Магістры, згуляем?

13 студзеня 2016

Новы сезон у Лятучым універсітэце распачаўся з гульні. Адукацыйная праграма абяцае быць надзвычай творчай.

Пра тое, чым будзе адметны новы навучальны год, Службе інфармацыі “ЕўраБеларусі” распавяла метадолаг, кандыдат сацыялагічных навук, каардынатар Лятучага ўніверсітэту Таццяна Вадалажская.

– Новы сезон распачаўся даволі незвычайным чынам – гульнёй. Чаму?

– Сёлета ён пачаўся даволі позна. Гэта звязана з пераасэнсаваннем таго, што мы будзем рабіць далей. І самым бачным вынікам гэтага пераасэнсавання стала з’яўленне магістарскіх школ, якія мы назвалі Школы Магістраў Гульні. Яны накіраваныя на тое, каб з розных бакоў пачынаць адказваць на пытанні пра адукацыю, пра сучаснага чалавека, які павінен нейкім чынам ставіцца да сучаснага свету, пераўтвараць яго, станавіцца адказным за яго і г.д. І вось у пошуку гэтага новага чалавека, у пошуку формы і зместу яго адукацыі з’явіліся ідэі гэтых школ. У роздумах над тым самым чалавекам мы акрэслілі яго як Homo ludens – чалавека, які гуляе, спрабуючы праз гэтую перспектыву даць адказы.

Распачынаць год было б не варта нейкімі звычайнымі заняткамі, таму мы вырашылі, што школы  Homo ludens павінны адкрывацца гульнёй. І такая гульня, якая запусціла навучальны працэс, адбылася. Гэта падбадзёрвае і надае імпульс да далейшага развіцця.

– Раскажыце, што ўяўляла сабой гэтая гульня?

– Паколькі значная выкладчыцкая частка Лятучага ўніверсітэта – метадолагі, у нас ёсць свой метад арганізацыйна-дзейнасных гульняў. Мы ад яго адштурхоўваліся, але дакладна разумелі, што гэта не будзе дзейнасная гульня. Атрымалася супольная інтэлектуальная камунікатыўная праца, накіраваная на тое, каб самавызначыцца. Прычым усім: і тым, хто прыйшоў у якасці слухачоў, і выкладчыцкай супольнасці. Вызначыцца ў розных кантэкстах: самапабудовы Лятучага ўніверсітэта, асабістай траекторыі, суадносін чалавека і свету, чалавека і мыслення і г.д.

Гульня заключалася ў папераменнай працы ў групах над рознымі пытаннямі, і потым было супольнае абмеркаванне. Для нас гэта была першая спроба запусціць універсітэцкія гульні.  

– І якія вынікі атрымала гэтая спроба?

– Якія вынікі бываюць у гульні? (усміхаецца). Гэта самае складанае пытанне. Бо гульня – гэта ж не дзейнасць. У ёй можна казаць пра выйгрышы і пройгрышы, пра вынік не ў сэнсе вытворчасці, а ў сэнсе таго, што ў нас атрымалася. Я думаю, што ў нас атрымаўся нейкі такі булён агульнай карціны ўяўленняў, па якіх мы далей будзем працаваць. Нейкія агульныя ідэі, праблемы, пра якія раней хтосьці не думаў, а хтосьці думаў па-іншаму. Новыя планы ў сваім самаразуменні. Гледзячы на адукацыйны працэс, даволі шмат паўстала ідэяў пра тое, што нам патрэбны не толькі веды, але і праца над сабой, духоўныя практыкаванні. Не так шмат у нашым хуткім жыцці мы можам інтэнсіўна, канцэнтравана размаўляць адно з адным працяглы час па важных пытаннях. Падчас гульні мы шмат даведаліся адзін пра аднаго, нават пра тых, каго ведаем ужо некалькі гадоў. 

Калі людзі разводзяць стасункі (рус. «общение») і камунікацыю, калі мы накіраваны не на “пагаварыць”, а на камунікацыю, прадметам якой з’яўляецца нейкая праблема, і калі гэта робіцца даволі інтэнсіўна, то, зразумела, што гэта дае вялікі плён у самаразуменні і ў разуменні іншага.

– Ці можна сказаць, што новая ўніверсітэцкая праграма будзе стварацца падчас самога працэсу?

– Так. Зразумела, што ў нас ёсць нейкія арыенцыры, але адпачатку было зразумела, што праграма стане плёнам узаемадзеянняў. Як свет ствараецца ў гульні, так і, фактычна, наша новая адукацыя будзе стварацца ў гэтай супольнай гульні. І я адчуваю, што нам удалося яе распачаць. Думаю, гэта будзе пастаянны творчы працэс. Паколькі мы вызначылі, што гульня як форма існавання чалавека ў самым глыбокім сэнсе – тое, на што мы цяпер скіраваныя, то гульнявая практыка стане рэгулярнай.

– А як ідэі, якія паўсталі падчас першай гульні, будць выкарыстоўвацца ў адукацыйным працэсе?

– Я б сказала, што адукацыйны працэс – гэта не толькі працэс навучання. У традыцыйным разуменні адукацыі за шматгадовую гісторыю вельмі добра прапрацавана такая частка, як дыдактыка – тое, як вучыць. А вось зваротная частка, тое, што калісьці Ян Амос Коменскі назваў матэтыкай, метад навучання таго, хто вучыцца, проста адсутнічае. А ў сітуацыі гульні ўсе бакі роўныя ў сэнсе свайго ўнёску ў працэс.

Падчас гульні было ўзнята некалькі аспектаў канкурэнтнасці ў добрым сэнсе. Кожная са школ стварае свой шлях чалавека, які гуляе. І нам вельмі важна не проста ісці паралельна і адно на аднаго глядзець, а параўноўвацца між сабой, бачыць, хто куды прасунуўся – такая спрэчка факультэтаў.

Наша гульня сканчвалася тым, што слухачы школ спрабавалі распавесці пра свой лад жыцця і лад дзеяння ў Лятучым універсітэце. І былі выбудаваны нейкія планы таго, што, дзе і як я буду рабіць надалей. І гэта – частка нашага адукацыйнага працэсу: што людзі вырашылі рабіць пасля таго, як мы абмеркавалі ўсё шырокае кола праблем. Я думаю, фактычна ўсё ўцягнецца ў гэты працэс, а як уцягнецца – гэта мы ўбачым з наступнага тыдня.

– У Лятучым універсітэце працягваецца Год беларускага мыслення. Як ён уплятаецца ў канву гульні?

– Значнай часткай ідэі пра Год беларускага мыслення з’яўляецца тое, што нам вельмі важна ўсталяваць пераемнасць і змяшчэнне сябе ў прастору беларускага мыслення. Таму лекцыі і курсы, якія ёсць, з’яўляюцца кантэкстам разумення сябе. Тыя ж школы накіраваныя на тое, каб больш канцэнтравана працаваць, і ў нас ёсць такое самавызначэнне як частка беларускага мыслення – не нейкага абстрактнага, а звязанага з Беларуссю, з інтэлектуальнай традыцыяй (нават калі мы яе аспрэчваем), з будучыняй.

Напрыканцы лютага мы плануем канферэнцыю Лятучага ўніверсітэта разам з Цэнтрам еўрапейскай трансфармацыі, якая будзе называцца “Уяўляючы Беларусь”. Яна будзе прысвечана будучыні: утопіям, праектам, вялікім наратывам, звязаным з будучыняй краіны. Да гэтага ўсяго падцягнецца і адукацыйны працэс.

Відэа матэрыялы