“URBI ET ORBI” у Магілёве: А.Краўцевіч

22 лютага 2013

У другой палове 19 ст. маладыя нацыяналізмы Цэнтральна-Усходняй Еўропы паступова падыходзілі да праграмы будовы ўласнай нацыянальнай дзяржавы, якую імкнуліся прадставіць як працяг новачаснай ці сярэднявечнай дзяржаўнай традыцыі. Аб’ектам зацятага ідэалагічнага змагання стала спадчына шматэтнічнай сярэднявечнай дзяржавы – Вялікага Княства Літоўскага, на якую заявілі прэтэнзіі ідэолагі польскага, расейскага, летувіскага, беларускага і (у меншай ступені), украінскага нацыяналізмаў.

Польска-расейская дыскусія пачалася з паразай паўстання 1863 – 1864 г. і насіленнем русіфікацыі “Паўночна-Заходняга краю”. Расейцы акрэслілі ВКЛ як “літоўска-рускую дзяржаву”, палякі – як выключна летувіскую, якая праз унію з Польшчай стала часткай апошняй. Летувісы і беларусы ўключыліся ў дыскусію пазней, у пачатку 20 ст. і выкарыстоўвалі працы расейскіх і польскіх гісторыкаў ва ўласнай інтэрпрэтацыі.

У міжваенны перыяд у незалежнай Летуве канцэпцыя ВКЛ як выключна летувіскай дзяржавы стала важнейшай часткай дзяржаўнай ідэалогіі. Беларусы і украінцы ўласныя дзяржавы абараніць не змаглі і забраць голас у дыскусіі не мелі магчымасці.

Пасля Другой сусветнай вайны савецкая гістарыяграфія прыняла канцэпцыю летувіскасці ВКЛ, а беларусаў прызнала ахвярай летувіскай экспансіі, з-пад якой іх вызваліла Расея. Пасля падзення Савецкага Саюзу сфармавалася ўласна беларуская інтэрпрэтацыя гісторыі ВКЛ, як працягу традыцыі дзяржаўнасці Полацкага і Тураўскага княстваў. Гэтая канцэпцыя дамінуе ў краіне, нягледзячы на процідзеянне ідэолагаў прарасейскага рэжыму.

2 сакавіка Лятучы ўніверсітэт запрашае даведацца пра гісторыю змагання за спадчыну буйнейшай дзяржавы еўрапейскага сярэднявечча з вуснаў вядомага беларускага гісторыка-медыевіста, доктара гістарычных навук Алеся Краўцевіча. Публічная лекцыя цыкла “Urbi et Orbi” на тэму “Вялікае Княства Літоўскае. Гісторыя і нацыяналізм” пачнецца а 16.00 у Магілёўскім “Тэхнапарку” (зала 807).

Пасля лекцыі адбудзецца прэзентацыя новай кнігі Алеся Краўцевіча “Гедымін. Каралеўства Літвы і Русі (1316-1341)”, у якой возьме ўдзел ілюстратар выдання – мастак Ігар Гардзіёнак. Кніга выйшла на дзвюх мовах – беларускай і англійскай, усе ілюстрацыі паказваюць аўтэнтычныя рэчы і тагачасную матэрыяльную атрыбутыку. Кансультацыі па выявах рабіў буйнейшы знаўца зброі ВКЛ прафесар Юрась Бохан. Кніга распавядае пра біяграфію манарха, які ўпершыню аб’яднаў у адной дзяржаве ўсе гістарычныя землі Беларусі: Літву, Палессе, Полаччыну, Віцебшчыну, Тураўшчыну, Магілёўшчыну, Берасцейшчыну і Гарадзеншчыну. Гэта адбылося прыкладна ў 40-я гады ХІV стагоддзя. І менавіта гэтае аб’яднанне загарантавала паспяховы этнагенэз беларусаў.

Запрашаем усіх зацікаўленых. Уваход вольны!

Інфармацыя пра лектара і арганізатараў:

Алесь Краўцевіч. Археолаг, гісторык-медыевіст, доктар гістарычных навук. Даследуе сярэднявечную і новачасную гісторыю Беларусі.Нарадзіўся 13.09.1958 г. у вёсцы Лупачы Мастоўскага раёна на Гарадзеншчыне. Закончыў гістфак БДУ (1981 г.), аспірантуру Інстытута археалогіі АН СССР, г. Масква (1984 г.), дактарантуру БДУ (1999 г.). У 1996 – 1997 г. праходзіў навуковую стажыроўку ў Ягелонскім універсітэце ў Кракаве. Ад 1999 г. выкладае ў беларускіх і польскіх ВНУ. Аўтар шэрагу навуковых і навукова-папулярных кніг.

УЛАДЗІМІР МАЦКЕВІЧ — #ФІЛОСАФ_У_ТУРМЕ
Свабодную думку немагчыма пасадзіць у турму!
Напішыце каментар