Публічныя лекцыі “URBI ET ORBI” у Магілеве: С.Харэўскі

01 красавіка 2013

 

НАША НОВАЯ  ІДЭНТЫЧНАСЦЬ

СЯРГЕЙ ХАРЭЎСКІ

ПУБЛІЧНЫЯ ЛЕКЦЫІ “URBI ET ORBI”: 

   6 красавіка

Магілёў, вул. Чкалава, 16. Пачатак а 15.00

Беларуская ідэнтычнасьць мяняецца, мэтальнасьць — рэч, што фармуецца школай, прапагандай і царквою. Паўставанне найноўшай беларускай ідэнтычнасці адбывалася ва ўмовах імклівай ўрбанізацыі і разбурэння вясковага мэнталітэту. Новыя гарады і зменлівы ўрбаністычны краявід сталі тым асяродкам, у якім сфармавалася маладая беларуская нацыя.

Як аснова самаідэнтыфікацыі горадабудаўнічы асяродак у стабільным грамадстве абапіраецца на аднаўленне базавых каштоўнасцяў, устойлівых стэрэатыпаў, іншых элементаў, перадвызначаных традыцыяй культурнага развіцця. Вобразы новага для беларусаў, але створанага ўжо імі самімі, гарадскога асяроддзя сталі дамінаваць у мастацтве і літаратуры, у гуманітарных навуковых даследваннях.Беларуская нацыя ў сучасным яе стане склалася ў гарадах, дзе ад сярэдзіны 1970-х стала пражывае большасць жыхароў Беларусі. 1980-ыя – час, калі адбывалася кансалідацыя нацыі ў межах тэрыторыі БССР, адбываўся імклівы рост адукацыі і культуры, што быў інспіраваны камуністычнымі ўладамі. З колькасным ростам прадукцыі літаратуры, мастацтва і гуманітарных навук адбываўся якасны рост беларускай нацыянальнай свядомасці. Беларусы абжылі гарады, яны іх стварылі й працягваюць мяняць і разбудоўваць. Менавіта гарады сёньня сталіся апірышчам беларускай этнічнай ідэнтычнасці, дзе рэалізуецца беларуская нацыянальная ідэя. У асяроддзі менавіта гарадской моладзі паўсталі тыя нефармальныя патрыятычныя аб’яднаньні і клубы – такія як фальклёрная “Майстроўня”, літаратурныя “Тутэйшыя” і “Бабілён”, “Талокі” ды “Ратушы”, – што сталі асноваю для нацыянальна-вызваленчага руху напрыканцы 1980-х, а затым і палітычных партыяў, культурніцкіх арганізацыяў, што дзейнічаюць дасёння. Менавіта ў гарадах, дзе выспела ідэя суб’ектнасці беларускай нацыі, сёння засяроджваецца і нацыянальная культура.
Радыкальныя горадабудаўнічыя змены, якія назіраем сёння ў гарадскіх цэнтрах, сталіся таксама важнымі чыннікамі паўставання новай ідэнтычнасці – супярэчлівай, з рудыментамі савецкай ідэалогіі, але і з пафасам духоўнага адраджэння, узнаўлення страчаных каштоўнасцяў, стваральнікамі якіх сёння сталі самі беларусы, жыхары гарадоў, у другім і ў трэцім ужо пакаленні.

 Уваход вольны!