Інстытут палітычных даследаванняў «Палітычная сфера» абвяшчае даты і месца правядзення VIII Міжнароднага Кангрэса даследчыкаў Беларусі.
Галоўная беларуская акадэмічная падзея адбудзецца 27-29 верасня 2019 года ў Вільні. Асноўным акадэмічным партнёрам Кангрэса выступіць Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт (ЕГУ).
Традыцыйна на Кангрэс збяруцца звыш 500 навукоўцаў і экспертаў з Беларусі і замежжа, чакаюцца дыскусіі і прэзентацыі, а таксама наданне Прэміі за найлепшыя навуковыя публікацыі і студэнцкія працы па вынікам 2018 года.
Дырэктар Інстытута «Палітычная сфера» д-р Андрэй Казакевіч адзначае: «Рады запрасіць даследчыкаў, партнёраў і гасцей з усяго свету на 8-мы Міжнародны кангрэс даследчыкаў Беларусі ў Вільню. Гэта ўнікальная магчымасць далучыцца да самай вялікай навуковай і экспертнай падзеі, прысвечанай Беларусі, і прадставіць вынікі сваёй працы сотням беларускіх і замежных удзельнкаў. Дзякуючы партнёрству з нацыянальнымі, рэгіянальнымі і глабальнымі асяродкамі, Кангрэс прадстаўляе выдатную магчымасць для ўсталявання новых прафесійных сувязяў, абмеркавання праектаў, абмену ідэямі і досведам».
Акадэмічнымі партнёрамі таксама выступяць Універсітэт Вітаўта Вялікага і шэраг іншых акадэмічных устаноў. Плануецца, што частка імпрэз Кангрэса адбудуцца ў Ратушы і іншых месцах Старога горада Вільні.
Першы Міжнародны кангрэс даследчыкаў Беларусі адбыўся ў 2011 годзе. З 2011 па 2016 гады Кангрэс праходзіў у Коўне, у 2017 годзе — у Варшаве. У 2018 па тэхнічных прычынах Кангрэс не змог адбыцца ў Мінску, і было прынята рашэнне пра перанос 8-ага Кангрэса на 2019 год.
Папярэдні план падрыхтоўкі Кангрэса
Кантактныя асобы для медыя:
д-р Андрэй Казакевіч, інстытут «Палітычная сфера», kazakevich@palityka.org, icbs@palityka.org
Максімас Мілта, Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт, https://be.ehu.lt, maksimas.milta@ehu.lt