
Напрыканцы года жаданне азірнуцца, вярнуцца ў сваю, хаця б недалёкую, мінуўшчыну, уласціва многім. І Лятучы Універсітэт у Віцебску закочыў першы каляндарны год асэнсаваннем гісторыі і памяці пра яе разам з сацыёлагам Аляксеем Ластоўскім. Даследчык даўно вывучае тэму памяці і калектыўнай ідэнтычнасці. Натуральна, што і віцебскую публічную лекцыю «Беларуская гістарычная памяць: досвед сацыялагічных даследаванняў» прысвяціў гэтай, актуальнай у сённяшнім свеце, праблеме.
Досвед сацыялагічных даследаванняў беларускай гістарычнай памяці не надта багаты. Да таго ж, вынікі прадказаць не складана – беларускую рэчаіснасць мы бачым праз шкло мінуўшчыны. Бадай што час садзейнічае зменам у сацыяльнай свядомасці.
Па-ранейшаму Вялікая Айчынная вайна ўспрымаецца як цэнтральная падзея беларускай гісторыі, нават з усімі яе міфамі і хібамі. Калектыўная гістарычная памяць пра яе – аднародная, стабільная, досыць цэласная і ў большасць сваёй пазітыўная. За выключэннем вайны, увесь савецкі перыяд успрымаецца неадназначна, мае шмат рознагалоссяў і, па меркаванні Аляксея Ластоўскага, гэты час не можа быць кансалідуючым фактарам умацавання беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці.
Уяўленні пра гістарычнае мінулае розняць пакаленні. Але мяжа паміж імі паступова сціраецца. Не можа не радаваць і тое, што рэйтынг савецкіх палітычных дзеячоў (Леніна, Сталіна, Машэрава) зніжаецца і спадзяемся – ніколі не зменіць свой накірунак, як у суседняй Расіі.
Нядаўняе святкаванне ўгодкаў Грунвальдскай бітвы прагучала ў Беларусі даволі моцна і ўрачыста. А лічбы паказваюць іншае: мы большым чынам ганарымся сучаснымі дасягненнямі беларускіх спартсменаў, будаўніцтвам лядовых палацаў і Нацыянальнай бібліятэкі, выступамі на «Еўрабачаннях», «Дажынкамі» і «Славянскімі базарамі»… Вось такія факты – куды ад іх схаваешся? Ды і ўзровень гуманітарнай адукацыі ў краіне не павялічваецца…
Аднак даследчыка падлікі не пужаюць і нават не схіляюць да змрочных думак. Падчас дыскусіі ён упэўнена адзначыў, што патэнцыял ёсць, ёсць і пазітыўныя зрухі. Вядома, хочацца ўсяго і адразу, але давайце спынімся і падумаем: незалежнай Беларусі ўсяго 20 год. Каб з засеянага збожжа вырасла жытнёвае поле, трэба падрыхтаваць зямлю і добра даглядаць яе.
Што ж з’яўляецца патэнцыяльным падмуркам беларускай ідэнтычнасці? Якая гісторыя стане кропкай яднання, што адлічвае шлях беларусаў? Даследаванні паказваюць адказ: выходзячы за межы савецкай гісторыі, амаль што адразу трапляем у мінуўшчыну Сярэднявечча – перш за ўсё да Ефрасінні Полацкай і Францыска Скарыны, Усяслава Чарадзея і Вітаўта… Памежны перыяд – да пачатку ХХ стагоддзя – у калектыўнай свядомасці, на жаль, губляецца. Бачны толькі асобныя кавалкі падзей, імёны Тадэвуша Касцюшкі і Кастуся Каліноўскага. Часы Рэчы Паспалітай увогуле не ўзгадваюцца, але, вядома, і там ёсць шмат асоб і падзей, на якія варта звяртаць увагу.
На думку спадара Ластоўскага, «незапоўненасць» гістарычнай памяці беларусаў у спалучэнні з пазітыўна-нейтральным успрыманнем дасавецкай мінуўшчыны паспрыяе фарміраванню агульнай нацыянальнай ідэнтычнасці. Але ж варта запаўняць белыя плямы і вызначацца – якая усё ж такі ў нас гісторыя…
Тэкст: Вольга Растоўская.
Фота: Алесь Замкоўскі.