20 сакавіка 2013
Незалежнай Беларусі ўжо 22 гады. Ці можна казаць пра наяўнасць у яе свайго, пазнавальнага стылю? Наколькі лёгка альбо складана яго вызначыць? У магілёўскім цыкле публічных лекцый сезона 2012-2013 пытанні беларускага стылю, беларускай традыцыі падымалася ўжо неаднаразова – узгадаем лекцыі філосафа Ігара Бабкова, дызайнера Міхала Анемпадыстава. Лятучы ўніверсітэт прапануе разгледзець яшчэ адзін аспект гэтай тэмы і паразважаць пра беларускі стыль, увасоблены ў эстэтыцы беларускага кіно часоў незалежнасці.
“Вайна сімвалаў, гульні трэша – і самыя незвычайныя прадукты на экспарт. Што агульнага паміж беларускаю філасофіяй, шынэльнай кінаэротыкай і Нацыянальнай бібліятэкай? Бульба-хорар, 75% музыкі і беларускія Гары Потэры,”- пра гэта ўдзельнікі публічных лекцыі “Urbi et Orbi” маюць мажлівасць пачуць 23 сакавіка, а 14.30 на лекцыі “Загадка сучаснага беларускага стылю” вядомага культуролага, кінакрытыка Андрэя Расінскага. Традыцыйна лекцыя будзе праходзіць у “Тэхнапарку” (заля 807).
Прапануем Вашай увазе тэзісы лекцыі:
- У дзяржавах з моцнай уладай звычайна ўсталёўваецца пазнавальны стыль. Ці ёсць такавы ў сучаснае Беларусі? Вызначыць яго складана; ці іх некалькі; ці, увогуле, яны ёсць? І чаму з гэтым такія цяжкасці?
- Культура незалежнае Беларусі мела некалькі стадый, кожная з якіх спараджае свае выразныя формы: а) адраджэнскі перыяд да 1995 году; б) перыяд панславізму да 2001; в) перыяд умацавання “дзяржаўнай ідэалогіі” да 2007; г) з 2010? (брак грошай на ўсё)
- У кіно можна вылучыць тры плыні: а) панславісцкую (западнорусскую); б) кіно без месту; в) беларусацэнтрычную.
- Падобныя падзелы маюцца ў беларускім мысленні (філасофія); гістарычнай навуцы
- Даміноўная “западнорусская” і “без-мястоўная” эстэтыка.На Нацыянальнае кінастудыі да 2008 году пераважалі фільмы, якія можна назваць трэш-афіцыёзнымі.
- Феномен трэшу ў беларускай культуры – і экспарт трэшу ў Расею. Трэш-афіцыёз, як а) гэбэфілія, мілітарнасць; б) шынэльная эротыка; в) змястоўная і фармальная бязладнасць. Глабальная праблема з адрасатам. Спроба стварэння “папсы” зверху. Трэш-літаратура: Чаргінец, Рубінаў. Нацыянальная бібліятэка. Трэш і постмадэрнізм.
- Карнавальнасць і цыркуляцыя трэшу. Прыгода песні гурта “Рокер-Джокер”.
- Паноўны сучасны стыль – трэш. Тып камунікацыі – адмысловы – “збойная” (хібная, папаабрыўная): мэта камунікацыі – “акупацыя” каналу камунікацыі.
Запрашаем усіх зацікаўленых. Уваход вольны!
Падзяліцца
Падзяліцца
Падзяліцца