіі паспрабаваў абмеркаваць мажлівасці выпрацоўкі агульнай стратэгіі развіцця перакладаў на беларускую мову.
І вось новая нагода – выхад кнігі выбраных перакладаў Андрэя Хадановіча “Разам з пылам”. У тым, што кніга выходзіць месяцам пазней, можна ўбачыць сваю логіку – гэтая падзея выбіваецца з шэрагу сакавіцкіх прэзентацый сваім відавочным акцэнтам на асобе перакладчыка. Тым самым, кніга падкрэсліла актуальную тэндэнцыю, якая добра пазначана ў рэцэнзіі Ганны Янкуты: “Апошнім часам усё часцей усплывае думка пра тое, што перакладчыкі, якія доўгі час былі ў цені сваіх аўтараў, пачынаюць паціху выпаўзаць у свет, каб нагадаць яму, гэтаму свету, пра сваё існаванне і пра сваю ролю ў станаўленні нацыянальнай літаратуры. Бо, фактычна, перакладчыкі не так знаёмяць чытачоў з творамі тых ці іншых замежных аўтараў, як распрацоўваюць сваю ж мову, прышчапляюць сваёй жа літаратуры новыя стылі і тэхнікі пісьма, “прыкрываючыся” чужым імем”. І нібы пацвярджаючы гэтыя словы, Андрэй Хадановіч кажа ўінтэрв’ю напярэдадні сваёй публічнай лекцыі: “Пераклад – гэта не проста камунікацыя, гэта спосаб паўплываць на сучасны табе стан мовы. Справакаваць творчую актыўнасць тут і цяпер”.
Выхад перакладчыка з “ценю сваіх аўтараў” змяняе растаноўку пазіцый, па-іншаму пазначае ролю і месца перакладу ў нацыянальнай культуры і задае новыя, цікавыя ракурсы для рэфлексій актуальнага стану і праблематыкі беларускага перакладу.