Міхал Анемпадыстаў: простыя рэчы

28 лютага 2013

Кнайпа

  Budzma.org. Простыя рэчы

Дзядзька Лёнiк, муж маёй стрыечнай бабкі Зоі, калі ў праграме тэленавінаў даходзілі да рубрыкі «культура», пачынаў бурчэць: «Культура, культура… Вось выпіць і пасядзець — гэта культура!» І ён меў пэўную рацыю, бо ў ягоных Мілкавіцах не было ані тэатраў, ані галерэй, ані нават кінатэатра, а толькі паравозня, дзе ён працаваў механікам, і яшчэ пара крамаў, касцёл і кнайпа.

Яны пабраліся шлюбам у акупаванай немцамі Гародні, а пасля заканчэння вайны з’ехалі ў Польшчу. Заставацца ў Беларусі дзядзька баяўся, бо пасля прыходу саветаў меў праблемы праз расказаны ім палітычны анекдот. Цалкам мажліва, што анекдот быў расказаны за куфлем піва ў якой-небудзь гарадзенскай кнайпе. Кнайпа — выдатнае месца для палітычных анекдотаў.

Пасля працы дзядзька альбо шыбаваў проста дадому, альбо заходзіў у кнайпу. Апошняе здаралася значна радзей, а калі і здаралася, то ён абмяжоўваўся парай келіхаў піва, не болей. І хаця алкаголь быў ва ўсёй гэтай гісторыі далёка не апошнім элементам, мэтай дзядзькі Лёніка было менавіта «культурна пасядзець», а не напіцца ў бэлю.

Слова «культурна» ўжывалася тут як сінонім словаў «якасна», «годна», «прыстойна»,  «добра». Адным словам — культурна. Слова спрацоўвала як пароль, пропуск, аўсвайс. Рэдка якая жонка можа запярэчыць, калі «культурна». Ягоная жонка, а мая стрыечная бабка, не надта і пярэчыла. Так, крыху толькі, для парадку…

Важкі куфаль халоднага піва, смак першага глытка, нетаропкая размова з прыяцелямі. Кнайпа альбо карчма, півярня, проста забягалаўка — гэта тое месца, дзе абменьваюцца навінамі і спрачаюцца, дзе шчыруюць і жартуюць, дзе ўмеюць бавіць час і ведаюць (альбо не) меру.

Тут, а не ў галерэях і філармоніях, праходзіць перадавы край культуры, калі такі край у культуры ёсць. Тут мяжа паміж яшчэ культурай і ўжо не. Тут свае нормы паводзінаў, свой этыкет, свая эстэтыка. Візіт у такую ўстанову (не модную, а самую звычайную) пакажа культуру краіны значна лепш, чым тузін экскурсаводаў.

Ці маем мы сваю адметную традыцыю кнайпаў і «культурных пасядзелак»? З літаратуры на памяць прыходзіць не так і шмат: у Адамчыка ў «Чужой бацькаўшчыне», у Пясэцкага амаль у кожнай кнізе, а самыя яркія эпізоды — у «Трылогіі злодзеяў». Ну, і Джоан Роўлінг у сваім «Гары Потэры» піша пра разборкі Хагрыда і Максім з мясцовым ваўкалакам у мінскім пабе ў памятным 1995-м. Яшчэ славуты віленскі «Зялёны Штраль», але «Штраль» — гэта кавярня, а пра кавярні іншым разам.

Апошнім часам я, як той дзядзька Лёнік, люблю пасядзець з куфлем піва ў якой-небудзь мінскай кнайпе. Пажадана без гучнай музыкі і ваўкалакаў. Мне падабаецца “Аліварыя”, яе смак і кошт. Інтэр’ер таксама мае значэнне, і выдатна, што апошнім часам ёсць з чаго выбіраць. Але, безумоўна, галоўнае — гэта людзі. Без людзей няма кнайпы, і лепш за ўсё, калі гэта сябры. У мяне іх, дзякуй богу, шмат. Яны разумныя, дасціпныя, таленавітыя, з імі цікава і заўсёды ёсць пра што пагаварыць. Ці нават моўчкі культурна пасядзець.

УЛАДЗІМІР МАЦКЕВІЧ — #ФІЛОСАФ_У_ТУРМЕ
Свабодную думку немагчыма пасадзіць у турму!
Напішыце каментар