
Міхал Анемпадыстаў
Гэты тэкст створаны па матывах даклада, які мастак і дызайнер Міхал Анемпадыстаў, эксперт у пытаннях фармавання ідэнтычнасці і ментальнасці паводле лакальных візуальных кодаў праекта CHOICE, зрабіў на прэзентацыі праекта ў Брусэлі. Даклад атрымаўся настолькі ўдалым, што партнёры праэкта папрасілі спадара Міхала падрыхтаваць на яго аснове асобны матэрыял, а таксама прадставіць на фінальнай сустрэчы двухгадовага праекта ў Беларусі. Прапануем выніковы варыянт вашай увазе.
Міхал Анемпадыстаў. Фота: Аліса Ахрамовіч
Я нарадзіўся і сталеў у час, калі гісторыка-культурная спадчына горада жыла сваім асобным жыццём, адлучаная ад гараджанаў. Аб’екты гэтай спадчыны існавалі фізічна, некаторыя з іх нават мелі ахоўны статус, але яны не былі напоўнены зместам і мы пра іх амаль нічога не ведалі.
Паасобныя будынкі, іх групы і ансамблі, вуліцы, плошчы, паркі, былі часткай фізічнай гарадской прасторы, пазбаўленай гісторыі і гісторый, сэнсавых і асацыятыўных сувязяў унутры самое сябе. Проста прастора, плоская і аднастайная, як новапакладзенае асфальтавае пакрыццё – адлегласьці паміж пунктамі ўяўнай мапы.
Пра гісторыю горада не казалі па тэлевізары, не пісалі ў газэтах, не вучылі ў школе. Такі падыход быў невыпадковым – савецкая ідэалогія свядома замоўчвала дасавецкую мінуўшчыну. Выключэннем была гісторыя апошняй вайны, якая надзейна перакрывала ўсё тое, што было да яе. Пры гэтым, самі гістарычныя аб’екты часоў Другой Сусветнай уладу не надта цікавілі, больш важнай была іхняя роля прасторавага маркера, сімвалічнага месца для захоўвання сімвалічных сэнсаў.
На практыцы такая канцэпцыя рэалізоўвалася ў выглядзе памятных знакаў, манументаў і мемарыяльных комплексаў. Напоўненыя зместам, сэнсамі і міфамі, яны настолькі трывала ўвайшлі ў масавую свядомасць, што дагэтуль з’яўляюцца ўніверсальнай светапогляднай каштоўнасцю, мацуючы сваёй прысутнасцю падмурак беларускай дзяржаўнай ідэалогіі. А таксама выкарыстоўваюцца нашай усходняй суседкай, як сродак геапалітычнага ўплыву.
Мемарыяльныя знакі, Мінск
Па стане на 1970 г. помнікаў архітэктуры на ўліку дзяржавы было ўсяго 525. А мемарыяльных знакаў рознага кшталту толькі ў перыяд з 1965 па 1972 год было ўсталявана каля 6000. Ўсталяваннем такіх знакаў у савецкія часы займалася таварыства аховы помнікаў Беларусі. Гэта і было асноўнай задачай аб’яднання, якое на пачатку 70-х налічвала блізу мільёна чальцоў, якія дабраахвотна-прымусова выплачвалі свае сяброўскія ўзнёскі. Ў тым ліку і я сам.
Я вырас на Камароўцы. Ў дзіцячым садку нас вадзілі глядзець помнік Марату Казею, пазьней, ужо ў школу, прыходзіла ягоная сястра. Школа месцілася на рагу Куйбышава і Веры Харужай, таму пра Веру нам таксама расказвалі шмат. Апроч таго, што ў Заходняй Беларусі яна займалася ў тым ліку дыверсійнай, альбо, як бы мы сёння сказалі, тэрарыстычнай дзейнасцю. Яшчэ мы ведалі, дзе ў вайну месцілася падпольная друкарня, а пра лагер савецкіх ваенапалонных на суседняй са школай пляцоўцы нам не казалі – не было загаду зверху.
Помнік Марату Казею, Мінск
Не казалі таксама пра тое, што Птушыны рынак месціцца на старых шпітальных могілках, а кінатэатр Спартак на могілках Старажоўскіх, што камяніца за будынкам кінатэатра – былая царква, што ўсё гэта стаіць на гары Пярэспа і гэтак жа называецца рэчка, што ўпадае ў Свіслач за гарой, каля колішняга зернесховішча, там дзе цяпер сінагога, а некалі, паводле паданняў, стаяў млын Мянеска.
Старажоўскія могілкі, Мінск, пачатак XX ст., фота: Sputnik.by
Усё, што я ведаў пра горад з дзяцінства, было пачута ад бацькоў, ці іх знаёмых. Людзі неахвотна распавядалі пра мінулае. Яны баяліся. А калі гаварыць стала можна, ўжо не было тых, хто мог распавесці. Ўяўленні майго пакалення пра неваенную мінуўшчыну мелі асабісты характар, яны не ўтваралі супольную ўніфікаваную сістэму каштоўнасцяў, вартасць якіх не трэба адзін адному тлумачыць альбо даказываць.
На пачатку 70-х гг. мінулага стагоддзя стаўленне да ўласнай гісторыі і адпаведна гісторыка-культурнай спадчыны пачало змяняцца. Як мне думаецца, зьмены былі інспіраваныя шэрагам таленавітых, разлічаных на масавага чытага кніг у арыгінальным, гісторыка-краязнаўчым жанры.
Літаратура гэтага кшталту амаль адначасова з’явіліся ў розных рэспубліках былога СССР. У Расеі так пісаў Салавухін, у Латвіі – Зіедоніс, у Беларусі – Караткевіч. Адметнай рысай іх твораў было дэклараванне любові да ўласнай “малой Радзімы”, паэтызацыя яе гісторыі і прыроды.
Аўтары гэтай літаратурнай плыні знайшлі слабое месца ў сцяне афіцыйнай ідэалогіі і стварылі адмысловы культурны плацдарм, які з цягам часу шчэ болей пашырыўся. Да краязнаўча-гістарычнай літаратуры дадалася новая хваля гістарычнай прозы. На Беларусі яна была прадстаўлена творамі Адама Мальдзіса, Леаніда Дайнэкі, Кастуся Тарасава, Алеся Петрашкевіча, і канешне, Ўладзімера Караткевіча.
Уладзімір Караткевіч
Іхнія творы насычалі вербальным і сімвалічным зместам аб’екты гісторыка-культурнай спадчыны, злучалі іх сэнсавымі і асацыятыўнымі сувязямі, вярталі фізічнай прасторы яе страчанае гістарычнае і культурнае вымярэнне.
На глебе зацікаўленасці уласнай гісторыяй і культурай у пачатку 80-х пачалі ўзнікаць незалежныя моладзевыя суполкі. Найбольш з іх вядомыя – Майстроўня і Талака. Першая рабіла акцэнт на этнаграфіі, другая на ахове матэрыяльнай спадчыны. Падобныя нефармальныя аб’яднанні былі ў Гомлі, Лідзе, Полацку, іншых гарадах Беларусі. Паўставалі інтэлектуальныя асяродкі і дыскусійныя клубы – “Сумоўе“ на базе Акадэміі Навук, “Гістарычная гасцёўня“ ў Доме Літаратараў, кола музея старажытнабеларускай культуры, а таксама Рэстаўрацыйных майстэрняў.
Майстроўня на Гуканні Вясны ў Заслаўі, 24 красавіка 1989 г.
На пярэднім плане: Сяргей Дубавец і Вінцук Вячорка
Першыя легальна дзеючыя недзяржаўныя арганізацыі на Беларусі 80-х мелі асветніцкі гісторыка-культурны характар. Не праваабарончы, не сацыяльны і не палітычны, а менавіта гісторыка-культурны. Падобная сітуацыя складвалася і ва Ўкраіне, у Літве, Латвіі. Менавіта гэтыя арганізацыі і асяродкі крыху пазней, у часы Перабудовы, сталі асновай агульнанацыянальных грамадска-палітычных рухаў, якія ўрэшце рэшт змянілі хаду гісторыі.
Ў працэсе вяртання зместа і сэнсаў нацыянальнай спадчыны актыўны ўдзел прымалі не толькі літаратары, але таксама прадстаўнікі іншых прафесій – навукоўцы, рэстаўратары, творцы. Гісторыка-культурная тэматыка актыўна распрацоўвалася ў выяўленчым мастацтве, ў тым ліку ў такім, разлічыным на шырокае кола спажыўцоў, жанры, як ілюстрацыя. Асабліва вылучалася ілюстрацыя дзіцячых выданняў. Важную ролю адыграў плакат, які вяртаў у грамадскі ўжытак гістарычныя падзеі, аб’екты, асобы, ствараючы іх лаканічныя запамінальныя вобразы-знакі.
Мажліва з гэтых крыніцаў бярэ пачатак наш сантымент да часоў ВКЛ, які ў спалучэнні са старой савецкай прагай да гігантаманіі, вызначыў канцэпцыю дзяржаўнай палітыкі ў сферы аховы культурна-гістарычнай спадчыны. Прыярытэтамі гэтай палітыкі былі маштабныя рэнавацыйныя праекты, такія як узнаўленне замкаў, палацаў, ратушаў. Пры гэтым крытыцы падвяргаліся толькі метады рэнавацыі, а не сам выбар аб’ектаў. Адносна яго ўлады і грамадства мелі (і маюць) згоду.
У той самы час, аб’екты, змест і вартасць якіх не была прагаворана, прад’яўлена публічна і ўсвядомлена грамадскасцю, працягвалі разбурацца. Часам пры дапамозе адказных асобаў і з маўклівай згоды ўсіх астатніх. Горкая іронія такой сітуацыі палягае на тым, што захаванне такіх аб’ектаў не патрабавала асаблівых фінансавых укладанняў. Найчасцей можна было абмежавацца бягучымі выдаткамі, альбо ўвогуле абыйсціся без іх. Для захавання гэтых аб’ектаў не хапіла аднаго – калектыўнага ўсведамлення іх вартасці.
Такое ўсведамленне не з’яўляецца само па сабе. Яно ўзнікае ў выніку нашых інтэлектуальных і творчых высілкаў, і распаўсюджваецца пры дапамозе асабістага пераймання, адукацыі, мас-медыяў. Такім усведамленнем дагэтуль не ахоплены некаторыя віды як матэрыяльнай, гэтак і нематэрыяльнай спадчыны. Напрыклад, мы па-ранейшаму не разумеем вартасці ўсяго гістарычнага краявіда (цалкам), а вылучаем і ахоўваем яго паасобныя фрагменты. Мы не бачым эстэтыку і гісторыю думкі ў прамысловай архітэктуры. Не шануем уласную гастранамічную традыцыю. Не разумеем эстэтычную каштоўнасць паркаў і іхнюю ролю ў культуры.
Канфлікт вакол Асмалоўкі – прыклад такой сітуацыі. Аб’ект спадчыны ў добрым стане, і апроч элементарных капрамонтаў ніякіх адмысловых захадаў не патрабуе. Ягоныя змест і вартасць ужо прагавораны і ўсвядомлены, але не ўсімі, можна пачуць галасы, якія падвяргаюць вартасць аб’екта сумневу. Іх няшмат, але яны ёсць. Гэта нармальна. На ўсведамленне патрэбны час. Але яго няма, бо ўжо сёння ёсць ахвотныя прыўлашчыць тэрыторыю і манетызаваць яе на сваю карысць. Пры гэтым, ужо прагавароная і ўсвядомленая грамадзтвам вартасць існуючага гістарычнага аб’екта падвышае кошт аб’екта, запланаванага на яго месцы. Такі парадокс.
Мінск, Асмалоўка. Мастак Раман Федасенка
Падсумоўваючы сказанае, варта падкрэсліць наступныя моманты:
Паўстае аднак пытанне, як уратаваць ад знішчэння тыя аб’екты спадчыны, змест якіх не быў прагавораны, а вартасць не ўсвядомлена грамадскасцю. Напрыклад, былі не даступныя першакрыніцы, ці не было каму гэты змест агучыць, альбо гэты змест не быў належным чынам данесены да грамадскасці. Адзіным выйсцем тут бачыцца своеасаблівая прэзумпцыя каштоўнасці. Гэта азначае, што кожны аб’ект спадчыны лічыцца патэнцыйна каштоўным. У ідэале, любому рашэнню па ліквідацыі аб’екта павінна папярэднічаць незалежная гісторыка-культурная экспертыза і грамадскае абмеркаванне. У дэмакратычным грамадстве гэта магчыма.
___________________________________________________________
Даведка “Лятучага”:
Міжнародны праэкт “CHOICE — Cultural Heritage: Opportunity for Improving Civic Engagement” рэалізуецца Асацыяцыяй агенцтв мясцовай дэмакратыi ALDA (Францыя) сумесна з Міжнародным кансорцыумам “ЕўраБеларусь” (Лiтва).
Праект разгортваецца ў Беларусі, Украіне, Малдове і Арменіі ў межах праграмы ЕС “Усходняе партнёрства” пры iнфармацыйнай і кансультацыйнай падтрымцы арганiзацый-партнёраў:
Цэнтра культурнага менеджменту (Львоў, Украіна);
Нацыянальнага камітэта ICOM (Кішынёў, Малдова);
Адукацыйна-даследчага фонда Millennium (Ерэван, Арменiя);
Грамадскага аб’яднання “Цэнтр сацыяльных інавацый” (Мінск, Беларусь).
Беларуская частка праекта — “CHOICE-Беларусь: спадчына i сучаснасць” — грунтуецца на каштоўнасці культурнай спадчыны як рэсурсу для ўмацавання і развіцця сучаснай беларускай ідэнтычнасці і еўрапейскага цывілізацыйнага выбару Беларусі. Арганiзатары праекта маюць мэтай надаць імпульс пашырэнню разнастайнасці інавацыйных падыходаў і ініцыятыў па ўвядзенні культурнай спадчыны Беларусі ў сучаснае культурнае жыццё беларускага грамадства.