«Беларуская філасофская прастора”, Лятучы ўніверсітэт, выдвецтва «ЭКАНОМПРЭС», прастора ЦЭХ запрашаюць на выставу “Візуальныя вобразы гістарычнай памяці. Вялікае княства Літоўскае на старажытных геаграфічных мапах”.
24 ліпеня – 31 жніўня 2014 г., г.Мінск, пр. Незалежнасці, 58 / к. 6
Час працы – 10.00 – 22.00
Старажытныя мапы ўяўляюць сабой унікальныя артэфакты і валодаюць магічнай сілай. Гэта сваеасаблівыя парталы ў часе, візуальная машына часу, якая дазваляе нам вандраваць па розных часах і прасторах, гісторыях, мовах і культурах – і праз гэта шукаць, разумець, суадносіць і канструяваць сябе ў новых кантэкстах і межах. Халсціны мапаў пагружаюць нас у свет вобразаў, ментальную, духоўна-эмацыйную прастору, у глыбіні нашага падсвядомага – туды, дзе нараджаецца чалавечае Я і ягоная культура. Да таго ж гістарычныя мапы – гэта каштоўнасць таксама і іншага кшталту, бо многія з іх з’яўляюцца сапраўднымі творамі мастацтва і выяўляюць жывапісную і друкарскую культуру сваёй эпохі. Праз іх мы можам задаць сабе шэраг пытанняў.
Наступныя мерапрыемствы:
1 жніўня, 18.00 – дыскусія з удзелам вядомых філосафаў, культуролагаў, дызайнераў: «Дзе ў Сусьвеце плыве Беларусь?..» Як і дзе мы знаходзім сябе, у якіх межах вызначаем – геаграфічных, палітычных, культурных? Ці могуць мапы стаць сродкам “пошуку сябе”?
13 жніўня, 18.00 – дыскусія з удзелам беларускіх гісторыкаў і сацыёлагаў: «Беларуская картаграфія як дысцыпліна і падмурак самавызначэння». Ці існуе беларуская картаграфія як асобная сфера? Якім чынам яна ўплывае на дызайн, адукацыю, навуку? Як і куды распрасціраюцца яе вынікі і эфекты?
Усе мерапрыемствы ў межах выставы будуць праводзіцца на пляцоўках крэатыўнай прасторы “ЦЭХ” (па адрасе пр. Незалежнасці 58 / к.6). Наведванне выставы бескаштоўнае.
Інфармацыйныя партнёры праекта: Беларускі партал www.tut.by, партал www.relax.by, www.citydog.by, www.eurobelarus.info
У праграме выставы магчымыя змены. Актуальную інфармацыю шукайце на сайтах нашых партнёраў, а таксама на сайтах арганізатараў – www.fly-uni.org, www.prastora.org