Школа для рэгіянальных ініцыятываў “Public space. Мой горад – мая  прастора”

03 лістапада 2020

МГА “ЕўраБеларусь” і Лятучы ўніверсітэт запрашаюць на адукацыйную праграму. Мэта праграмы – развіццё ініцыятываў, што працуюць з грамадскімі прасторамі ў малых і сярэдніх гарадах Беларусі. Заяўкі прымаюцца да 18 лістапада 2020 года.

Сёння публічныя прасторы сталіся аднымі з галоўных кропак развіцця грамадства.  Двары, паркі і плошчы, кавярні і культурныя цэнтры – усё гэта месцы сустрэчы гараджанаў, месцы фармавання супольнасцяў, фармулявання сваіх інтарэсаў і дыялогу паміж рознымі людзьмі. Гэта кропкі напружання і энергіі гарадскога і грамадскага жыцця.

Актуальныя ўмовы – пратэстны рух і няскончаная пандэмія – ставяць новыя пытанні і патрабуюць пошуку ідэй для працы публічных прастораў. Як адказаць на выклік абуджэння грамадства? Як не патануць у актыўнасці? Як выбудаваць сваю працу ва ўмовах перыядычнага карантыну?

Школа – гэта прастора і магчымасць для каманд, актывістаў і ініцыятываў, што ўжо працуюць у малых і сярэдніх гарадах Беларусі, разам з экспертамі прааналізаваць свой актуальны стан, вызначыцца ў месцы і ролі ў гарадскім развіцці і распрацаваць праграму сваёй дзейнасці на бліжэйшы час.

Школа ўключае два этапы: 1) адукацыйны інтэнсіў (лекцыі, майстар-класы, дыскусіі, распрацоўка праграм дзейнасці) – 3-6 снежня 2020 года і 2) рэалізацыя крокаў распрацаваных праграм ва ўзаемадзеянні з цьютарамі – студзень-травень 2021 года.

Праграма ўключае ў сябе лекцыі, семінары-абмеркаванні, групавую даследчую практыку пад кіраўніцтвам цьютараў, а таксама распрацоўку праектаў развіцця грамадскіх прастораў. Вынікі працы будуць прэзентаваны па сканчэнні праграмы на публічным мерапрыемстве.

У межах праграмы ўдзельнікі будуць засвойвацца і аналізавацца наступныя тэмы:

  • Права на горад і яго рэалізацыя праз грамадскія прасторы.
  • Грамадскія прасторы і якім крытэрам яны павінны адпавядаць.
  • Гарадскія супольнасці і праца з імі.
  • Праграмаванне і арганізацыя дзейнасці ў грамадскіх прасторах малых і сярэдніх гарадоў.

У якасці лектараў і экспертаў у школе прымуць удзел: Уладзімір Мацкевіч, Марына Семенчанка, Андрэй Ягораў, Таццяна Вадалажская, Наталля Халанская, Аляксандра Рамейка, Вольга Саламахіна, Аляксандра Шор, Маша Значонак.

Да ўдзелу ў школе запрашаюцца “каманды” (3-5 чалавек) – актыўныя сябры, прадстаўнікі ініцыятываў грамадскіх прастораў,  патэнцыйныя сябры, актывісты з малых і сярэдніх гарадоў, якія зацікаўленыя ў развіцці сваіх грамадскіх прастораў і сваёй практыкі на падставе сістэмных ведаў.

Для паступлення ў школу неабходна запоўніць заяўку (ад каманды) у тэрмін да 18 лістапада 2020 года. Вынікі адбору будуць вядомыя 23 лістапада 2020 года.

Па ўсіх пытаннях, звязаных з правядзеннем школы, звяртайцеся на адрас электроннай пошты: flyuniby@gmail.com (з пазнакай “Школа”).

 

УЛАДЗІМІР МАЦКЕВІЧ — #ФІЛОСАФ_У_ТУРМЕ
Свабодную думку немагчыма пасадзіць у турму!
Напішыце каментар