У ХХ стагоддзі Мінск перажыў маштабныя трансфармацыі, якія відавочна па-новаму сфарміравалі само цела гораду, радыкальна змянілі ягонае аблічча. У выніку пасляваеннай рэканструкцыі ў горадзе быў пабудаваны своеасаблівы архітэктурны ансамбль у стылі неакласіцызму, які стаў адыгрываць горадаўтваральную ролю. Сённяшні праспект Незалежнасці ўяўляе сабой кампазіцыю з прадуманым рытмам, скразным прапарцыянаваннем, дакладна знойдзеным масштабам адносін трасы, аб’ёмаў будынкаў, архітэктурна-дызайнерскіх дэталяў.
Канешне, можна сустрэць рознае стаўленне да неакласічнай архітэктуры савецкіх часоў, да ролі і месца праспекта Незалежнасці, у прыватнасці. Але нельга не лічыцца з тым, што гэта ўжо стаўшая рэальнасць гораду, якая паўплывала не толькі на яго аблічча, але і на паўставанне новай ідэнтычнасці беларусаў. Асэнсаванне гэтага выходзіць па-за межы канкрэтных архітэктурна-мастацкіх стылёвых катэгорыяў і патрабуе філасофскай інтэрпрэтацыі.
Што натхняла аўтараў праекту сённяшняга Праспекта Незалежнасці на такія глабальныя перабудовы? Якое ўяўленне пра прыгожае, эстэтыку, шчасце было пакладзена імі ў падмурак канцэпцыі новага гораду? У чым сутнасць гэтай логікі формаўтварэння? Сёння, калі буйнымі тэмпамі разгортваецца інвестыцыйнае будаўніцтва, якое закранае таксама і магістраль Праспекта, адказы на гэтыя пытанні становяцца вельмі актуальнымі.
5 красавіка Лятучы ўніверсітэт запрашае ў Галерэю Ў на лекцыю вядомага архітэктара, тэарэтыка мастацтва, аўтара шматлікіх тэкстаў на тэму стратэгій сучаснага мастацтва, філасофіі дызайна і архітэктуры Ігара Духана “Карціны шчасця. Неакласіцызм у ХХ-ХХІ стагоддзі”. Лектар прапануе разгледзець лёсы класічнага ў мадэрнізме і постмадэрнізме ў сітуацыях творчасці Роберта Адама ў Лондане і Эдынбургу, Шынкеля ў Берліне, праспэкту Незалежнасці ў Мінску, Рымскага дома Міхаіла Філіпава ў Маскве. Пачатак а 18.30. Уваход вольны!