Пра важнасць асяроддзя, прыкладу, аўтарытэту

Марыя Кліменцьева

Кожны чалавек мусіць адказваць за свае ўчынкі. За свае паводзіны, дзеянні, нават думкі…

За ўзровень сваёй адукацыі, свайго маральнага і духоўнага развіцця. Кожны чалавек вольны шукаць інфармацыю, адукоўвацца, задаваць пытанні і шукаць адказы, сумнявацца. Думаць.

Кожны ведае, калі ён хаваецца ад сумневу. Калі ён апускае вочы і пагаджаецца там, дзе ўнутры хоча супрацьстаяць, спрачацца ці проста прапанаваць іншае. Мы ўскладаем адказнасць за ўчынкі на людзей, мы не пагаджаемся ў канчатковай інстанцыі апраўдваць учынкі ўзростам ці прыналежнасцю да пэўнага пакалення, малым горадам ці вёскай, дзе чалавек жыве, складанасцямі і абставінамі ў жыцці. Бо канчатковая інстанцыя – выбар чалавека, лічым мы.
Але пры гэтым я бы хацела паразважаць пра тое, якую ролю грае асяроддзе для чалавека. Прыклад іншай асобы, аўтарытэт. Чалавек можа мець унутры пазіцыю датычна нечага, разуменне, як варта паступіць у пэўнай сітуацыі (ён дарос да гэтага разумення), але можа не
наважыцца выказаць сваю пазіцыю, зрабіць так, як унутры вырашыў: гэта правільна, гэта слушна.
Можа прайсці колькі часу, пакуль чалавек урэшце здолее праявіць свой голас. Альбо нешта можа стаць нагодай, трыгерам, апошняй кропляй. Моцным штуршком, калі маўчаць чалавек больш проста не можа. Зрэшты, і гэта, пэўна, патрабуе ўнутранай моцы, мужнасці, здольнасці “вырывацца”, рабіць намаганне і здзяйсняць акт кроку насуперак.
Мне падаецца, хутчэй гэты крок робіцца, калі чалавек мае прыклад. Калі ў яго асяроддзі ёсць моцная асоба ці асобы, якія натхняюць. Якія ў сваіх словах ці ўчынках – самімі сабой, самім сваім жыццём – пацвярджаюць думкі чалавека, яго разуменне, як варта рабіць. Наяўнасць такіх людзей у жыцці чалавека нібы ўмацоўвае яго ў моманты, калі ён адважваецца праявіць сваю пазіцыю, паступіць згодна са сваім разуменнем і сумленнем.

Такой моцнай асобай можа быць настаўнік у школе, выкладчык ва ўніверсітэце, прыяцель, які мае смеласць казаць праўду, дзе гэта важна і неабходна, які гатовы адзін паўстаць супраць голасу ўсіх, калі лічыць, што гэта трэба. Гэта можа быць чалавек, якога ведаеш шмат гадоў, а можа быць
герой артыкула ці навінаў, персанаж кнігі ці кінастужкі. Кожны такі прыклад смелага ўчынку набліжае чалавека да ўласнага моцнага дзеяння. І таму так важна, каб моцныя смелыя асобы былі ў асяроддзі чалавека. Але калі ў краіне людзей, якія праявілі сваю пазіцыю ці выказалі
альтэрнатыўную прапанову, звальняюць са школ і ўніверсітэтаў, не падтрымліваюць, а наадварот, ставяцца непаважліва, з насмешкамі ці пагрозамі на прадпрыемствах; калі гісторыі сумленных людзей не распавядаюць у мясцовых дзяржаўных медыя, а альтэрнатыўным медыя
замінаюць развівацца; калі ў грамадстве буяе культура прымітыўнага (па сэнсу, ідэі, напоўненасці, – не эфектах і сюжэту); і калі культурнае і інтэлектуальнае жыццё ў горадзе амаль не развіваецца (акрамя буйных гарадоў), што спрыяла б ускладненню людзей, грамадства ў цэлым… то вельмі няпроста чалавеку ў такім асяроддзі праявіць сябе, вымавіць уласную пазіцыю, пайсці пры патрэбе супраць усіх. Бо такі ўчынак патрабуе надта
моцы. Больш моцы, чым у сітуацыі, калі культура грамадства спрыяе выказванню ўласнага меркавання. Чым менш
прыкладаў гэтага адважнага дзеяння мае чалавек, тым папросту складаней яму зрабіць гэты крок.
І наадварот. Кожны смелы ўчынак мацуе грамадзян, узмацняе грамадства ў здольнасці яго чальцоў рабіць так, як уласна яны лічаць вартым. А менавіта гэтая здольнасць стварае і падтрымлівае грамадзянскую супольнасць.

У складаных сітуацыях я часам проста ўяўляю побач з сабой асобаў, якія з’яўляюцца прыкладам для мяне, аўтарытэтам. Іх уяўная падтрымка надзвычай дадае моцы перад уласным страхам і ціскам абставін. У колішні даўні момант зразумела, што Ўладзімір Мацкевіч – адна з такіх асобаў для мяне. (Хай не гучыць гэта патасна, так не задумвалася).

Выпускное эссе курса «Гражданское общество: вопреки очевидности» (Летучий университет)