Ці існуе “беларускі стыль”?

06 снежня 2012

17 лістапада магілёўскім філіялам Лятучага ўніверсітэта была зладжана другая лекцыя цыкла “Urbi et Orbi”. Пра тое, “як складаюцца паасобныя фрагменты, лакальныя стылі ў нешта адно, што можна было б назваць «Беларускім стылем», разважаў вядомы дызайнер, мастак, паэт Міхал Анемпадыстаў.

На думку лектара, найбольш выразнае праяўленне беларускага стылю магчыма знайсці ў кераміцы, ткацтве, драўлянай архітэктуры і вырабах з дрэва. У беларускай кераміцы мы знаходзім формы, эстэтыка якіх праяўляецца ў іх функцыянальнасці. Напрыклад, у народнай культуры палякаў мы назіраем уплыў высокіх стыляў (класіцызму, рамантызму і інш), які выражаецца ў дадаванні ў эстэтыку твора розных стылістычных элементаў. У беларускай жа кераміцы адсутнічаюць гэтыя “культурныя адкіды” элітарных стыляў, мы сустракаемся з чысцынёй формы і адсутнасцю лішніх элементаў.

Сумяшчэнне эстэтыкі і функцыянальнасці можна ўбачыць і ў ткацтве. Эстэтыка беларускіх арнаментаў выражаецца не ў напластаванні розных узораў, а ў чысціні і празрыстасці семіятычнага коду, бо кожны арнамент – гэта свайго роду элемент лакальнага семіятычнага тэксту, паслання. Пры гэтым, калі што і аказвала ўплыў на развіццё беларускай арнаментыкі, так гэта развіццё самой тэхналогіі ткацтва: новы ўзор з’яўляўся не пад уздзеяннем чужароднага стылю, а як вынік распрацоўкі новай тэхналогіі. Безумоўна, важны тут і колер : для беларускай традыцыйнай культуры было ўласціва ўжыванне натуральных колераў – невыбелены лён, непафарбаванае дрэва, непаварбаваная кераміка.

Калі пачынаеш пра гэта разважаць, міжволі задумваешся пра сучасны стан таго, што мы называем “беларускай культурай”, і над тым, што вызначаецца ў ёй як прыярытэтнае, важнае, што акрэсліваецца як “прыгожае”? Адказы на гэтыя пытанні сведчаць хутчэй пра тое, што мы маем праблемы з традыцыяй, што яна не транслюецца, не перайшла натуральным чынам у нашае сучаснае.

Нам можа падавацца, што традыцыя – гэта тое, што існуе само па сабе, перадаецца за кошт сваіх нейкіх унутраных механізмаў, але насамрэч гэта не так. Каб традыцыя жыла, яе неабходна культываваць, падтрымліваць, пра яе трэба клапаціцца. Без гэтага традацыя памірае, на змену прыходзяць “афрыканізацыя”, “трэш” і кіч.

Нам можа падавацца, што традыцыя – гэта тое, што існуе само па сабе, перадаецца за кошт сваіх нейкіх унутраных механізмаў, але насамрэч гэта не так. Каб традыцыя жыла, яе неабходна культываваць, падтрымліваць, пра яе трэба клапаціцца. Без гэтага традацыя памірае, на змену прыходзяць. “афрыканізацыя”, “трэш” і кіч.