Віцебская гісторыя сусветнай культуры. Прэв’ю курса

22 кастрычніка 2020

Віцебская гісторыя сусветнай культуры: А1 і «Лятучы ўніверсітэт» запускаюць курс пра УНОВІС анлайн і на VOKA

У падтрымку праекта #UNOVIS100 кампанія А1 і адукацыйная медыяплатформа «Лятучы ўніверсітэт» падрыхтавалі бясплатны анлайн-курс «УНОВІС: віцебская гісторыя сусветнай культуры». Пяць лекцый даступныя да папярэдняга прагляду на відэасэрвісе VOKA, пачынаючы з 22 кастрычніка.

Адукацыйны курс «УНОВІС: віцебская гісторыя сусветнай культуры» распрацаваны спецыяльна для 100-гадовага юбілею аб’яднання, каб ва ўсіх ахвотных была магчымасць бліжэй пазнаёміцца з творчасцю прадстаўнікоў супрэматызму, якія праславілі Беларусь і змянілі гісторыю мастацтва.

Пяць лекцый, прысвечаных гісторыі і значэнню мастацкага аб’яднання УНОВІС, з 22 кастрычніка можна глядзець на відэасэрвісе VOKA бясплатна і без рэгістрацыі. Поўная праграма курса, якая складаецца з дзевяці тэм з 12 відэалекцыямі, будзе адкрыта на медыяплатформе «Лятучы ўніверсітэт» 28 кастрычніка.

Кожная частка змяшчае відэалекцыі доктара мастацтвазнаўства Таццяны Катовіч, а таксама мастака Адама Глобуса, дызайнера Алены Карпілавай і дырэктара Музея гісторыі Віцебскага народнага мастацкага вучылішча Андрэя Духоўнікава. Усе модулі дапоўнены падборкамі літаратуры, архіўнымі гістарычнымі фотаздымкамі і анлайн-рэпрадукцыямі знакамітых карцін дзеячаў УНОВІСа.

Адукацыйны курс распрацаваны ў рамках праекта #UNOVIS100, у рэалізацыі якога кампанія А1 бярэ актыўны ўдзел на працягу 2020 года, каб прадставіць УНОВІС і яго спадчыну шырокай аўдыторыі як у Беларусі, так і за яе межамі.

Да канца 2020 года на VOKA таксама даступны да прагляду дакументальны фільм «УНОВІС» рэжысёра Яўгена Сяцько, прысвечаны гісторыі аб’яднання і творчасці яго мастакоў. Глядзець лекцыі і фільм можна на сайце voka.tv ці ў мабільнай праграме VOKA – у любы час, з любой прылады і ў сетцы любога аператара.

Даведка

Галоўныя мерапрыемствы праекта #UNOVIS100 былі арганізаваны Музеем гісторыі Віцебскага народнага мастацкага вучылішча, Цэнтрам беларуска-яўрэйскай культурнай спадчыны і кампаніяй А1 у дні стагоддзя УНОВІС у лютым 2020 года. У Віцебску адкрылася выстаўка Давіда Якерсона, была прэзентавана спецыяльная серыя мастацкіх канвертаў да юбілею аб’яднання, а таксама адбылася прадстаўнічая міжнародная навукова-практычная канферэнцыя, якая сабрала даследчыкаў гісторыі і дзейнасці УНОВІСа з Беларусі, Германіі, Нідэрландаў і Расіі. У Мінску ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь прайшла першая ў краіне выстаўка Лазара Хідэкеля «Нас зразумеюць праз сто гадоў». У кастрычніку 2020 года Мінскі гадзіннікавы завод «Луч» і А1 выпусцілі лімітаваную серыю гадзіннікаў, натхненнем для якой стала спадчына аб’яднання. Праект #UNOVIS100 рэалізуецца пад патранатам Нацыянальнай камісіі па справах ЮНЕСКА ў Беларусі.