Што б мы ні казалі пра тое , што чалавек нашмат больш гарманічна адчувае сябе ў сваім натуральным асяроддзі – у прыродзе , рэаліі сённяшняга жыцця паказваюць , што нам дастаткова цяжка і складана было б адмовіцца ад усіх тых дабротаў, якія нам дало развіццё тэхналогій. Узяць нават самы звычайны прыклад : зусім нядаўна мабільны тэлефон быў практычна ўнікальным, сёння без яго не абыходзіцца нават самая пажылая бабуля . Пры гэтым мы рэдка аддаемся рэфлексіі таго , наколькі хутка , дзякуючы росту тэхналогій , нядаўнія фантазіі пісьменнікаў- фантастаў становяцца фактамі нашага жыцця. Не задумваючыся пра тое , якія наступствы могуць чакаць нас у будучыні , аднойчы раніцай мы можам прачнуцца і апынуцца ў зусім іншай рэальнасці – адрознай ад той, да якой мы прызвычаіліся.
З ростам тэхналогій адны звязваюць перспектывы развіцця чалавецтва і здабыццё неўміручасці , іншыя – выказваюць асцярогі і кажуць пра пагрозу знікнення чалавека як віду . Верагодна , тут не можа быць адназначных і прамых адказаў. Сапраўды, з аднаго боку , тэхналогіі могуць служыць на карысць чалавецтву : да прыкладу , дапамагчы ў вырашэнні многіх сучасных экалагічных праблем – такіх як выкід шкодных для навакольнага асяроддзя адходаў . Разам з тым, у выніку мы можам апынуцца ў свеце, дзе чалавек ужо будзе не патрэбны – штучны інтэлект будзе жыць па сваіх правілах , для сябе. Людзі перастануць быць гаспадарамі гэтага свету , ператварыўшыся з жыхароў планеты ў жыхароў выдатных запаведнікаў . Ці хочам мы такой будучыні? Эколагі кажуць , што, на жаль , такая перспектыва значна бліжэй да нас , чым нам здаецца . Такія перасцярогі могуць падавацца чымсьці з вобласці фантастыкі і кіно. Але, як паказвае рэальнасць , фантазіі досыць хутка і нечакана для нас могуць стаць тэхналагічна ажыццяўляльнымі рэчамі .
Пра перспектывы будучыні нам прапануе паразважаць эколаг , грамадскі дзеяч Ірына Сухій на бліжэйшай публічнай лекцыі цыкла «Urbi et Orbi» Лятучага ўніверсітэта. У інтэрв’ю напярэдадні лекцыі спадарыня Ірына сказала : «У мяне няма адназначных адказаў на ўсе гэтыя пытанні і выклікі. Я прапаную на лекцыі разам паглядзець на нашу будучыню і прадставіць , чаго б мы хацелі . І , можа быць , потым паступова пачаць гэта рабіць» .
Лекцыя « Рэйманд Курцвайль супраць Дэніса Медаўза , або Неўміручасць ўжо у 2045 ці крызіс цывілізацыі – новае «сярэднявечча» адбудзецца 25 кастрычніка ў галерэі Ў , пачатак а 18.30. Уваход вольны. Для жадаючых будзе даступная online -трансляцыя лекцыі.
Лекцыя праводзіцца пры падтрымцы міжнароднага кансорцыюму “Еўрабеларусь”
Інтэрв’ю з лектарам напярэдадні : Эколаг Ірына Сухій: “Нашыя людзі звычайна прачынаюцца, калі пад іх домам ставяць плот, каб будаваць шкодны завод”