Ірына Дубянецкая: “Каляды – гэта свята новага стварэння”

11 студзеня 2019

“Размова” пра Каляды адбылася напрыканцы святочнага цыкла паміж філосафам Уладзімірам Мацкевічам і доктарам сакральнай тэалогіі Ірынай Дубянецкай.

Ірына Дубянецкая пра гісторыю свята:

Каляды – сапраўды самае ўлюбённае свята ў заходнім свеце, да якога рыхтуюцца ўсе і якое ўтварае самы вялікі перыяд вакацыяў цягам года.

З хрысціянскага пункту гледжання гэта адносна маладое свята. Ранніе хрысціяне яго не святкавалі зусім. Бо даты нараджэння Хрыста мы не ведаем. Звесткі ёсць толькі ў двух Евангеллях: у Евангеллі ад Матфея і Евангеллі ад Лукі, дзе па-рознаму расказваецца гісторыя нараджэння Ісуса. І калі мы чытаем Евангелле ад Лукі, то разумеем, што хутчэй за ўсё ён меў на ўвазе перыяд, які будзе адпавядаць па гадавым цыкле Ўкрыжаванню і Ўваскрошанню. То бок, хутчэй за ўсё гэта Вялікодны перыяд. Ранніе хрысціяне за асноўнае “свята пачатку”, пачатку пачаткаў, уважалі момант хросту. Тое, што па-беларуску называецца Вадохрышча – таксама традыцыйна вельмі ўлюбёнае свята ў Беларусі.

Каляды як нараджэнне Ісуса пачалі святкаваць у чацвертым стагоддзі, калі хрысціянства сталася ўжо афіцыйнай рэлігіяй Рымскай імперыі. Тады вельмі шмат якія элементы іншых культаў былі прынесеныя ў хрысціянства, і вось гэта свята сонцавароту таксама. У Рыме было вельмі папулярнае свята бога Мітры, традыцыі сатурналіяў, але гэтае ж свята – свята сонцавароту – святкавалася не толькі ў Рымскай імперыі, але і па-за яе межамі. Гэта адзін з самых сакральных пунктаў усяго календарнага году.

І гэта той выпадак, калі хрысціянскае асэнсаванне вельмі добра накладаецца на старажытныя традыцыі. Гэта свята новага стварэння, стварэння святла, стварэння праяўленага свету. Як з цемры нараджаецца святло, як з непраяўленага нараджаецца праяўленае, так Боства нараджаецца дзіцём. І Бог, застаючыся вялікім, застаючыся “ўсім”, адначасова прыходзіць, нараджаецца маленькім дзіцёнкам. Гэты момант – нараджэння сонца, або нараджэння Бога – гэта момант новага стварэння. І таму кожны, хто святкуе гэта свята, удзельнічае ў гэтым працэсе новага стварэння, нараджэння новага часу, гэтай пэрліны святла, якая прыходзіць з абсалютнай цемры.

Пра ялінкі і падарункі, праз якія праламляецца сутнасць Калядаў, сэнс каляднай вячэры, пра тое, адкуль прыходзіць культ Святого Міколы і чаму бельгійскій Санта-Клаус жыў у Гішпаніі, пра дзве традыцыі святкавання Калядаў на Беларусі – глядзіце ў “Размове” Уладзіміра Мацкевіча з Ірынай Дубянецкай.

Персоны: