29 траўня 2019 года адбыўся чарговы выступ у межах “адкрытай кафедры” Лятучага ўніверсітэта.
Тэму “Грамадства—Адукацыя: (не)сіметрычны адказ на выклікі” прадставіла праграмны каардынатар Лятучага ўніверсітэта Таццяна Вадалажская.
Адукацыя ёсць сістэмай дзейнасці, што забяспечвае “вытворчасць грамадства”, яго ўзнаўленне і развіццё. Таму радыкальныя змены, што пазначаюцца словамі “новая эпоха”, “новы эканамічны ўклад” ці “прамысловая рэвалюцыя”, кідаюць выклік адукацыі як сацыяльнаму інстытуту, які адказны за адпаведнасць і су-часнасць чалавека інавацыям у эканоміцы, палітыцы, камунікацыях і тэхналогіях.
Мы адчуваем гэты выклік і патрабаванне праз “спіс новых прафесій”, вызначэнне “сучасных базавых кампетэнцый”. Сістэма адукацыі тым ці іншым чынам на іх адказвае: новымі формамі і метадамі працы, што прыходзяць у школы і ВНУ ці паўстаюць у альтэрнатыўнай прасторы. І гэты адказ, у сваю чаргу, уплывае на само грамадства.
Сёння мы можам толькі паспрабаваць спрагназаваць, як інавацыі ў адукацыі адаб’юцца на сацыяльнай структуры, зменах ладу жыцця, стратыфікацыі грамадства, чалавечых якасцях і стасунках.
Па гэтых пытаннях прапанавала паразважаць Таццяна Вадалажская ў межах свайго выступу.
Пра дакладчыцу: Таццяна Вадалажская — метадолаг і сацыёлаг, кандыдат сацыялагічных навук, праграмны каардынатар Лятучага ўніверсітэта.
Адкрытая кафедра Лятучага універсітэта — гэта серыя выступленняў экспертаў і інтэлектуалаў, якія закрануць тэму інстытуцыйных і сацыяльных зрухаў, звязаных з пераходам на інавацыйны тып мыслення і дзейнасці, з імклівым развіццём тэхналогій.