БОНУС: ТОП-5 ЦЫТАТ УЛАДЗІМІРА МАЦКЕВІЧА!
Дыскусія “Гародня як месца сучаснага Універсітэта” адбылася ў традыцыйным памяшканні на вул. Будзёнага 48а, з ініцыятывы супольнасці “Думаем Беларусь” і “Лятучага ўніверсітэта” Уладзіміра Мацкевіча. Мадэратарам вечара быў Алесь Краўцэвіч, які адразу акрэсліў праблему дыскусіі: “На нашых вачах адбываецца дэвальвацыя вышэйшай адукацыі, таму мы павінны неяк адказваць на выклікі часу”.
Першы выступоўца, Ірына Дубянецкая (на здымках вышэй) зрабіла экскурс у гісторыю беларускай нацыянальнай вышэйшай адукацыі, сканцэнтраваўшы ўвагу на Віленскім універсітэце, а таксама суполках філаматаў і філарэтаў. “Пачынаць будаваць краіну трэба з універсітэта,” – лічыць Дубянецкая.
Не абыйшлося і без востра-камічных момантаў падчас прамовы спадара Ігара:
– Думай глабальна, дзейнічай лакальна…
– Масонскі прынцып! – рэпліка з залу.
– …а мне падабаецца, – пасміхаецца Кузьмініч.
Аднак самым інтрыгуючым быў выступ Уладзіміра Мацкевіча “пра Лятучы Універсітэт, Гродна і сябе самога,” – як заявіў выступоўца (на здымку). Вось толькі некалькі запамінальных цытатаў:
– Універсітэта ў Беларусі няма, нягледзячы на шыльды і назвы.
– Калі вы будзеце мець партыю, але не будзеце мець універсітэта, яна абавязкова наробіць глупстваў.
– Было б нядрэнна мець гістарычны будыначак (як у Оксфардскага ўніверсітэта), але сучасны ўніверсітэт патрабуе значна большай прасторы.
– Балонскі працэс знішчае адукацыю!
– Тэалагічная адукацыя павінна быць, нават калі ніхто з выпускнікоў не атрымае пасля працы. Працаўладкаванне не павінна цікавіць універсітэт!
Безумоўна, усе, хто не быў знаёмы з Уладзімірам Мацкевічам і ягоным спосабам выкладання, былі ўражаныя катэгарычнасцю, самаўпэўненасцю і арыгінальнасцю некаторых думак, якой часам так не хапае ў беларускай інтэлектуальнай прасторы. Яшчэ больш эмоцый выклікала дыскусія ў канцы сустрэчы, аднак гэта тэма для асобнага артыкула.
Дарэчы, не абыйшоў Уладзімір Уладзіміравіч увагай і Гродна, адзначыўшы, што “…тут ёсць вялікі нявыкарыстаны патэнцыял. Калі б вярнуць усіх, хто з’ехаў з горада за апошнія 10 год, адбыўся б інтэлектуальны выбух! На жаль, пакуль гэтыя людзі тут незапатрабаваныя…”
Здымкі Яна Лялевіча