«Гораду і свету» у Віцебску: Ігар Бабкоў

29 мая 2013

«Мы — беларусы, мы — народ такi…» або Беларусь як iнтэлектуальная праблема

Тэкст i фота: Алесь Замкоўскі, http://vitebsk4.me

Хто такія мы — беларусы, і з чым нас ядуць? Што нам патрэбна і які наш шлях? Гэтыя пытанні не даюць спакою не адно стагоддзе. Свой асаблівы адказ агучыў вядомы беларускі філосаф, паэт, літаратар Ігар Бабкоў у публічнай лекцыі «Беларусь як інтэлектуальная праблема» — першай публічнай лекцыі, арганізаванай у Віцебску Лятучым Універсітэтам.

Думаць Беларусь

Зацікаўленых, якія сабраліся ў Цэнтры сучаснага выяўленчага мастацтва, з канцэпцыяй Лятучага Універсітэта пазнаёміла сацыёлаг Таццяна Вадалажская. Сённяшнія ўніверсітэты Беларусі ўспрымаюцца, у першую чаргу, як адукацыйныя ўстановы. Але разам з тым павінны выконваць іншыя, не менш важныя функцыі. Універсітэт — месца для мыслення, асяродак выбітных мысляроў і даследчыкаў. Універсітэт — публічная прастора, адкуль прамаўляюцца і прасоўваюцца ідэі і праекты. Універсітэт — месца фарміравання эліты, прадстаўнікам якой патрэбны не толькі веды, але і разуменне маштабу свайго мыслення ў нацыянальным, гістарычным кантэксце. (Больш падрабязна з дзейнасцю Лятучага Універсітэта можна пазнаёміцца на сайце)

Ужо напрацягу трох гадоў Лятучы Універсітэт спрабуе рэалізаваць гэтыя функцыі, каб даць магчымасць думаць Беларусь. І скарыстоўвае разнастайныя формы. У тым ліку, серыю публічных лекцый «Urbi et orbi» — «Гораду і свету». «Яны прызначаны на тое, каб не проста данесці нейкую веду, а каб прамаўляць тое, што сёння важна для нас, для культуры, для грамадства, — падкрэсліла Таццяна Валажанская. — Каб абмяркоўваць і глядзець на пададзеныя ідэі, як на тое, што прасоўвае ці не прасоўвае нас наперад».

Практык ідэі

Працаваў вартаўніком і рэдактарам піянерскага аддзела часопіса «Бярозка», па знаку задыяка Блізняты, па пасадзе — старшы навуковы супрацоўнік Інстытута філасофіі Акадэміі навук Беларусі, зараз выкладае ў БДУ і ЕГУ. Сам сябе Ігар Бабкоў называе практыкам ідэі. Ён не проста рэфлексуе наконт тых ці іншых працэсаў у гісторыі Беларусі, але сярэдзіны 80-х прымае ў іх непасрэдны ўдзел. Сябра літартурных суполак «Тутэйшыя» і «Бабілён», адзін з заснавальнікаў Беларускага калегіюма, удзельчаў у аднаўленні газеты «Наша ніва», стваральнік і рэдактар часопіса «Фрагменты»… Ён на свае вочы бачыў, якім чынам стваралася сённяшняя Беларусь. 80-я час гераізму, 90-я —час рэфлексіі, 00-я —час дэпрэсіі і мыслення…

Ці слабыя?

Пераказваць лекцыю Ігара Бабкова — тое самае, што пераказваць літаратурны твор ці спектакль. Гэта трэба бачыць і слухаць. Але ж спроба — не хвароба.

Беларусь — як інтэлектуальная праблема. Ці існуе яна? Так, пачынае існаваць для нас, калі для погляда, для вырашэння праблемы мы возьмем не прапанаваную нам схему ці каланіяльны міф. Калі самі паспрабуем зірнуць. Тады на першы план выходзіць дыскусія пра беларускую ідэнтычнасць, тоеснасць, адчування саміх сябе як нацыі.

Беларуская ідэнтычнасць слабая. Так кажуць замежныя даследчыкі, так вызначаюць многія з нас. Грамадства знаходзіцца ў стане «паміж» і гатова апрануць любую маску ў залежнасць ад сітуацыі, але ж і здольнае зняць яе. Купалаўскія «Тутэйшыя» з іх галоўным героем Мікітам Зноскам такія ж актуальныя зараз, як у часы класіка. З погляду моцных культур так не бывае, так не можа быць. Мусіць быць вызначаны шлях. Але гістарычна пацвярджаецца, што слабая ідэнтычнасць спячага народа так і не стала не расейскай, ні польскай, але працягвала быць сваёй, уласнай, унікальнай.

Для апісання беларускай ідэнтычнасці Ігар Бабкоў прапаноўвае схему французскага філосафа Поля Рыкёра. Згодна з ёй нацыянальная ідэнтычнасць распадаецца на два ўзроўні. З аднаго боку, гэта простая тоеснасць. Ёй у беларускім мысленні адпявядае выключны канцэпт «тутэйшасці». З другога боку — гэта план рэпрэзентацыі, гісторыі. Але ж гісторыю пра нас, беларусаў, пісалі не мы самі, яны былі каланіяльнымі. Такім чынам, моцны план простай тоеснасці перамолвае ўсе рэпрэзентацыі. «Дык можа быць дзякуй Богу, можа мы з нашай дзіўнай ідэнтычнасцю не такія дурныя, як нашыя суседзі, мы разумеем, што можам быць рознамі. у залежнасці ад кантэкстаў?» — такім чынам ставіць пытанне Ігар Бабкоў. Мы не квадратныя, як французы, у якіх са школы выпрацоўваецца адно, мы — разнастайныя, гатовыя да развіцця. Мы — у працэсе. Беларусам заўжды распавядаюць розныя гісторыі пра саміх сябе. І праблема не ў адсутнасці, не ў слабасць, проста ніводная гісторыя не перамагае.

 

Змаганне праектаў

У другой схеме Ігар Бабкоў як раз і прапаноўвае вызначыць структуру гісторыі. За аснову бярэ 4 паняткі — міф паходжання-гісторыі, міф душы-нацыянальнага характару, міф парадку-закону і міф будучыні. Такім чынам, у амерыканцаў, да прыкладу, больш выражаны памяткі нормы і будучыні, у еўрапейцаў — паходжання і парадку.

Напрыканцы 80-х беларуская ідэнтычнасць засноўвался выключна на міфе душы народа. Паступова наперад выходзіць наша нацыянальная гісторыя, а таксама імкненне да еўрапейскай цывілізацыі, да яе законаў. І ўсё б было банальна і проста. Але па гэтым накірунку пайшла толькі частка нацыі. А іншая — беларуская большасць са слабой ідэнтычнасцю, якая размаўляе па-расейску, — абрала альтэрнатыўны шлях, дзе асноўнымі міфамі з’яўляецца міф будучыні і міф нормы.

«Мы не слабыя. Мы канфліктна разнастайныя. У нас многа гісторый пра саміх сябе. А праблема з ідэнтычнасцю з тым, што ў нас існуе вайна двух моцных нацыянальных праектаў, — упэўнены Ігар Бабкоў. — Апошнія 15-20 год структура беларускай рэальнасці — інтэлектуальна-культурна-сацыяльная барыкада».

Паўстае заканамернае пытаннне: «Што рабіць?» На гэтае пытанне ў Ігара Бабкова няма адказу. Разуменне часам прыводзіць да параліча дзеянняў. Але філосаф упэўнены, што ўсе працэсы, якія адбываюцца ў эпоху позняга капіталізму, не павінны выклікаць дэпрэсіі ці плача пра родную старонку. Інтэлектуальных праблем хапае, і, як мінімум, гэта страшна цікава.

 

Недзе паміж

На жаль, часу лекцыі не хапіла, каб ахапіць усе праблемы. Але Ігар Бабкоў закрануў таксама пытанне беларускай традыцыйнай культуры, якая добра рэгенеруецца ў новых гарадскіх структурах і добра адчувае сябе ў сучасным свеце глабалізацыі. А таксама знакавай часткай вызначэння беларускай ідэнтычнасці з’яўляецца кантэкст яе існаванне: дзе мы ёсць? І філосаф, абапіраючыся на працы Мілана Кундэры («Трагедыя Цэнтральнай Еўропы») і Лары Вульфа («Вынаходніцтва Усходняй Еўропы»), прыходзіць да неаднабаковай, як усё, што мае дачыненне да беларусаў, высновы. Культурна мы можам аднесці сябе жа Цэнтральнай, а вось палітычна — да Усходняй Еўропы (разам з Украінай і Малодовай).

Пасля асноўнай часткі лекцыі не менш чым паўгадзіны ішло абмеркаванне. Развіццё беларускай навукі, лакальная ідэнтычнасць, агульныя накірункі развіцця культуры… Выступ сапраўды стаў публічным, бо прысутныя не проста прысутнічалі, але актыўна далучаліся да размовы і абмеркавання. Некаторыя пытанні нараджалі новыя ідэі, як, напрыклад, меркаванне пра тое, што адно з галоўных месцаў ва ўсведамленні беларуса як самога сябе павінна займаць сямейна-родавая памяць.

Выказванне Ігара Бабкова пацвердзілася: беларусы перасталі быць інтэлектуальна наіўнымі, і гэта вельмі прыемна для жыцця і далейшага развіцця.

 

УЛАДЗІМІР МАЦКЕВІЧ — #ФІЛОСАФ_У_ТУРМЕ
Свабодную думку немагчыма пасадзіць у турму!
Напішыце каментар