Уладзімір Мацкевіч: Трэба вучыцца думаць Беларусь

30 верасня 2013

Служба інфармацыі “ЕўраБеларусi”  

Аб тым, чаму думаць пра нешта і думаць нешта – гэта не адно і тое ж, гораду і свету распавялі падчас першай лекцыі Лятучага універсітэта ў новым сезоне.

Права адкрываць ужо чацвёрты сезон публічных лекцый “Urbi et Orbi” выпала філосафу і метадолагу Уладзіміру Мацкевічу, паколькі праблематыка мыслення, адэкватных імкліваму, зменліваму свету падыходаў, спосабаў, інструмантаў мыслення – гэта адзін з тых акцэнтаў, якому ў Лятучым ўніверсітэце надаецца асаблівая ўвага.

Уладзімір Мацкевіч упэўнены, што вывучаць Беларусь можнатолькі ў мысленні людзей: “Я нават вынес гэта ў назву лекцыі: чаму рэчаіснасць не падпарадкоўваецца нашым загадам? Мы вынулі рыбку з сажалкі, вывучылі яе структуру, склад і потым запускаем рыбку назад, у сажалку і кажам – плыві. Але яна паварочваецца ўверх пузам і нікуды не плыве, не падпарадкоўваючыся нашаму загаду. Бо забітая і вывучаная намі мёртвая рыба, плаваць не ўмее. Плаваюць толькі жывыя . Гэта праблема – як вывучыць тое, што нас цікавіць, не забіваючы яго?

Лекцыя пад назвай “Мысленне і крыўда, або Чаму рэчаіснасць не падпарадкоўваецца нашым загадам і што рабіць, каб было іначай” ужо па традыцыі сабрала ў галерэі “Ў” поўную залу людзей, якія жадаюць слухаць і чуць. Як адзначыў адзін з тых, хто прыйшоў на лекцыю, “я прыйшоў не толькі для таго, каб даведацца нешта новае пра мысленне, але яшчэ і для таго, каб паўдзельнічаць у працэсе мыслення разам з Уладзімірам Мацкевічам і іншымі слухачамі“.

Свабодных месцаў падчас лекцыі заўважана не было, таму стаяць і думаць разам з лектарам прыйшлося нават філосафу, паэту і літаратурнаму крытыку Валянціну Акудовічу.

Тэму і праблему лекцыі я лічу вельмі важнай, можа быць самай актуальнай цяпер для краіны“, – адзначыў Уладзімір Мацкевіч. Хоць камусьці, як напрыклад, адной з юных слухачак, якая прыйшла на лекцыю, магло падацца, што лектар Мацкевіч кажа пра вельмі спрэчныя і незразумелыя рэчы. Але такая спецыфіка Лятучага ўніверсітэта: ён адкрыты свету і прэтэндуе на сур’ёзнае месца ў фарміраванні і развіцці беларускай нацыі.

Не выпадкова Уладзімір Мацкевіч у канцы сваёй лекцыі падкрэсліў, што ён мог бы працягнуць разважаць аб важным і набалелым, але не толькі абмежаванні па часе, але і некаторыя іншыя фактары яму не дазваляюць гэтага зрабіць у рамках толькі адной лекцыі.

Як адзначыў Уладзімір Мацкевіч ўжо пасля адкрыцця новага сезона Лятучага універсітэта, з наступнай публічнай лекцыяй ён зможа выступіць не раней, чым праз год ці два: “А тады і мяне будуць займаць ўжо іншыя праблемы, і для краіны будуць актуальныя іншыя тэмы“.

Але арганізатары публічных лекцый Лятучага універсітэта ўпэўненыя, што на працягу ўсяго навучальнага года ў рамках такіх мерапрыемстваў пастаянна будуць збірацца тыя, хто хоча даць і ўзяць як веданне, так і інтэлектуальны вопыт.

Нагадваем, што з раскладам публічных лекцый “Urbi et Orbi”, а таксама з відэазапісамі ўжо праведзеных сустрэч, можна пазнаёміцца на сайце Лятучага універсітэта https://fly-uni.org/.