Першы беларускі фестываль інтэлектуальнай кнігі “Прадмова”: вынікі і перспектывы

15 чэрвеня 2018

З 27 па 31 траўня 2018 г. у культурніцкім інкубатары ОК16 на вул. Кастрычніцкай (Мінск) прайшоў першы беларускі фестываль інтэлектуальнай кнігі “Прадмова”.

Гэтая пляцоўка аб’яднала сотні аматараў сучаснай кнігі: як тых, хто ўдзельнічае ў самім працэсе яе стварэння – выдаўцоў і рэдактараў, аўтараў і перакладчыкаў, мастакоў і дызайнераў, – гэтак і тых, хто з’яўляецца яе чытачамі.

На фестывалі цягам пяці дзён праграмы адбылося каля 70 мерапрыемстваў і імпрэз – дыскусіі і экспертныя круглыя сталы, прэзентацыі кніг і аўтограф-сесіі, цырымоніі абвяшчэння лаўрэатаў літаратурных і кніжных прэмій, майстар-класы і інтэнсівы, музычныя выступы і аўтарскія лекцыі. У іх арганізацыі і правядзенні прынялі ўдзел шмат вядомых беларускіх культурных дзеячаў – літаратары і філосафы, дызайнеры і выдаўцы, музыкі і журналісты, а таксама вольныя інтэлектуалы.

28 траўня у межах фестывалю адбылося таксама адкрыццё кніжнай выставы-продажу, да ўдзелу у якой далучылася агулам каля дваццаці беларускіх незалежных выдавецтваў і выдавецкіх ініцыятыў, большасць з якіх працавалі за стэндамі на працягу астатніх дзён фестывалю. Навінкі беларускага кнігавыдання знайшлі сваё ўвасабленне ў адмысловым Каталогу выставы, што быў прапанаваны для набыцця наведвальнікам фэсту. Акрамя беларускіх удзельнікаў у кніжнай выставе таксама прэзентаваў сваю кніжную лінейку адмыслова запрошаны госць – расійскае выдавецтва гуманітарнай кнігі “Гнозіс”. Прадукцыю многіх беларускіх выдавецтваў таксама прадстаўляла на сваіх стэндах КРУП “Акадэмічная кніга”.

У межах фестывалю працавалі некалькі тэматычных міні-выстаў: экспазіцыя копій старажытных геаграфічных карт «Старажытная Беларусь ў мапах і вобразах культуры» (рэалізацыя спецпраекту выдавецтва «Эканомпрэс» і З. Герасімовіча «Майстэрня старадаўніх геаграфічных мап»), а таксама выстава гістарычнага малюнку з прыватнай калекцыі Ю. Усціновіча.

На пэўны час фестываль зрабіўся месцам шчыльнай інтэлектуальнай камунікацыі наконт будучыні беларускага кнігавыдання, прасторай агучвання чаканняў і спадзеваў наконт далейшага развіцця такога своеасаблівага жанру і рынку як інтэлектуальная кніга. Госці фестывалю маглі знайсці сабе мерапрыемствы на любы густ: ад забаўляльных і рэлаксавых джэм-сесій, квестаў і музычных імпрэз да насычаных інтэлектуальных дыскусій і выступаў вядомых беларускіх аўтараў. Аматары дзіцячай кнігі таксама мелі цікавыя пункты ў праграме ў адмыслова для таго прызначаны дзень. Хаця арганізатары фестывалю свядома збольшага перанеслі акцэнт на самы складаны яе сегмент – кнігі для падлеткаў і “маладых дарослых”.

Арганізатары фестывалю, ўлічыўшы пазітыўны досвед яго правядзення і прыняўшы да ўвагі пэўныя недахопы, вырашылі працягнуць сваю дзейнасць і плануюць ў наступным годзе правесці другі фестываль інтэлектуальнай кнігі “Прадмова”, папярэдне ў красавіку 2019 г.

Арганізатарам мерапрыемства выступіла установа культуры “Кніжны офіс”.

Партнёры фестывалю: культурніцкі інкубатар “ОК16”, Symbal.by, Арт-Сядзіба, Беларускі ПЭН-цэнтр, БФП – беларуская філасофская прастора, ГКК “Будзьма беларусамі!”, Лятучы ўніверсітэт, Саюз беларускіх пісьменнікаў, Беларускі саюз мастакоў, Беларускі саюз дызайнераў, Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы, КРУП “Академическая книга”, Ulej.by, ВК ТАА “Макбел”.

Больш інфармацыі на старонках Фестывалю ў Facebook і Vkontakte

Фота: budzma.by

Глядзіце таксама відэа-запіса асобных падзей Фестывалю:

Што такое інтэлектуальная літаратура і досвед інтэлектуальнага чытання?

Беларуская Біблія Францішка Скарыны і пачатак беларускай інтэлектуальнай традыцыі

Валянцін Акудовіч. “Інтэлектуальная літаратура – эсэ перадусім”

Каму патрэбныя незалежныя літаратурныя прэміі?