Гуманітарныя навукі – крызіс ці ўздым?

31 мая 2017

Пітэр Мэндлер (Peter Mandler) працуе прафесарам сучаснай гісторыі культуры ў Кембрыджскім універсітэце. Апошняя з напісаных ім кніг мае тытул “Вяртанне з тубыльцаў – як Маргарэт Мід перамагла ў Другой сусветнай і прайграла ў халоднай вайне” (Return from the Natives: How Margaret Mead Won the Second World War and Lost the Cold War) (2013 г.). Артыкул “Rise of the humanities” (Уздым гуманітарных навук), апублікаваны рэсурсам aeon. Перакалад на беларускую – рэдакцыі “Лятучага”.

Гуманітарныя навукі знаходзяцца ў крызісе. Такое сцверджанне сталася агульным месцам. Сапраўды, “крызісу гуманітарных навук” надзяляецца такая ўвага, што мала хто дадумаўся ўзяць ды запытацца, ці фактычна такі крызіс існуе. На працягу ўсяго толькі некалькіх пакаленняў велізарныя змены пераўтварылі сферу вышэйшай адукацыі. У выніку такіх зменаў большая доля 18-гадовых юнакоў і дзяўчат трапляе ў ВНУ. У выпадку большасці краінаў, апрача Злучаных Штатаў, гэта прыводзіць да агромністага павелічэння, а тым самым (з улікам нізкай зыходнай базы) да велізарных пераменаў у складзе студэнцтва ў плане класу, гендэру, нацыянальнасці дый іншых ключавых маркераў. Пры з’яўленні кожнага новага пакалення каментатары прадказвалі, што гуманітарным навукам пойдзе на шкоду прыток больш утылітарных, арыентаваных на дасягненне кар’еры, тэхнічна пісьменных адэптаў. Аднак гэтаму не было наканавана адбыцца.

У ангельскамоўным свеце за мінулых паўстагоддзя доля студэнтаў, што вывучаюць у ВНУ гуманітарныя навукі, амаль што не змянілася. Сапраўды, як і можна было чакаць, у ЗША, Вялікабрытаніі і Аўстраліі мелі месца ваганні ды важныя перамены ў дэмаграфіі адукацыі; найбольш значны элемент палягае на сталым росце дзяўчат і жанчын сярод паступіўшых у ВНУ. Збольшага малюнак выглядае такім чынам: у 1971 годзе колькасць студэнтаў-гуманітарыяў перавышала лічбу студэнтаў у сферы бізнэсу, а зараз усё наадварот. Але ж у 1971 годзе бізнэсоўцаў было прыкладна на 50% больш, чым навукоўцаў, тады як зараз – прыблізна на 250%.

Такім чынам, у дачыненні да развіцця прадпрымальніцтва дакладныя і гуманітарныя навукі адсталі ў параўнанні з 1971 годам, прычым дакладныя навукі нашмат больш. Аднак ад 1980-х гадоў разрыў паміж гуманітарнымі навукамі і бізнесам фактычна скараціўся, тады як разыходжанне паміж дакладнымі навукамі і бізнесам працягвала павялічвацца. Важна падкрэсліць тое, што ў выніку хуткага ўздыму вышэйшай адукацыі ў свеце на працягу некалькіх пакаленняў большая колькасць людзей у абсалютных лічбах вывучае гуманітарныя навукі, чым калі-кольвечы раней.

Пытанне палягае на тым, чаму гуманітарыі не змаглі альбо не пажадалі прызнаць факт уласнага ўстойлівага поспеху.

Па-першае, зразуменне выніковасці ці эфектыўнасці амаль любага аспекту вышэйшай адукацыі патрабуе цяпер прызнання яго сталага ды часамі выбухападобнага ўздыму на працягу апошняга паўстагоддзя. ЗША раней за ўсіх ажжыцявіллі пераход да масавай вышэйшай адукацыі, што робіць Вялікабрытанію з Аўстраліяй прадуктыўнымі кампаратарамі, прапануючымі разнастайнасць досведу ў ангельскамоўным свеце.

Безумоўна, маюцца некаторыя адрозненні. У ЗША функцыянуе сістэма позняй спецыялізацыі, пры якой студэнты абіраюць профільны прадмет толькі на трэцім курсе ВНУ. Вялікабрытанія мае сістэму ранняй спецыялізацыі, прычым студэнты робяць выбар профільнага прадмету яшчэ ў школе. Аўстралія знаходзіцца недзе пасярэдзіне. У ЗША дзейнічае буйная, разгалінаваная ды надзвычай стракатая сістэма без цэнтральнага кантролю над колькасцю студэнтаў, навучальнымі праграмамі ці платай за навучанне. Вялікабрытанія і Аўстралія маюць больш кампактныя сістэмы з больш аднародным характарам, і ў тэорыі дзяржава мае там значны цэнтралізаваны кантроль над сферай вышэйшай адукацыі.

ЗША першымі здзейснілі пераход да масавай вышэйшай адукацыі, дасягнуўшы ў 1960-я гады такога ўзроўню ўдзелу, які іншым перадавым краінам удалося дамагчыся толькі ў 1990-х гадах. ЗША дасягнулі гендэрнага парытэту ў наборы абітурыентаў у 1965 годзе, тады як толькі ў 1987 годзе гэта ажыццявіла Аўстралія ды ажно пасля 1990 году Вялікабрытанія. З агульнага гледзішча, Вялікабрытанія мае рэпутацыю краіны з шырэйшай культурай і больш прыязным стаўленнем да гуманітарных навук, чаго нельга сказаць пра ЗША і Аўстралію.

Не зважаючы на такія адрозненні, усе тры краіны прайшлі шляхам ужывання аднолькавых мадэляў набору абітурыентаў на ступень бакалаўра. Адносная доля дакладных і гуманітарных навук знізілася, але не катастрафічна. Няма такога перыяду часу, на каторы можна паказаць пальцам і сказаць: “Вось ён, крызіс гуманітарных навук!” Наадварот, абсалютныя лічбы выпускнікоў-бакалаўраў у сферы гуманітарных навук усё растуць і растуць. У адрозненне ад дакладных навук адносная прапорцыя навук гуманітарных выглядае даволі-такі нядрэнна. Чаму? І што наогул вызначае змяненне выбару профільнага прадмету?

Шмат хто ідэалізуе 1950-я гады як залаты век вышэйшай адукацыі. Гэта дзесяцігоддзе кока-колы за пяць цэнтаў, рэкламы пасты да галення “Burma Shave” ды шмат і цяжка працуючых белых людзей (як гэта адлюстравана ў серыі коміксаў “Doonesbury”), але гэтаксама масавага паважлівага стаўлення да высокай еўрапейскай культуры; студэнткі з прычоскай “конскі хвосцік”, якія накіроўваюцца на заняткі з кнігамі (Плутарх, Шэкспір, Ніцшэ), ды іх цыбатыя калегі, студэнты-філосафы ў пінжаках з літарамі. У гэтым так званым “залатым веку” на 1955 год у краінах Арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця (АЭСР) на долю гуманітарных навук прыпадала каля 20% ад усіх студэнтаў – лічба наўрад ці ўражвае.

У эксклюзіўнай сістэме, якая на той час дамінавала ў большасці еўрапейскіх краінаў, добра меліся медыцына, права, тэхніка і тэхналогія, бо ўсе яны адкрывалі дарогу да мужчынскіх прафесіяў, у якіх сурова вымагаецца наяўнасць дакументальнага пацвярджэння кваліфікацыяў. З іншага боку, гуманітарныя навукі, прывабныя ў якасці агульнай адукацыі для нязначнай меншасці мужчын, у дачыненні да большасці (асабліва жанчын) напрасткі вялі толькі да працаўладкавання школьнымі настаўнікамі. У сістэме, існаваўшай у ЗША і больш арыентаванай на масавую аўдыторыю, у 1950-я гады гуманітарныя навукі ўжо спаборнічалі з шэрагам больш прафесіянальных профільных спецыялізацыяў, напрыклад, з бізнэсам. Усяго толькі 11% амерыканскіх студэнтаў спецыялізавалася ў 1950-я гады ў гуманітарных навуках.

Аўстралія са сваёй на той час надзвычай элітарнай сістэмай вышэйшай адукацыі ў 1950-х гадах выглядала больш “традыцыйна”. Як падаецца, тады палітікі мелі больш шацунку да гуманітарных навук. Кошты навучання, а тым самым і плата за навучанне, былі ніжэйшыя ў галіне здабычы ступеняў, званай аўстралійцамі і брытанцамі “мастацкай”, хаця “мастацтва” адносілася амаль да ўсяго таго, што не з’яўлялася дакладнай навукай. Доля “мастацкага” рынку стала ўздымалася ў 1950-я гады – з 19% да 31%. Калі і існаваў дзе-небудь залаты век гуманітарных навук, то гэта магло быць у Аўстраліі ў 1950-х.

Напрыканцы 1950-х гадоў адносна сціплыя дасягненні ва ўсіх трох краінах апынуліся пад пагрозай праз тыя захады, якія прымаліся ў палітычным асяродку дзеля перанакіравання энергіі краінаў у бок дакладных навук. У ЗША рашаючым фактарам была халодная вайна, асабліва пасля запуску савецкага спадарожніка ў 1957 годзе. У Вялікабрытаніі вагі дадавалі асцярогі адносна заняпаду. Аўстраліяй кіравалі спробы дагнаць лідэраў развітых эканомік. Усе тры краіны зрабілі стаўку на апераджальны эканамічны рост, тэорыя якога пад жаргоннай назвай “расцізм” трыюмфальна крочыла па ўсім свеце напрыканцы 1950-х ды на пачатку 60-х гадоў. Гэта быў надзвычайны момант аптымістычнай веры ў моц навукі і тэхнікі. Ён гэтаксама прынёс адзнакі першага вялікага “крызісу гуманітарных навук” у адукаваны дыскурс.

Брытанскі гісторык Дж.Г. Пламб сцвярджаў у сваёй знакамітай кнізе “Крызіс гуманітарных навук (Crisis in the Humanities, 1964 г.), што прыстойная гуманітарыстыка павінна “змяніць той вобраз, які яна прадстаўляе, прыстасавацца да патрэбаў грамадства, ў каторым дамінуюць дакладныя навукі і тэхніка, альбо скаціцца да сацыяльнай банальнасці”. Выдадзеная ў тым самым годзе справаздача аб будучыні гуманітарных навук у аўстралійскіх універсітэтах змяшчала апісанне прафесіянальных гуманітарыяў у якасці людзей, што “адступаюць перад націскам свету, не прыхільнага да іх каштоўнасцяў”. Урады ЗША, Вялікабрытаніі і Аўстраліі ўзялі на сябе абавязкі па павышэнні інвестыцыяў у дакладныя навукі, тэхніку і тэхналогіі з доўгатэрміновай мэтай дасягнення эканамічнага росту.

Аднак Пламб памыляўся. Нават калі ўрады аказвалі падтрымку дакладным навукам, тэхніцы і тэхналогіі дзеля ўздыму, прэтэндэнты на ступень бакалаўра ў аўстралійскіх ды брытанскіх універсітэтах адварочваліся ад дакладных навук. Да надыходу 1968-га году такую тэндэнцыю прызналі па ўсёй АЭСР. Чаму, нягледзячы на праводзімую на розных узроўнях палітыку ў падтрымку дакладных навук, адбывалася нешта супрацьлеглае? Вельмі проста: аказалася нашмат прасцей прыцягваць новых абітурыентаў у гуманітарныя навукі, а таксама ў новыя прадметы сацыяльных навук, чымся ў дакладныя навукі, тэхніку і тэхналогіі.

Права, медыцына і інжынерныя спецыяльнасці – традыцыйныя прафесіі – стаялі ў пэўным сэнсе асабняком. У адрозненне ад бізнэсу, дакладных і гуманітарных навук гэтыя прафесіі не жадалі ўзрастаць прапарцыянальна да росту студэнцкай папуляцыі. У іх захаваліся квоты на прыём, яны заставаліся адносна непрыхільнымі да жанчын і менш прывілеяваных груп. І, наадварот, сацыяльныя навукі прапанавалі больш шырокую браму да новых месцаў працы ў дапаможных прафесіях, прычым былі вітаныя як мужчыны, гэтак і жанчыны. Гуманітарныя навукі абяцалі задавальненне новай прагі да самавыказвання, што ў ходзе 1960-х гадоў даспела да больш палітычных формаў вызвалення.

У ЗША гуманітарныя навукі перажывалі беспрэцэдэнтны бум, дасягнуўшы піку папулярнасці ў 17% у 1968 годзе. У найбольш значнай меры такі амерыканскі залаты век можна прыпісаць новаўвядзенням па забеспячэнні адкрытасці вышэйшай адукацыі ў стасунку да жанчын. Традыцыйныя прафесіі, – а па аналогіі такія прафесіянальна-арыентаваныя спецыяльнасці, як бізнэс, – не віталі жанчын. А вось гуманітарныя навукі – так, сцвярджае гісторык з Бастонскага паўночна-ўсходняга ўніверсітэту Бен Шміт (Ben Schmidt, Northeastern University in Boston).

У Вялікабрытаніі крэн убок ад дакладных навук прынёс большую карысць сацыяльным навукам, чымся гуманітарным. Колькасць студэнтаў, якія вывучалі сацыяльныя навукі, перавысіла колькасць студэнтаў-гуманітарыяў у 1972 годзе, а студэнтаў, якія вывучалі дакладныя навукі, – у 1976 годзе. Большая пашыранасць сацыяльных даследаванняў у Еўропе адлюстроўвала адставанне ў жаночым удзеле, а таксама большую колькасць працоўных месцаў у Еўропе ў дзяржаўным сектары: на пачатку 1970-х гадоў ён паглынаў больш за палову брытанскіх выпускнікоў ВНУ, тады як у ЗША ўсяго толькі крыху больш за траціну. У Аўстраліі выбар спецыяльнасці адрозніваўся большай стабільнасцю, таму што цэнтралізавана вызначаліся квоты набору на паасобныя накірункі, існавала менш устаноў ды выбар быў адносна абмежаваны. Аднак нават тут адыход ад дакладных навук быў відавочным.

На піку “расцізму” асобы, адказныя за прыняцце палітычных рашэнняў, у значнай меры залежалі ад уплыву тэорыі чалавечага капіталу, новай галіны эканомікі, пры абгрунтаванні ўласных (і студэнцкіх) інвестыцыяў у вышэйшую адукацыю, якая вузка інтэрпрэтавалася ў якасці інвестыцыі ў эканамічны ўздым. Крэн убок ад дакладных навук прымусіў іх пашырыць такую інтэрпрэтацыю ды прызнаць, што аддачу ад вышэйшай адукацыі можна зарэгістраваць не толькі як непасрэдную інвестыцыю ў эканоміку, але гэтаксама як “сацыяльную аддачу” (паляпшэнне індывідуальнага і калектыўнага дабрабыту, якое нялёгка вызначыць у грашовым выразе) ды, што самае важнае, як “спажывецкі тавар”, то бок “адзін з прыстойных бакоў жыцця”, ці, як некалькі эканамістаў выказала гэта даволі нявінным чынам, “людзі хочуць пайсці ў ВНУ, таму што для іх прыемны сам працэс адукацыі незалежна ад фінансавай аддачы ад навуковай ступені”.

На пачатак 1970-х гадоў значэнне такой неэканамічнай аддачы ад вышэйшай адукацыі сталася прызнаным фактам ва ўсіх краінах АЭСР, што падкрэсліла марнасць “планавання працоўнай сілы”. Паводле выказвання АЭСР, студэнты маюць уласныя меркаванні наконт таго, што вывучаць. Такі студэнцкі попыт быў натуральным выразам сучасных ідэй дэмакратызацыі, пашырэння ўдзелу і ўзнікненнем структуры каштоўнасцяў у новага пакалення студэнтаў, што ставіла пад сумнеў такія мэты, як “самарэалізацыя”, “якасць жыцця”, “індывідуальнае развіццё”.

Але гэты “час асветніцтва” працягнуўся не доўга. Пачатак 1970-х гадоў стаўся сведкам крызісу вышэйшай адукацыі ў агульным плане. Пасля нястрымнага росту напрыканцы 1960-х попыт на вышэйшую адукацыю, як падавалася, знянацку аслабеў не толькі ў ЗША і Вялікабрытаніі, але таксама ў Канадзе (хаця і не ў Аўстраліі). З пункту гледжання тэорыі чалавечага капіталу, вышэйшая адукацыя сталася інвестыцыяй з тэндэнцыяй да падзення, таму што ўзровень дадатковых даходаў сярод выпускнікоў ВНУ у параўнанні з невыпускнікамі пачаў скурчвацца, прынамсі ў ЗША і Вялікабрытаніі, асабліва сярод выпускнікоў накірункаў дакладных навук. (Адказнымі за такую сітуацыю сталі галоўным чынам скарачэнні фінансавання дзяржаўных праграмаў даследавання ў галіне космасу і вайсковага комплексу.)

Асобы, адказныя за прыняцце палітычных рашэнняў, пачалі ў 1970-я гады з насцярожанасцю ставіцца да інвестыцыяў без непасрэднага станоўчага ўплыву на ВУП. Самарэалізацыя і індывідуальнае развіццё – усё гэта выглядае вельмі добра, але ж дзяржава вырашыла, што плаціць за такое не павінна. Калі ў 1974 годзе надыйшоў сусветны эканамічны крызіс, глеба захісталася пад нагамі. Студэнты не хацелі атрымоўваць вышэйшай адукацыі. Палітыкі не хацелі інвеставаць у яе. Выбаршчыкі не хацелі за яе плаціць. Працяг крэну студэнтаў убок ад дакладных навук прычыніў шкоду прыхільнікам прасоўвання ідэяў вышэйшай адукацыі, якім трэба было прапанаваць аргументацыю з інвестыцыйных пазіцыяў.

У 1980-х гадах палітыкі прымалі захады, каб заахвоціць большую колькасць студэнтаў вывучаць дакладныя навукі, якія ізноў пачалі вузка трактавацца ў якасці каталізатара эканамічнага ўздыму. Ад 1975 да 1985 году фінансаванне вышэйшай адукацыі ў Аўстраліі ў выглядзе долі ад ВУП скарацілася на траціну. З падзеннем дзяржаўнага фінансавання дзяржаўны кантроль над пазасталай рэштай фінансавання ўзмацніўся. Рэформы, якія праводзіў аўстралійскі міністр адукацыі лейбарыст Джон Доўкінс (John Dawkins), надавалі прыярытэт “тым галінам навучання, што маюць найбольшы ўплыў на дасягненне краінай мэтаў прамысловага развіцця ды прамысловай рэструктурызацыі”. У Вялікабрытаніі ўрад кансерватараў таксама ажывіў аргументацыю ў стылі чалавечага капіталу, каб падтрымаць дакладныя і тэхнічныя навукі. Міністр адукацыі ў кабінеце Маргарэт Тэчэр Кіт Джозэф (Keith Joseph) сцвярджаў, што большая частка тагачаснай прадукцыі сістэмы вышэйшай адукацыі эканамічна бескарысная, а нават “шкадная для духу прадпрымальніцтва”. У ЗША, дзе ўрад мае менш рычагоў для кантролю вышэйшай адукацыі, прышэсце неаліберальных адміністрацыяў пасля 1980 году разглядалася шмат якімі каментатарамі як супадзенне з новым інструменталізмам у асяродку студэнцкай папуляцыі, якая аддавала перавагу прафесіянальным накірункам на некарысць “натхняючых”. Лічылася, што гуманітарныя навукі літаральна здзяйсняюць самагубства, ведучы “культурныя войны”, часцяком на замежных мовах (французская тэорыя, постструктуралізм, палітыка ідэнтычнасці), што толькі пашырае разрыў паміж імі і грамадствам.

У 1980-я гады крыкі “гуманітарныя навукі ў небяспецы!” даносіліся з усіх бакоў і сфер. Набор на гуманітарныя спецыяльнасці ў ЗША сапраўды ўпаў у 1970-80-я гады, але як паказаў Шміт (Schmidt), круты спад аказаўся проста эфектам гендэру. Жанчыны дасягнулі ў ЗША парытэту ў вышэйшай адукацыі, аднак прафесіянальныя кар’еры не былі перад імі адкрытыя, таму курсы прафесіянальных навук мелі меншую прыцягальнасць. У 1970-80-х гадах, усё яшчэ захоўваючы ў большай меры вернасць гуманітарным навукам, чым мужчыны, жанчыны пачалі ва ўсё большых колькасцях ісці на такія спецыяльнасці, як бізнэс, журналістыка, камунікацы, сацыяльная праца. Паводле стану на 1980 год, мужчыны абіралі гуманітарныя навукі на тым самым узроўні, як у 1950-х; тым часам імавернасць таго, што жанчыны выберуць спецыяльнасць у галіне гуманітарных навук, была нашмат меншай, але яны абіралі не дакладныя, а хутчэй прафесіянальныя накірункі. Калі ўжо на тае пайшло, дакладныя навукі пацярпелі ў большай ступені і ад трэнду выбару прафесіянальных прадметаў, і ад росту колькасці жанчын сярод студэнтаў.

Нешта аналагічнае адбывалася і ў Аўстраліі з Вялікабрытаніяй, хаця і па іншых прычынах. Яны не зарэгістравалі раптоўнага ўздыму ў гуманітарных навуках ў 1960-я гады, таму што ні ў воднай з гэтых краін вышэйшая адукацыя на той час не была адкрытая на прыём значных колькасцяў жанчын. Замест таго ў Вялікабрытаніі і Аўстраліі ў 1970-80-х гадах рэгістраваўся невялікі спад як у дакладных, гэтак і ў гуманітарных навуках. І ў абодвух выпадках гэта пашло на карысць прафесіянальным накірункам. Крэн убок ад гуманітарных і дакладных навук ізноў паслужыў урокам. Асобы, адказныя за прыняцце палітычных рашэнняў, мелі даволі-такі немудрагелістае разуменне адносінаў паміж адукацыяй, чалавечым капіталам ды эканамічным ростам. Іх высілкі, скіраваныя на прыцягненне студэнтаў да дакладных навук, насамрэч азначалі вяртанне да ранейшага сацыялістычнага “планавання працоўных рэсурсаў” на карысць пэўных сектароў прамысловасці. У абодвух выпадках студэнты мелі ўласныя меркаванні наконт таго, што вывучаць. У абодвух выпадках яны не адрэагавалі на дзяржаўнае стымуляванне. На іх уздзейнічалі іншыя сігналы.

Найзнакамітнейшым аспектам неаліберальных рэформаў стаўся дэмакратызуючы эфект беспрэцэдэнтнай экспансіі вышэйшай адукацыі. У 1980-90-я гады Аўстралія з Вялікабрытаніяй здзяйснялі пераход ад элітарнай вышэйшай адукацыі, што ЗША ажыццявілі адным пакаленнем раней. Дзяржаўная палітыка, накіраваная на стымуляванне навучання ў дакладных навуках, проста пахіснулася пад націскам тлумаў студэнцтва, якое імкнулася само рабіць выбар. І Аўстралія, і Вялікабрытанія вялі прыгатаванні да такой экспансіі ад 1960-х гадоў, калі яны стваралі сетку тэхнічных каледжаў пад мясцовым кіраваннем (у Вялікабрытанія пасля 1965 году іх назвалі “polytechnics”, альбо політэхнічнымі каледжамі), больш злучаных са светам працы, чым вышэйшай адукацыі. Натхнёныя каліфарнійскім Генеральным планам вышэйшай адукацыі (California Master Plan for Higher Education), распрацаваным эканамістам і прэзідэнтам Каліфарнійскага ўніверсітэту Кларкам Кэрам (Clark Kerr, President of the University of California), дзе была збудаваная свайго роду лесвіца ад муніцыпальных каледжаў да Берклі ды іншых універсітэтаў сусветнага класу, яны мелі намер зрабіць такія тэхнічныя каледжы, альбо тэхнікумы, складовай часткай больш шырокай ды больш гнуткай сістэмы вышэйшай адукацыі. Падчас вялікага скачка 1980-90-х гадоў яны аказаліся цалкам інтэграванымі ва ўніверсітэцкую сістэму: у Аўстраліі ў 1988 годзе, а ў Вялікабрытанія ў 1992 годзе.

Нягледзячы на дэклараваную адданасць дэмакратыі, як падаецца, гуманітарыі пачуваліся вінаватымі, што масавая вышэйшая адукацыя, няхай сабе і дэмакратычная па сваім характары, не пайшла ім на карысць. Часткова гэта тлумачыцца тым, што ахвяры, якіх запатрабавалі неаліберальныя рэформы, – больш утылітарныя крытэрыі пры выбары студэнтамі прадметаў, большыя памеры аўдыторыі, якія памяньшаюць інтымнасць навучання, упадабаны гуманітарынымі навукамі, – пераважылі, як падаецца, тую карысць, што прынесла экспансія. Аднак недзе там, глыбока, употай варушылася падазрэнне, што шырокія масы не хацелі ці не мелі патрэбы ў гуманітарных дысцыплінах, асабліва ў ЗША.

Нягледзячы на тое, што ЗША адбылі пераход да масавай вышэйшай адукацыі пакаленнем раней, у іх таксама назіраўся рост пасля перыяду стагнацыі ў 1970-х гадах, прычым ва ўмовах значных дэмаграфічных пераменаў. Гуманітарыі без аптымізму ставіліся да сваіх шансаў у гэтакім асяродку. Тэндэнцыі да прафесіянальнай адукацыі лічыліся нястрымнымі ды амаль што бясспрэчна варожымі ў дачыненні да ўзвышаных мэтаў гуманітарных навук. Шматнацыянальнае насельніцтва, з усёй імавернасцю, мела заняць варожае ці абыякавае стаўленне да высокай еўрапейскай культуры, ад якой гуманітарныя навукі ўсё яшчэ былі ў залежнасці. Перш за ўсё, але ж часта толькі шэптам, sotto voce, гуманітарыі непакоіліся, што дэмакратыя кідае выклік іх аўтарытэту. І такія страхі множыліся, нягледзячы на ўсё большую колькасць доказаў, што сістэма масавай вышэйшай адукацыі ставіцца да гуманітарных навук не больш варожа, чымся элітарная сістэма.

З прышэсцем масавай вышэйшай адукацыі адбыўся зрух партфоліё курсаў у бок прафесіянальнага навучання. Аднак “тэндэнцыя да прафесіянальнай адукацыі” – гэта ўсяго толькі малая частка таго, што адбывалася. Новыя курсы, якія ўводзіліся за пасярэдніцтвам тэхнічных каледжаў, не былі “тэхнічнымі” у навуковым ці тэхналагічным сэнсе. Нават “політэхнічныя” накірункі навучання не адносіліся да тэхналогіяў, як гэта часта мяркуецца, а азначалі “шмат навук”.

Велізарная большасць абітурыентаў ВНУ неўніверсітэцкага тыпу ў Аўстраліі і Вялікабрытаніі перад зліццём не паступала на спецыяльнасці дакладных навук, тэхналогіі, тэхнікі ці матэматыкі (вядомыя пад ангельскім скарачэннем STEM). Студэнты выбіралі курсы “сацыяльных даследаванняў”, што ўключала бізнэс, камунікацыі, сацыяльную працу ды цэлую масу новых прадметаў, якіх тады не маглі прапанаваць традыцыйныя ўніверсітэты. Толькі група спецыяльнасцяў, звязаных з медыцынай, – сястрынская справа, фармацэўтыка, харчаванне – забяспечвала значную прысутнасць дакладных навук у такіх каледжах. Таму, у прыватнасці, крэн убок ад дакладных навук быў зарэгістраваны ў той самай, калі не ў большай ступені, у тэхнічных каледжах (якія былі адкрытымі на інавацыі ў навучальнай праграме), што і ва ўніверсітэтах (якім неставала такой адкрытасці). У Вялікабрытаніі ў 1988 годзе, перад самым зліццём палітэхнічных каледжаў з агульнаўніверсітэцкай сістэмай, 39% студэнтаў універсітэтаў выбірала курсы STEM у параўнанні з усяго толькі 28% студэнтаў палітэхнічных каледжаў.

“Сацыяльныя даследаванні” – накірунак, які абірае бясспрэчна найбольшая частка брытанскіх студэнтаў палітэхнічных каледжаў, большая, чым усе разам студэнты дакладных навук, тэхналогіі і тэхнікі – уключае бізнэс, бухгалтэрыю і сацыяльную працу. Яны ўключаюць таксама камунікацыі, яшчэ адну частку студэнтаў, якіх шырока прынята лічыць недастаткова “прафесіянальнымі”, і прапануюць такія модныя новыя прадметы, як гендэр, сродкі масавай інфармацыі ды культуралогію. Масавая вышэйшая адукацыя проста прыцягнула ў свае структуры людзей з шырэйшым дыяпазонам матывацый. Натуральна, гэта адбілася на іх выбары прадметаў – рынак працы быў безумоўна адным з матываў, але ж таксама бяспека, статус, каштоўнасці, “імкненне да ведаў ды жаданне самарэалізацыі”, паводле фармулёўкі АЭСР, пачуццё прызвання (то бок “пакліканасці”, а не абавязкова прафесіянальнага прызвання ў літаральным сэнсе гэтага слова). Перадусім жа, з ператварэннем вышэйшай адукацыі хутчэй у норму, чым выключэнне, моладзь пачала адчуваць, што статус выпускніка ВНУ становіцца неабходнай перадумовай на ўсіх вышэйшых узроўнях рынку працы, нягледзячы на спецыяльнасць.

Карацей кажучы, дэмакратызацыя вышэйшай адукацыі пашырала партфоліё курсаў. Гэта таксама непазбежна спрычынілася да скарачэння долі ступеняў, якія надаваліся ў традыцыйных дысцыплінах, прычым як у гуманітарных, так і ў дакладных навуках. Што б там ні казаць, гуманітарныя навукі перанеслі такі пераход лепш, чым навукі дакладныя: уласна кажучы, іх становішча заставалася на зайздрасць стабільным ад 1950-х гадоў. У ЗША з дапамогай паказчыкаў гуманітарных навук зараз падлічваюць як “профільныя дысцыпліны”, так і больш шырокі комплекс гуманітарных дысцыплін, якія ўключаюць культуразнаўства ды некаторыя “мастацтвы”. Выкарыстоўваючы гэты ўніверсальны інструмент, можна сказаць, што гуманітарныя навукі стабільна застаюцца на ўзроўні 10-12% ад усіх ступеняў з 1950-х гадоў за выключэннем перыяду прытоку жанчын напрыканцы 1960-х ды на пачатку 70-х гадоў.

Мае ўласныя падлікі долі гуманітарных навук сярод ступеняў, якія прысуджаюцца ў Вялікабрытаніі, паказваюць невялікае падзенне з 24% у 1967 годзе да 21% на сённяшні дзень, беручы ў разлік толькі традыцыйныя гуманітарныя навукі і крэатыўнае мастацтва ды не ўключаючы студэнтаў з накірункаў камунікацыяў ці педагогікі. Нягледзячы на тое, што аўстралійскія спецыялісты па статыстыцы зрабілі такія шматгадовыя параўнанні амаль немагчымымі, прынамсі з апірышчам на агульнадаступныя лічбы, імаверна, доля гуманітарных дысцыплін застаецца недзе на ўзроўні паміж ЗША і Вялікабрытанія, то бок каля 15%.

З улікам шкалы экспансіі выніковасць гуманітарных навук уражвае. Варта гэтаксама растлумачыць, што сягоння, пры вялікім росце насельніцтва, даволі стабільная доля ад усіх ступеняў азначае павелічэнне абсалютнай колькасці студэнтаў-гуманітарыяў. Іншымі словамі, зараз нашмат больш людзей з гуманітарнай адукацыяй, чым калі-небудзь раней. Таму цяжка занадта ўсур’ёз прымаць размовы аб крызісе ў Вялікабрытаніі, калі нават паводле самай вузкай дэфініцыі гуманітарных навук абсалютная колькасць такіх студэнтаў павялічылася з 1967 году ў пяць разоў, а паводле шырэйшай дэфініцыі з уключэннем новых галін гуманітарных навук – амаль у дзесяць разоў. У ЗША за перыяд нашмат больш павольнай экспансіі іх колькасць усё ж такі падвоілася.

У нядаўняй справаздачы, падрыхтаванай профільнымі аўстралійскімі ВНУ ў галіне гуманітарных і сацыяльных навук, такі стан рэчаў прызнаецца. “У той час як са Злучаных Штатаў і, у прыватнасці, з Вялікабрытаніі даносіцца рыторыка з мэтай паслядоўна выкрыць “крызіс” у гуманітарных навуках, – заўважаюць аўтары справаздачы, – у Аўстраліі гэтыя сферы прадэманстравалі высокую ступень устойлівасці, захаваўшы высокі попыт з боку абітурыентаў і надзвычай высокія ацэнкі з боку выпускнікоў, нават у атмасферы падзення фінансавання на мэты навучання”.

Насамрэч, гэтыя сферы прадэманстравалі высокую ступень устойлівасці ва ўсіх трох краінах.

За мінулыя два гады мы ўкрочылі ў чарговы эпізод размоў аб “крызісе”, справакаваны глабальным фінансавым спадам. У сучасным эпізодзе настойліва паўтараюцца тыя самыя жудасныя тэмы. Палітыкі хуценька робяць высновы, якімі беспадстаўнымі яны ні былі б, што паўторны “ухіл у бок дакладных навук” – гэта гарантаваны рэцэпт вяртання да росту. Іх словы і дзеянні выкліканыя тым, што лабісты-прамыслоўцы заахвочваюць іх да гэтага; як адзначыў Эндру Хэкер (Andrew Hacker) у адным з апошніх нумароў “New York Review of Books” (Нью-ёркскі агляд кніг), вядуцца размовы таксама аб “крызісе дакладных навук”, але яны больш разважлівыя ды асцярожныя, чымся размовы аб “крызісе гуманітарных навук”, ды больш эфектыўныя ў прыцягненні ўвагі асобаў, адказных за прыняцце палітычных рашэнняў (калі не грамадскасці ці студэнтаў).Узаемасувязь паміж дакладнымі навукамі і ростам сталася даволі падношанай разнавіднасцю здаровага глузду ў міністэрствах фінансаў; урады мусяць ствараць уражанне, што дзеля спрыяння росту выкарыстоўваюць кожны рычаг, а адукацыя (асабліва зараз, калі яна сталася масавай) лічыцца адным з найбольш зручных рычагоў.

Магчыма, устрывожаныя ўласнай слабасцю ў высокіх палітычных колах ды, магчыма, таму, што ўпотай не надта вераць ва уласную значнасць у масавым грамадстве, гуманітарыі перабольшана рэагуюць на такія думкі ўласнымі размовамі аб “крызісе”. У 2013 годзе эканамічны спад прывёў у элітарных амерыканскіх універсітэтах да паводкі лямантаў наконт канца света, абгрунтаваных ілюзорным доўгатэрміновым спадам у прыёме на гуманітарныя спецыяльнасці ад 1970-х гадоў (што падказала Шміту (Schmidt) зрабіць спробу развеяць такую ілюзію, створаную ў ЗША, прынамсі з дапамогай спасылкі на пік 1960-х гадоў).

Пры бліжэйшым разглядзе ў маштабах краіны такога доўгатэрміновага спаду не было; падчас падзення эканамічнай кан’юнктуры не было нават кароткатэрміновага спаду. Напрыклад, у Гарвардзе ў 2013 годзе была выдадзена справаздача, якая змяшчала інфармацыю аб ілюзорным змяншэнні напалову долі гуманітарных навук у маштабах краіны ад 1966 году, а таксама ў ёй падкрэсліваўся факт крыху меншага спаду ў самім Гарвардзе, у каторым дакладным навукам паводзілася лепш за сярэднія нацыянальныя паказчыкі. У справаздачы адмаўляўся факт таго, што гэтакая з’ява – спецыфічная для Гарварда, а параўнанні праводзіліся з установамі аднаго “рангу”, то бок з Ейлам і Прынстанам, дзе быў зарэгістраваны, у любым выпадку, вельмі нязначны спад. Магчыма, бура ў шклянцы вады, а магчыма, рэальная з’ява, абмежаваная элітарнымі ўніверсітэтамі. Што б там ні было, размовы аб крызісе, справакаваныя падзеннем на адзін-два працэнтныя пункты, падаюцца перабольшанай рэакцыяй, якая можа толькі пагоршыць уяўную праблему замест таго, каб яе вырашыць. Таму што ў кантэксце працягу экспансіі ў большасці месцаў дакладныя і гуманітарныя навукі надалей падаюць у выглядзе адноснай долі (прычым гуманіатрныя навукі менш, чымся дакладныя), але растуць у абсалютных лічбах.

Як сцвярджаюць фінансавыя кансультанты, аддача ў мінулым не гарантуе выніковасці ў будучыні. Мы можам сапраўды з’яўляцца сведкамі пачатку тэндэнцыі адвароту ад гуманітарных навук, а нават павароту ў будучым да дакладных навук. Усё мацней сярод эканамістаў гучыць агульны дыягназ глабальнага рынку працы – тэхналагічныя змены з ухілам у бок прафесіянальных уменняў. Гэта тлумачыць, чаму прэмія выпускніка ВНУ – вышэйшыя заробкі сярод выпускнікоў, чым сярод тых, хто не скончыў ВНУ, – застаецца значнай нават з пераходам да масавай адукацыі, калі людзей са ступенямі амаль столькі ж, як і без ступеняў. Па ўсім развітым свеце для ўсё большай колькасці працоўных месцаў патрабуюцца больш высокія узроўні прафесіянальных навыкаў. З гэтым можа асацыявацца палярызацыя, калі паўстае ўсё большы разрыў паміж працоўнымі месцамі, для каторых патрабуюцца высокія і нізкія прафесіянальныя навыкі. З большай доляй ваганняў некаторыя эканамісты мяркуюць, што дыспарытэт паміж прэміямі выпускнікоў расце ў залежнасці ад прадметаў вывучання. Паводле такіх аналітычных звестак, гуманітарныя навукі цягнуць за сабой больш нізкую прэмію выпускніка, а крэатыўныя мастацтвы часам не прапануюць аніякай прэміі альбо нават негатыўную аддачу (хаця, галоўным чынам, у дачыненні да мужчын; жанчыны, якія атрымліваюць ступені ў гуманітарных навуках, а такіх жанчын шмат, па-ранейшаму могуць цешыцца з высокіх прэмій выпускнікоў).

Узброеныя такімі дадзенымі, асобы, адказныя за прыняцце палітычных рашэнняў, і ўніверсітэты маглі б паспрабаваць яшчэ раз прывабіць студэнтаў да дакладных навук. Урад Аўстраліі даўно меў найбольшую схільнасць да гэтага, бо мае ў сваім арсенале здольнасць да стварэння прапановы і попыту з дапамогай дыферэнцыяваных субсідыяў і дыферэнцыяванай платы за навучанне. Брытанскі ўрад больш схільны да ваганняў; пры ўвядзенні ім дыферэнцыяваных субсідыяў у 2011 годзе ён рашуча адмежаваўся ад меркаванняў, што маніпулюе попытам студэнтаў, кладучы націск толькі на дыферэнцыяваныя кошты (лабароторыі каштуюць больш, чым лекцыйныя аўдыторыі).

Элітарныя амерыканскія ўніверсітэты маюць большыя рамкі свабоды дзеянняў у мэтах таго, што яны лічаць уласным прыватным інтарэсам. Як падаецца, аўтары гарвардскай справаздачы высока ацанілі той факт, што некаторыя элітарныя ўніверсітэты за апошняе дзесяцігоддзе свядома рабілі спробы гарманізавацца больш цесна з высокатэхналагічнымі галінамі прамысловасці, магчыма, каб павялічыць у будучым унёсак сваіх выпускнікоў альбо каб паказаць элітным студэнтам, што па-ранейшаму застаюцца прамым шляхам да элітных даходаў. Гэтым можна тлумачыць незвычайна выразны трэнд, які мы раней бачылі на прыкладзе Гарварду, – дакладныя навукі ўверх, гуманітарныя ўніз. Гэта можа распаўсюдзіцца па-за элітарныя ўніверсітэты: існуюць некаторыя доказы пэўнага скачка ў нацыянальных маштабах долі натуральных навук ва ўсіх трох краінах ад часу крызісу 2008 году. Але сапраўдныя вобласці росту дакладных навук у шырокім сэнсе гэтага тэрміну – гэта медыцынскія прафесіі ў неэлітарных універсітэтах, а не натуральныя навукі ці нават тэхніка, тэхналогіі і кампутарныя навукі.

Магчыма, што накіроўванне студэнтаў на дысцыпліны STEM – гэта не найлепшая эканамічная палітыка, бо адна толькі адукацыя не можа стварыць попыту на прафесіянальныя навыкі, лішак выпускнікоў з накірункаў STEM можа азначаць толькі лішак часткова беспрацоўных (і незадаволеных) выпускнікоў з накірункаў STEM. Можа быць, гэта і не найлепшая сацыяльная палітыка – вышэйшая адукацыя служыць мноству мэтаў, а не толькі непасрэднай падрыхтоўцы да працоўнай дзейнасці. Да таго ж яна нават можа аказацца немагчымай – асобы, адказныя за прыняцце палітычных рашэнняў, атрымалі навуку ў 1970-я гады, няхай сабе і кароткатэрміновую, адносна таго, што “студэнты маюць уласныя меркаванні, што вывучаць”. Як пісаў канадскі эканаміст Рос Фіні (Ross Finnie), выбар прадметаў дыктуецца “складаным комплексам уплываў, досведаў, дачыненняў і падзеяў, што маюць карані ў сям’і і пачынаюць дзейнічаць на даволі ранняй стадыі жыцця індывіда, а не звязаныя з простым добра абгрунтаваным падлікам будучых коштаў ды карысці (у грашовым вымярэнні), які праводзіцца бліжэй да канца сярэдняй школы”.

У звязку з тым, што жанчыны маюць нашмат больш высокую прэмію выпускніка- гуманітарыя, чым мужчыны, а яны зараз складаюць вялікую большасць абітурыентаў і студэнтаў бакалаўрэату, існуе імавернасць таго, што іх грашовая і неграшовая матывацыя пэўны час будзе падтрымліваць гуманітарныя навукі. Аднак хто яго ведае. Мараль казкі аб хлопчыку, які крычаў “воўк!”, палягае на тым, што воўк урэшце рэшт усё-ткі прыбег ды задзёр авечак.