“URBI ET ORBI” у Магілеве: М.Жбанкоў

23 красавіка 2013

Што сабой уяўляе актуальны стан беларускай культуры? Мы бачым размытасць панятку “мы” – а ці можна знайсці прыклады, калі нашае ўяўленне пра “мы” было адзіным? У якіх формах, фарматах становіцца мажлівай адбудова якасна новай культурнай сітуацыі? Чым становіцца беларускасць у постнацыянальным кантэксце?

 

27 красавіка Лятучы ўніверсітэт запрашае жыхароў “культурнай сталіцы СНД і Беларусі” да разважання пра тры хвалі айчыннай посткамуністычнай культурнасці: рамантычна-нацыяналістычную, змагарска-партызанскую і постідэалагічна-нібыта-еўрапейскую. З публічнай лекцыяй у межах цыкла Urbi et Orbi у магілёўскім “Тэхнапарку” выступіць культуролаг, выкладчык, публіцыст, тэле- і радыёвядучы Максім Жбанкоў.

Лектар разглядае наяўную беларускую культуру як парад мутацый знешніх культурніцкіх кодаў на глебе траўматызаванай нацыянальнай сьвядомасці. “Жыццё пасля нацыі” праяўляе сябе ў прыватызацыі культурнай прасторы, дзе ідэялягічна ангажаваныя субкультурныя гета трансфармуюцца ў лакальныя крэатыўныя суполкі. Беларускасць, такім чынам, пераўтвараецца з умоўнай гіперматрыцы ў мадэль да складання.

Лекцыя “Тры хвалі белкульту: жыццё пасля нацыі” пачнецца 27 красавіка а 16.00 у “Тэхнапарку” (вул. Ленінская, 63, зала 807).

Запрашаем усіх зацікаўленых.

Уваход вольны!

УЛАДЗІМІР МАЦКЕВІЧ — #ФІЛОСАФ_У_ТУРМЕ
Свабодную думку немагчыма пасадзіць у турму!
Напішыце каментар