Маніторынг сферы культуры. Справаздача

15 жніўня 2019

Прадстаўляем выніковую справаздачу  комплекснага даследавання-маніторынгу рэалізацыі  Канвенцыі ЮНЕСКА аб ахове і заахвочванні разнастайнасці форм культурнага самавыяўлення.

Маніторынг быў праведзены Цэнтрам еўрапейскай трансфармацыі і Міжнародным кансорцыумам “ЕўраБеларусь” у супрацы с майстэрняй “Канвенцыя аб культурнай разнастайнасці: кейс Беларусі” Лятучага ўніверсітэта. У даследчую групу ўвайшлі Таццяна Вадалажская, Андрэй Ягораў, Кацярына Раманчык, Таццяна Кедрик, Вольга Лашкевіч, Алёна Жасткова, Аляксей Зянько, Кірыл Мальцаў, Надзея Новікава, Алена Зуйкова.

Канвенцыі ЮНЕСКА аб ахове і заахвочванні разнастайнасці форм культурнага самавыяўлення (2005 г.)  з’яўляецца адным з этапаў развіцця уяўленняў і падыходаў у адносінах да культуры на міжнародным узроўні. Канвенцыя акцэнтуе ўвагу на мерах культурнай палітыкі дзяржаў, накіраваных на ўсталяванне нормаў і стандартаў дыялагічнай, шматсуб’ектнай культурнай палітыкі: павага да правоў чалавека і асноўных свабод, ахова і заахвочванне разнастайнасці форм культурнага самавыяўлення, заахвочванне сацыяльнай інклюзіі, салідарнасці, узаемаразумення і дыялогу супольнасцяў, народаў і краін , вырашэння новых выклікаў, звязаных з развіццём тэхналогій.

Рэспублікі Беларусь адна з першых падпісала Канвенцыю ЮНЕСКА, якая ўступіла ў сілу ў нашай краіне 18 сакавіка 2007 года. Адным з абавязацельстваў краін-удзельніц Канвенцыі з’яўляецца прадастаўленне рэгулярных дзяржаўных справаздач аб ходзе выканання ўзятых на сябе абавязкаў. Першую афіцыйную справаздачу Рэспубліка Беларусь падала ў 2016 годзе. Паралельна у 2015 годзе Цэнтр еўрапейскай трансфармацыі распрацаваў уласную метадалогію ацэнкі выканання Канвенцыі і прапанаваў альтэрнатыўную справаздачу. Яна ўключае якасныя і колькасныя паказчыкі і фіксуе прасоўванне краіны ў бок базавых для Канвенцыі  каштоўнасцяў і мэтаў, дае магчымасць адсочваць дынаміку і фармуляваць накірункі для культурнай палітыкі.

У 2019 годзе ў той жа метадалогіі быў праведзены другі замер, дзе пададзеныя супастаўлення актуальнай сітуацыі з вынікамі маніторынгу за 2015 год. 

Агульныя вынікі:

1. Стрыманы прагрэс. Паводле і ацэнак экспертаў, і статыстычных дадзеных сфера культуры дэманструе пазітыўную дынаміку. З пункту гледжання мэт і каштоўнасцей Канвенцыі ЮНЕСКА, умовы для дзейнасці робяцца больш спрыяльнымі, паступова фарміруецца больш разнастайнае культурнае асяроддзе. Аднак гэты рух вельмі павольны. Большасць ацэнак застаецца на «нізкім узроўні».

2. Разнастайнасць суб’ектаў, форм і зместаў. Культурнае поле Беларусі паступова прырастае не толькі колькасцю ініцыятыў, праектаў, падзей, але і разнастайнасцю. Гэта тычыцца як актыўных суб’ектаў у полі культуры (камерцыйныя і некамерцыйныя, дзяржаўныя і незалежныя), так і розных форм і зместу культурнага самавыяўлення.

3. Інавацыі і тэхналогіі на службе культуры. Адным з важных пазітыўных фактараў развіцця сферы з’яўляецца пашырэнне тэхналагічных магчымасцей у творчасці, культурнай вытворчасці і распаўсюджванні, а таксама розныя інавацыі ў галіне бізнес-мадэлей, фарматаў камунікацыі і г.д. Так, укараняюцца новыя мадэлі фінансавання (краўдфандынг, анлайн-платформы па распаўсюдзе і продажы), якія дазваляюць выходзіць у культурнае поле невялікім праектам і прыватным ініцыятывам, а таксама ствараюць новыя стасункі спажывання і саўдзелу ў сферы культуры. 

4. Рэгуляцыя, якая не спрыяе развіццю. Дапрацоўка і прыняцце Кодэкса аб культуры не далі дадатковага імпульсу ў развіцці сферы, а хутчэй стварылі новыя абмежаванні і цяжкасці ў сувязі з неўрэгуляванасцю важных аспектаў арганізацыі дзейнасці і адносін у сферы культуры. Адсутнасць узгодненасці асобных норм, выключэнне шэрагу рэгулюючых дакументаў, увядзенне дадатковых форм узгаднення і г.д. — гэта няпоўны спіс таго, што робіць сучаснае заканадаўства ў сферы культуры фактычна не эфектыўным і стымулюе развіццё альтэрнатыўнай нормам практыкі. Такая сітуацыя — гэта крыніца злоўжыванняў і дыскрымінацыі.

5. Выбіральнасць і непразрыстасць у арганізацыі дзейнасці. Адзначаныя вышэй абмежаванні ў практыцы правапрымянення папаўняюцца выбіральнасцю ў іх выкарыстанні. З аднаго боку, гэта дазваляе працаваць і знаходзіць магчымасці для развіцця. З іншага боку, такая сітуацыя стварае хісткую глебу для змяненняў. Усё больш рашэнні, якія прымаюцца (як пазітыўнага, так і негатыўнага характару), узгадненні, дазволы, партнёрствы і г.д. залежаць ад канкрэтных людзей, чыноўнікаў, выбудаваных сувязей і адносін.

6. Захавнне манаполіі дзяржавы ў культурнай палітыцы. Па-ранейшаму на ўзроўнях як нарматыўных дакументаў, так і арганізацыі дзейнасці дзяржава застаецца адзіным паўнапраўным суб’ектам для вызначэння напрамкаў развіцця.

7. Культура застаецца «на ўтрыманні» і ў баку ад рынкавых механізмаў. Канвенцыя ЮНЕСКА мае на мэце пераарыентацыю прадстаўлення аб культуры як пра стратную галіну, трансфармаваўшы працу з ёй як з крыніцай грамадскага і эканамічнага развіцця. Пакуль з такой задачай беларуская сфера культуры не спраўляецца. Крокі ў гэтым кірунку можна разглядаць толькі на ўзроўні недзяржаўных актараў, якія ва ўласнай практыцы ўкараняюць новыя схемы, мадэлі і ўяўленні аб культурных індустрыях. Дзяржаўная машына пакуль прытрымліваецца ранейшых уяўленняў, дзе культура з’яўляецца часткай (затратнай) сферы забеспячэння патрэб грамадзян.

8. Патэнцыял развіцця патрабуе больш інтэнсіўных укладанняў. Ацэнкі ўнутранага патэнцыялу развіцця сферы паказваюць, што ён знаходзіцца на мяжы вычарпанасці, бо не забяспечаны сістэмнай падтрымкай і ўзнаўленнем рэсурсаў.

9. Знешнія ўздзеянні мацней за ўнутраны ўплыў. Сфера культуры Беларусі застаецца пад магутным замежным уплывам. Тут граюць ролю як распаўсюд агульных глабальных тэндэнцый (масавае спажыванне, стандартызацыя, цыфравізацыя і даступнасць), так і адмысловы ўплыў культурнага зместу, вобразаў, ідэй і каштоўнасцей постсавецкай прасторы і, перш за ўсё, з боку Расіі.

10. Упраўленне рэсурсамі замест культурнай палітыкі. Адной з ключавых праблем, у пераадоленні якой пакуль не бачна зрухаў, з’яўляецца праблема ажыццяўлення культурнай палітыкі. Палітыка — гэта ўзгадненне інтарэсаў розных груп.

Поўная версія справаздачы ўтрымлівае аб’ёмны фактычны матэрыял, ацэнкі і дынаміку зменаў, агляд асноўных падзей у сферы культуры, ацэнку стану прававога рэгулявання, статыстычныя дадзеныя аб стане сферы культуры.

На беларускай мове 2019_Convention_UNESCO-Monitoring_BE

На рускай мове 2019_Convention_UNESCO-Monitoring_RU

УЛАДЗІМІР МАЦКЕВІЧ — #ФІЛОСАФ_У_ТУРМЕ
Свабодную думку немагчыма пасадзіць у турму!
Напішыце каментар