Ахраматычныя беларусы

02 лістапада 2012

Размова з мастаком-дызайнарам Міхалам Анемпадыставым.

У тым годзе ў межах публічных лекцый Лятучага Ўніверсітэта “Гораду і Свету” Міхал Анемпадыстаў распавядаў нам пра “Колер Беларусі”. Тады мы лекцыю не запісалі і яна засталася толькі ва ўспамінах і ўражаннях прысутных. А зараз у “Сzasopis” з’явіўся вялікі артыкул-размова са спадаром Міхалам на тую ж тэму.  Прапануем яго Вашай  ўвазе .

“Сzasopis” – Беларускі грамадска-культурны часопіс, прысвечаны пытанням сучаснасці, гісторыі, літаратуры і мастацтва, месца чалавека ў свеце. Форум думкі беларусаў і ўсіх тых, каму блізкая беларуская тэматыка.  

Чым зараз займаецца Міхал Анемпадыстаў, выдатны дызайнар, мастак і творца беларускай культуры? 

– Я займаюся цяпер у першую чаргу дызайнам, та візуальным, як антрапалагічным. Гэта значыць апроч праектавання нейкіх аб’ектаў альбо графічных твораў я спрабую разабрацца ў тым як выглядае беларуская культура. Калі візуалізаваць беларускую культуру, я спрабую зразумець як яна выглядае. Які ў яе стыль, якія каноны існуюць. Што такое для ўмоўнага, статыстычнага, ідэальнага беларуса, якога няма ў прыродзе, панятак прыгожага. Гэта складана вербалізаваць, я ніколі пра гэта не думаў. Спрабую нарэшце разабрацца ў тым, адшукаць і выявіць аблічча беларускай культуры.

З аднаго боку ёсць напрацоўкі і апошнім часам людзі гэтым займаюцца, вывучаюць. На прыклад драўляная архітэктура альбо беларускі ручнік, ткацтва. Неяк так атрымліваецца, што ўсё гэта фрагментарна. Кожны даследуе свой фрагмент. У выніку маем раз’яднаныя візуальныя помнікі ці каноны, стылі. Архітэктура гэта адно, ткацтва зусім іншае. А мне цікава, каб гэта ўсё нейкім чынам паспрабаваць усё ж такі спалучыць. Дзе за што чапляецца, што з чаго вынікае. Ці ёсць нейкія ўніверсальныя законы і каштоўнасці, якія працінаюць усю побытавую беларускую культуру. Калі коратка – гэта мяне апошнім часам найбольш цікавіць.

Калі канкрэтызаваць, то гэта вялікі праект, якім я ўжо даўно займаюся, ён называецца „Колер Беларусі”. Я падумаў, што колер па сабе з’яўляецца невербальнай мовай. Кожны народ мае прэферэнцыі адносна колеру. У розных культурах адным падабаюцца тыя колеры, другім іншыя. Мне было цікава разабрацца з тым, якім колерам аддае перавагу гэты ўмоўны беларус. Якія колеры зачапіліся ў беларускай культуры, засталіся і якія самі сталі часткай гэтай культуры. І адпаведна ўся гісторыя. Чаму менавіта гэты колер палюбіўся беларусамі. Як ён патрапіў на Беларусь, якія мае ўплывы. Ясна, што мы жывем не ў ізаляваным космасе. Мы кантактуем з суседзямі, мы нешта ад іх пазычаем, нешта суседзі нам праз нашае жаданне навязваюць і мы гэта з цягам часу пачынаем успрымаць як сваё. Гэта мяне цікавіла. У выніку паўстаў праект „Колер Беларусі” з візуальнай падборкай, гэта значыць фотаздымкі і розныя артэфакты з тэкставай часткай.

Які колер Беларусі?

– Інтрыга маёй працы на тым палягае, што я не выношу ў назву колер, а хутчэй задаю пытанне пра колер Беларусі, не называючы які. Мне цікава, каб кожны сам паспрабаваў адказаць на гэтае правакатыўнае пытанне. Што тычыцца мяне асабіста, я лічу, што колер Беларусі гэта шэры.

Шэры не асацыюецца зараз добра. Гэта сімвалічна крышку абыякавы…

– Безумоўна, шэры мае зараз перадусім негатыўныя адценні. Як сінонім ці сімвал нуднасці, беспрасветнасці. Але калі капаць глыбей, заўважце, што ў беларускай вербальнай традыцыі шэры колер пазітыўны. Усе татэмічныя жывёлы, надзеленыя нейкім сакральным значэннем – яны ўсе шэрыя. Яны не існуюць без дадатку гэтага колеру. Каза, якая нясе дабрабыт, урадлівасць. Коцік шэрэнькі, ваўчок. Мышка шэрая, якая хвосцікам разбівае залатое яйка. Уся гэта казка вельмі касмалагічная. Шэрая галка якая прыносіць залатыя ключы ад зямлі на Юрыя, які адчыняе імі зямную расу.

Усе гэтыя жывёлы шэрыя невыпадкова. У дадзеным выпадку гэта колер утульнасці, бяспекі, у нейкім сэнсе мяккасці і цяпла. Калі я менш займаўся напрацоўкамі якія існуюць наконт псіхафізічнага дзеяння колеру, я думаў што шэры колер апроч таго што ён з’яўляецца ў нейкім сэнсе нудным, смутным нават. Я ўпэўнены, што ён апроч гэтага яшчэ супакойвае як колер нейтральны. Бо ён па-першае ахраматычны, то значыцца ён па-за межамі спектральнага кола паміж белым і чорным, ён не раздражняе. Таму ў пэўным сэнсе ён нясе спакой і пачуццё бяспекі.

Для беларускай культуры ўжыванне колеру ў побытавай культуры, у інтэр’еры, было вельмі абмежаванае. Фактычна ўвесь гэты побыт складаўся з нефарбаваных матэрыялаў. Дрэва, гліна якая толькі часам тэхналагічна задымлялася. У нас амаль няма каляровай, паліўной керамікі. Найболей распаўсюджанай была натуральная, якая залежыць толькі ад колеру гліны. Бясколернасць якраз характэрная для традыцыйнай культуры. Дарэчы, пра гэта шмат хто піша. Ян Булгак у сваёй кнізе „Край дзіцячых гадоў” некалькі разоў звяртае ўвагу чытача што традыцыйны беларускі дом нефарбаваны. Дрэва з цягам часу робіцца шэрым. Гэтае ён спрабуе аналізаваць, акрэсліць так званы шляхецкі стыль і сялянскую эстэтыку. Некалькі разоў сцвярджае ў гэтай кнізе, што гэтая натуральнасць, інтэграванасць у прыроду, з’яўляецца адной з характэрных рысаў шляхецкага і сялянскага дома.

Каб яшчэ больш падкрэсліць, а можа чыста са сваіх нейкіх уласных псіхічных успамінаў, некалькі разоў прыводзіць прыклад, калі расійскія памешчыкі прыязджалі на Наваградчыну. А якраз у канец ХІХ стагоддзя мы ведаем, што маёнткі рэквіраваліся ў мясцовай шляхты і прадаваліся расійскім памешчыкам. Яны прыязджалі і пачыналі жыць на Беларусі са сваімі расійскімі густамі і законамі. Ён прыгадвае, як яны прыязджалі і старасвецкі дом фарбавалі якой-небудзь зялёнай ці блакітнай фарбай. Альбо дах фарбавалі, што для яго было абсалютна непрыемлівым. З дзяцінства ён быў гэтым шакаваны.

Такі дом вылучаўся, быў бачны здалёк.

– Шчыра кажучы, я не ведаю з якой мэтай расіяне гэта рабілі. Думаю што рабілі з вельмі простай мэты. Яны думалі, што гэта было прыгожа. Важна што для тутэйшага жыхара Наваградчыны гэта было непрыгожае. Тут мы сустракаемся з канонам традыцыйнай культуры. Прыгожае тое што было перад намі. Так заведзена і гэта прыгожа. Не робіцца аналіз, чаму падабаецца. А падабаецца таму, што гэта традыцыя. Расіяне са сваёй традыцыяй ясна не ўпісваліся і для малога Яна Булгака тое што яны фарбавалі дах, гэта было непрыгожае. І для бацькі яго было непрыгожае. Казаў яму: „Глядзі які жудасны азіяцкі колер!”. А сёння бачым, што спрэс па Беларусі на змену гэтай традыцыі калі натуральны дах то дрэва не фарбуецца, а прыходзяць вельмі яркія колеры і спалучэнні.

То бок зараз мы гэта прынялі ў эстэтыцы.

– Я думаю, што адказ іншы. Мы прынялі некаторыя расійскія традыцыі, напрыклад ужывання сіняга і блакітнага колеру ў экстэр’еры. Гэта траыдыцыя расійская і нават ведаю адкуль яна з’явілася ў самой Расіі. Тое ж самае зялёны колер. Фарбаванне дамоў на цёмна-зялёны колер. Таксама расійская традыцыя, яна не такая старая, усё яго ХІХ стагоддзе.

Гэта не зусім ненатуральны колер. Цёмна-зялёны колер бывае ў прыродзе.

– У прыродзе бывае, так. Толькі тут гаворка не пра тое што колер падбіраецца пад фарбы прыроды. Гаворка пра тое, што матэрыялы маюць свой прыродны колер. Традыцыйным для беларусаў было нічым не фарбаваць, пакідаць такім якім ёсць.Фарбаванне будынкаў алейнымі фарбамі звязанае з некалькімі момантамі. Тым што яны з’явіліся ў шырокім продажы і сталі таннейшымі, можна было сабе дазволіць пафарбаваць. Тое што ў ХІХ стагоддзі ў Расіі ўзнікла некалькі плыняў архітэктурных і ў дэкаратыўным мастацтве, якія спрабавалі зрабіць свой расійскі стыль. У архітэктуры ажно тры такія стылі існуе – так званы рускі–візантыйскі, неарускі стыль па прыкладзе паўночнай расійскай архітэктуры. Ёсць так званы псеўдарускі стыль. Ён такі казачны, церамочны, на мяжы з безгустоўнасцю і кічам, але гэта падабалася людзям найболей. І вось гэты псеўдарускі стыль як найбольш дэкаратыўны, распаўсюдзіўся з вялікай хуткасцю на агромнай тэрыторыі. Захапіў нават Беларусь і Беласточчыну. Усе гэтыя карнізы, налічнікі, рэзбяныя, карункавыя элементы, дэкор – гэта адгалоскі расійскага стылю якога найбольш яркім архітэктарам быў Іван Рапэт.

Ідэолагамі псеўдарускага стылю была група вельмі таленавітых мастакоў і дзеячаў мастацтва на чале з Аляксандрам Бенуа (група „Мир искусства”). Абодва браты Васнецовы, Мікалай Рэрых і яшчэ шмат. Вядома што існавала два галоўныя асяродкі – сядзіба недалёка Смаленска, а другі каля Масквы. Абрамцава, здаецца. Яны шмат чаго прыдумалі, намалявалі проста з галавы, з пальцаў. Прайшоў рускі стыль гуляць. Зрабіўся модным. Яны бралі ўдзел у парыжскіх выставах і там ён таксама пакаціў. І ў Еўропе ўзнікла, перадусім у Францыі, мода на „ля рюс”. Ён паўплываў, ясна. У ХІХ стагоддзі патрапіў на Беларусь таксама. Спачатку праз расійскіх прадстаўнікоў. Пазней стаў часткай традыцыйнай культуры. А на Беласточчыне яшчэ больш дзіўная гісторыя. Тут трэба браць пад увагу тое, што шмат людзей было эвакуіравана падчас першай сусветнай вайны.

Так, у бежанства. Ёсць такое меркаванне, што ў 1915 годзе, калі выехалі ў глыбінку Расіі, тады там захапіліся. Вярнуліся і пачалі так будаваць. Вялікія вокны і гэтак далей. Гэта быў – як вы кажаце – псеўдарускі стыль?

– Перадусім колькасць драўляных разных упрыгожванняў. Аканіцы таксама нехарактэрныя. Тут нават бачна, што калі пераязджаеш мяжу Беларусі ў Польшчу. Гарадзеншчына стылёвая ці не больш заходняя чым Беласточчына, якая яшчэ далей на захад. Ну і гэтае спалучэнне таксама сіне-блакітнае. Яно па-першае ўвогле нееўрапейскае. У Еўропе не спалучаецца колеры падобныя. Сіні і блакітны, ружовы і чырвоны напрыклад. Еўрапейская традыцыя гэта кантрастныя спалучэнні. На Беларусі вельмі актыўнае ўжыванне двух колераў сіняга і блакітнага ў апошнія гады, гэта не так даўно з’явілася. Яно стала распаўсюджаным. Перадусім у рэгіёнах, дзе праваслаўе. Бачым Беласточчыну, цэрквы. Гэта іррацыянальнае спалучэнне.

У Бельску Міхайлаўская царква. Там спалучэнне блакітнага з сінім – шалюнак і аканіцы. Адкуль гэта бярэцца, з якой культуры?

– Гэта характэрнае для арыентальнай культуры. Яна калярыстычная, вельмі шырока спалучае колеры недапусцімыя для традыцыйнай еўрапейскай культуры, якая выходзіць з аднаго боку з антычнай грэцкай калярыстычнай традыцыі, а другая, гэта антычная рымская традыцыя.

Блакіт у беластоцкай традыцыі перадусім у сакральных пабудовах. На Беласточчыне сіне-блакітны колер з’яўляецца ў нейкім сэнсе маркерам нацыянальнай ідэнтычнасці. Альбо па крайняй меры маркерам канфесійнай, праваслаўнай ідэнтычнасці. На Беларусі вельмі шырока выкарыстоўваецца сіне-блакітны колер на поўдні, гэта перадусім цэрквы праваслаўныя. А па ўсёй астатняй Беларусі паступова гэтыя колеры пачынаюць выцясняць белы з акон. Яны перастаюць быць белымі, усё часцей можна сустрэць гэты сіне-блакітны колеры. Ён зрабіўся таксама досыць распаўсюджаным колерам на могілках – агароджа, крыжы. Я думаю, што гэта таксама ўплыў праваслаўнай царквы. На маю думку, абсалютна дзіўна. Калі царква блакітная, я яшчэ магу зразумець. Кожны можа зразумець што сіні колер гэта колер неба. Зрэшты, гэта колер ў сярэднявеччы Дзевы Марыі і гэта адзін з кананічных колераў абразоў. Але калі крыжы і агароджа на могілках фарбуецца блакітам гэта абсалютна іррацыянальны падыход, насуперак.

Калі мы ўжо пры Беласточчыне, тады мне трэба запытаць што дызайнар са сталіцы робіць на правінцыі, у Бельску. Што тут цікавага?

– Па-першае мне не падабаецца слова правінцыя. Беларусь не такая вялікая краіна, каб мець яшчэ нейкую правінцыю. Яна ўмешчваецца ў свае гістарычныя рэгіёны. Лагічна і нармальна гэта Палессе, Падняпроў’е, Паазер’е, Нёманскі край і Падляшша. Кожны рэгіён для мяне гэта кавалак Беларусі, з якога складаецца.

А Смаленшчына – ужо не беларуская?

– Я быў у Смаленску ў мінулым годзе. На жаль, яна ўжо не беларуская. Увогле Смаленшчына гэта тэрыторыя з трагічнай гісторыяй. У прынцыпе гэта тая мадэль, якая магла спраўдзіцца на ўсю Беларусь, якая магла стаць Смаленшчынай. З іншымі гістарычнымі каранямі, іншымі сярэднявечнымі традыцыямі, магдэбургскім правам і г.д., пазней апынуцца ў складзе Расіі і стаць расійскім фарпостам на заходняй мяжы. Смаленшчына – вельмі трагічная гісторыя, памежная пазіцыя, знаходжанне. У прынцыпе там не толькі расійцы рабавалі і знішчалі, мы таксама. Тыя ж самыя палачане нападалі на Смаленск. Захоплівалі і забівалі палову насельніцтва.

Гэта было ў ранніх вяках, калі былі княствы. Вядома, гэта другое княства, Смаленскае.

– Ды яны, смаляне, таксама крывічы як і палачане. У крывічоў былі два цэнтры – Полацак і Смаленск. Адзін кантраляваў шлях з варагаў у грэкі, а другі іншы варыянт, праз які можна было дабрацца са Скандынавіі ў Візантыю. І на гэтых стратэгічных месцах узніклі гэтыя буйныя гарады. Ды яны былі з аднаго племяннога саюза. Крывічы полацкія напаўшы на Смаленск і захапіўшы яго, пазабівалі сваіх жа. Тое яшчэ раз пацвярджае тэзу, што ўтварэнне княстваў з якіх пазней ўтвараліся этнасы ці протаэтнасы, там, відаць, этнічны чыннік быў няважны. Больш важным было дынастычнае падпарадкаванне.

Гутарыў Тамаш Суліма

УЛАДЗІМІР МАЦКЕВІЧ — #ФІЛОСАФ_У_ТУРМЕ
Свабодную думку немагчыма пасадзіць у турму!
Напішыце каментар