
Наша краіна да траўня 2018 г. павінна выканаць шэраг абавязацельстваў, якія ўзяла на сябе, далучыўшыся да Балонскага працэсу. Аднак з 2015 года Беларусь не здолела нават наблізіцца да выканання іх пераважнай часткі.
Ad hoc камісія Беларускай нацыянальнай платформы Форуму грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства і Грамадскі Балонскі камітэт падрыхтавалі справаздачу аб маніторынгу імплементацыі Дарожнай карты рэфармавання вышэйшай адукацыі Беларусі. Пра асноўныя вынікі маніторынгу Службе інфармацыі “ЕўраБеларусі” распавёў сябра Грамадскага Балонскага камітэту Уладзімір Дунаеў.
Ні адно з абавязацельстваў, узятых беларускім бокам у 2015 годзе, не выканана цалкам і ў прызначаны тэрмін. Са спісу найбольш чаканых грамадскасцю пераменаў рэалізаваны альбо знаходзяцца ў працэсе рэалізацыі толькі патрабаванні Дарожнай карты, якія датычацца балонскай архітэктуры вышэйшай адукацыі (пераход да трохпрыступкавай сістэмы бакалаўр-магістр-кандыдат навук) і бясплатнай выдачы дадатка да дыплома еўрапейскага ўзору (Diploma Supplement).
Што ж да стварэння нацыянальнай рамкі кваліфікацый, незалежнага агенцтва кантролю якасці адукацыі, адмены практыкі размеркавання выпускнікоў вну, пераадолення дыскрымінацыі студэнтаў прыватных вну ў частцы прадастаўлення фінансавай дапамогі (ільготных крэдытаў) – усе гэтыя пункты засталіся не выкананымі. Тое ж датычыцца і зменаў у сістэме выдачы дазволаў на паездкі з мэтай падаўжэння тэрмінаў знаходжання выкладчыкаў і студэнтаў у краінах ЕПВА без неабходнасці атрымання дазволу міністэрства, гарантый акадэмічнай свабоды і пашырэння інстытуцыйнай аўтаноміі, уключаючы пашырэнне студэнцкага ўдзелу ў кіраванні вну, а таксама забеспячэння правоў студэнтаў і выкладчыкаў на стварэнне і рэгістрацыю арганізацый ды адмены артыкула 193.1 Крымінальнага Кодэксу.
Такім чынам, з дзевяці значных для шырокай грамадскасці абавязацельстваў Дарожнай карты беларускія ўлады могуць выканаць толькі два і толькі ў тым выпадку, калі да траўня 2018 года будзе прыняты Кодэкс аб адукацыі ў новай рэдакцыі. Аднак вельмі мала шанцаў, што гэта адбудзецца, паколькі перадача гэтага законапраекта ў Нацыянальны сход адкладзеная на нявызначаны тэрмін.
– Адтэрміноўкі ў прыняцці Кодэкса з’яўляюцца сімптомамі таго, што сітуацыя ў адукацыі ўвогуле і ў вышэйшай адукацыі ў прыватнасці пагоршылася, – мяркуе Уладзімір Дунаеў. – Трэба прызнаць, што два папярэднія міністры (Сяргей Маскевіч і Міхаіл Жураўкоў) пры ўсёй нашай крытыцы і прэтэнзіях да іх рабілі крокі ў напрамку рэфармавання вышэйшай адукацыі, чаго ніяк нельга сказаць пра новага міністра, які, відаць, прызначаны для таго, каб пераламіць гэты трэнд на мадэрнізацыю.
Па словах Уладзіміра Дунаева, вышэйшая адукацыя знаходзіцца на перыферыі ўвагі Ігара Карпенкі, а ў грамадства ўкідваюцца пытанні сярэдняй адукацыі, прычым не самыя фундаментальныя: пачынаць заняткі ў школах а 8-ай ці а 9-ай гадзіне, выкарыстоўваць 5- альбо 10-бальную сістэму ацэнкі і г.д. Усе гэтыя пытанні на якасць адукацыі ніяк не ўплываюць.
Аўтары справаздачы адзначаюць, што адсутнасць прагрэсу назіраецца менавіта ў тых галінах, якія і раней выклікалі моцную трывогу ў членаў Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі, што паслужыла ў 2012 годзе прычынай пераносу разгляду заяўкі Беларусі на ўступленне ў ЕПВА.
Яшчэ напачатку года эксперты прагназавалі, што калі будзе прыняты Кодэкс аб адукацыі ў тым выглядзе, у якім яго абмяркоўвалі ў лютым, то выкананне Дарожнай карты магчыма на ўзроўні 30%. Сёння яны канстатуюць, што ніводзін значны пункт дакумента не выкананы.
Балонскі ўніверсітэт
– Мы бачым, што абвастрылася сітуацыя з акадэмічнай свабодай, правамі студэнтаў. Акадэмічныя рэпрэсіі ўзмацніліся да такой ступені, што польскі ўрад быў вымушаны прызнаць іх наяўнасць і вярнуцца да праграмы падтрымкі рэпрэсаваных беларускіх студэнтаў – праграмы Каліноўскага. Самы трывожны сімптом, што там, дзе было шмат спадзяванняў на мадэрнізацыю і павышэнне якасці адукацыі, цяпер няма ні чаканняў, ні ўвагі з боку грамадства.
Нягледзячы на тое, што рэфармаванне сістэмы вышэйшай адукацыі Беларусі апошнім часам замарудзілася, эксперты лічаць, што сітуацыю можна выправіць, працягнуўшы для нашай краіны дзеянне Дарожнай карты на два – тры гады з захаваннем міжнароднага кантролю за яе выкананнем.
– Пэўныя крокі прадпрымаюцца, іншая справа, што яны датычацца спецыфічнай інструментальнай сферы і фактычна не закранаюць каштоўнасці, што і з’яўляецца асноўным адрозненнем беларускай сістэмы адукацыі ад еўрапейскай. У тым, што цяпер адбываецца, можна бачыць пэўны адкат назад, але я б не разглядаў яго як безнадзейны, калі міжнародная і грамадская ўвага да гэтай сферы захаваецца і будзе некаторы ціск на беларускія ўлады з тым, каб яны выконвалі свае абавязацельствы.
Яўгенія Бурштын, ЕўраБеларусь