На скраю. Беларуская філасофія як праект эпохі позняй мадэрнасці

05 лютага 2014
Матэрыялы да канферэнцыі Лятучага ўніверсітэта

Ігар Бабкоў

Канцэпт беларускай філасофіі з’явіўся на даляглядзе тутэйшай думкі адносна нядаўна. Можа быць апошнія пяць ці сем год.

Дагэтуль гаварылі пра беларускае мысленне, якое размяшчае сябе па-за дысцыплінарнымі межамі і рэалізуе ў самых розных культурных і мастацкіх практыках.

Беларуская думка дастаткова замацавалася, заняла сваю нішу.

Стварыла пэўную візію. Адсутнасці беларускай філасофіі. Альбо нават яе немагчымасці.

Асноўны аргумент немагчымасці палягаў на тым, што філасофія ў тутэйшым полі пераважна небеларуская па сутнасці, па культурных стэрэатыпах і ў гэтым сэнсе ментальна чужая.

***

І тут сітуацыя радыкальна змянілася. Штосці адбылося, ў інтэлектуальным і культурным полі.

І мы знаходзім, што сам канцэпт ужо працуе, выклікаючы эмоцыі, выпадковыя і невыпадковыя  канцэптуальныя рэакцыі, скепсыс і захапленне.

***

Пакуль мы назіраем два асноўныя тыпа выкарыстання тэрміна:

Да беларускай філасофіі ставяцца як да дадатковага аргумента ў нацыянальным праекце,  альбо як да мясцовага брэнда, які мусіць выдзеліць тутэйшых  мысьляроў і даць ім знак адрознасці альбо нават інтэлектуальнае алібі на познекапіталістычных рынках вытворчасці веды.

Пры гэтым і тыя, хто крытыкуе канцэпт, і тыя хто карыстаюцца ім, разглядаюць яго як знешняе, арнаментальнае азнабленне ўласных індывідуальных стратэгій.

***

Зьмест гэтага панятку не дадзены, ён мусіць быць створаны, прыдуманы, пакладзены.

Размешчаны ў полі самой філасофіі, ўбачаны як пэўнае здарэнне думкі.

Бо беларуская філасофія гэта не проста артыкул у слоўніку.

Гэта яшчэ і ідэнтычнасць, і гісторыя, і канон, і праект, і адкрытая будучыня.

***

З аднаго боку “беларуская філасофія” гучыць дастаткова звыкла, — патрапляючы ў шэраг падобных канцэптаў, такіх як нямецкая філасофія, грэцкая філасофія, альбо філасофія сярэднявечча.

Гэтыя паняткі ўтвораныя праз далучэнне прыметнікаў, якія – па свайму значэнню – кантэкстуалізуюць. Г. зн. замыкаюць, абмяжоўваюць філасофію ў часе і прасторы.

Некаторыя з гэтых кантэкстуалізацый ужо завяршыліся: так, філасофія сярэднявечча – гэта скончаны корпус тэкстаў, некаторыя з якіх вядомыя і кананічныя, а некаторыя вядомы толькі спецыялістам.

Грэцкая філасофія таксама ўжо адбылася як падзея думкі, нягледзячы на існаванне грэкаў як мадэрнай нацыі.

Іншыя філасофіі – як нямецкая – хаця й ёсьць канцэптамі, адкрытымі ў будучыню, тым ня менш ужо дастаткова запоўненыя.

***

І ўсё ж, нягледзячы на ўсю прызрыстасць сэнсаўтварэння, словазлучэнне беларуская філасофія гучыць – для тутэйшых філосафаў – неяк падазрона, сустракаецца з цмяным, нетэматызаваным супрацівам з сярэдзіны самой філасофіі, якая імкнецца пазьбегнуць замыкання – як ёй здаецца – у занадта цесную лакальнасьць.

Мы маем панятак філасофіі, ідэю філасофіі якая традыцыйна прэтэндуе на ўніверсальную веду – і рэальнасьць інтэлектуальных практыкаў, лакалізаваных ў пэўным часе і прасторы.

Часам разрыў між гэтымі рэчамі стаецца невыносным. Філасофія,  знаходзіць сябе ў пэўных абставінах, у пэўным кантэксце і вымушана размяшчаць свае набыткі тут і цяпер.

Але тутэйшая філасофія баіцца гэтага кантэкста.

***

Гэты страх перад беларускай лакальнасьцю мае час і мейсца свайго нараджэньня: другая палова дваццатага стагоддзя, беларуская савецкая культура.

Калісьці Валянцін Акудовіч сумна пажартаваў, што беларусам у савецкія часы было дазволена “пісаць вершы і раманы”, “танчыць і сьпяваць”, збіраць беларускі фальклор і нават здымаць кіно, пераважна пра партызанаў,  – але не было дазволена думаць.

Нягледзячы на ўсю метафарычнасць гэтага сцверджання, яно апісвае рэальны стан беларускай культуры ў савецкія часы, калі яна была ўлучаная ў якасці лакальнай і перыферыйна-этнаграфічнай ў іерархію, дзе на ролю універсальнага магла прэтэндаваць толькі расейская культура (у яе савецкай версіі).

Такая канфігурацыя прыводзіла да таго, што прафесійная філасофская супольнасць, якая нанова пачала складвацца ў Беларусі ў другой палове XX стагоддзя, не бачыла сабе мейсца ў “лакальным” беларускім кантэксце і выстройвала свае інтэлектуальныя траекторыі ў дачыненьні да расейска-савецкай альбо (пры пэўнай апазіцыйнасці) эўрапейскай альбо расейскай дарэвалюцыйнай традыцыі.

Па сутнасьці сфармаваўся пэўны тып філасофскай суб’ектнасьці, для якой лакальнага кантэксту, г.зн. Беларусі, – проста не існавала. А калі гэты кантэкст і заўважаўся, дык толькі ў якасці таго, ад чаго трэба як найхутчэй адыйсьці, пазбавіцца.

У сваю чаргу й беларуская культура другой паловы XX стагоддзя “не паспявала” за імклівымі сацыяльнымі зьменамі ў позьнесавецкай мадэрнасьці, калі ў выніку раптоўнай урбанізацыі асноўным “мейсцам пражывання” беларускага народу стаў горад.

Культура не адкрывала сябе для інтэлектуальных і філасофскіх пошукаў, яна ўсё больш і больш пераўтваралася на сувенірна-этнаграфічны дадатак.

Гэтая канфігурацыя несустрэчы знікла разам з канцом савецкага праекта.

***

З аднаго боку, знайшоўшы сябе на руінах сістэмы філасофскіх навук, філосафы былі вымушаны ставіць пад пытанне свае ўласныя ідэнтычнасці, а таксама месца і ролю філасофіі ў гэтых новых абставінах.

З другога, беларуская культура выйшла з лакальнасці. Паўстала “іншая Беларусь”, якая ўжо готовая прысвоіць сабе традыцыю думкі.

Напрыканцы дзевяностых адбываецца сустрэча. Беларусь стала  тэмай “філасофскі прадуктыўнай”. З іншага боку філасофія пачынае пацыху рабіцца аб’ектам жадання ў беларускай культуры.

Так нараджаецца беларуская філасофія.

***

Беларуская філасофія – мейсца сустрэчы пэўнага тыпа мыслення, ўніверсальнага па сваіх памкненнях і амбіцыях, грэцкага па паходжанні, еўрапейскага па сваіх генеалогіях і нормах, і адной з сярэднееўраейскіх  культураў, раздзёртай між посткаланіяльным і постімперскім кантэкстамі.

Абазначым гэтае мейсца сустрэчы як асаблівы тып памежжа, на якім і з якога мы можам думаць.

Заўважым: сустрэча мае мейсца і сама ёсьць мейсцам.

***

Сустрэча адбываецца ў пэўным часе.

Эпоха позьняй мадэрнасці, калі ўжо “ўсё адбылося”: абяцанні і ўтопіі заяўленыя і пражытыя.

Калі сама філасофія пачынае бачыць сябе не толькі на скраі мадэрных формаў, але і на скраі філасофіі, а магчыма нават і пасьля філасофіі.

***

Беларуская філасофія паўстае на скраю, і наўздагон мадэрнасці, — і ў той жа момант у самым цэнтры яе канфліктаў і супярэчнасцяў.

Перш за ўсё яна абнаружвае, што сацыяльная тапалогія думкі радыкальна змянілася.

Сучасная філасофія ўжо не базуецца на рэспектабельным акадэмізме, на “школах” ды “ізмах”, якія дамінавалі да другой паловы XX стагоддзя.

Сёння філасофія гэта індывідуальны пошук і стварэнне паняткаў у сітуацыі машынаў веды – масавай познекапіталістычнай вытворчасці веды, — і часткай гэтай машыны з’яўляецца філасофія ў яе акадэмічных, інстытуалізаваных формах.

Ужо няма прэтэнзіяў на веду і кумулятыўнасьць.

***

Сучасная філасофія функцыянуе як сістэма “высокай моды” мыслення, інтэгруючы ў сябе элементы шоў, поп-культуры, дзе акторамі выступаюць “ідэі”, а рэжысерамі – аўтары.

На самым версе функцыянуе сыстэма “акадэмічных зорак” – высокааплочваных аўтараў філязофскіх бестсэллераў, задача якіх ствараць увесь час “новае” ( у сістэме моды гэта адпавядае топ-дызайнерам).

Пад іх ладзяцца канферэнцыі, выдаюцца зборнікі, пад іх працуе машына мультыплікацыі (памнажэньня дыскурсу).

У выніку: сучасная філасофія ёсьць машынай па вытворчасьці дыскурсу, машынай, якая ўлучае ў сябе ўсі спробы бунту.

Ідэалогіі і ідэі, дыскурсы і контрдыскурсы, сістэмы і тэорыі – усё гэта даўна ўтылізаванае і функцыянуе на паверхні ў лёгіцы абмену.

***

Беларуская філасофія: мейсца мыслення на самым скраю мадэрнасьці.

Філасофія размяшчае сябе ў знікомай, небяспечнай лакальнасьці, далёка ад зонаў рэспектабельнага валодання праўдай.

Пэўная беднасьць, маргінальнасьць, удалечыні ад зонаў канцэнтрацыі сымбалічнага капітала.

Назапашанага традыцыяй, забяспечанага канцэнтрацыяй рэсурсаў

Філасофія патрапляе ў беднасьць, негарантаванасьць і ў той жа час неабходнасьць думкі.

***

То бок, яна патрапляе ў сваю стыхію. У момант свайго нараджэння.

____________________________________________________________

 

 7-8 лютага 2014 года Лятучы ўніверсітэт разам з кансорцыюмам ЕўраБеларусь праводзіць штогадовую ўніверсітэтскую зімовую канферэнцыю «Пачатак і існаванне: спосабы вызначэння і спосаб дзеяння». Сёлятняя канферэнцыя праводзіцца на новым этапе існавання Лятучага ўніверсітэту, на якім перад намі паўстаюць новыя выклікі. Усведамленне сутнасці і зместу новага этапу існавання Лятучага ўніверсітэту, асэнсаванне паўстаючых выклікаў складаюць практычную актуальнасць сфармуляванай тэмы канферэнцыі.

Пытанне “Калі пачынае існаваць тое, што існуе” з асаблівай вастрынёй вярэзіць нас, калі мы звяртаемся да такіх з’яваў як “універсітэт”, “горад”, “супольнасць”, “нацыя”, культура”. Шмат якія рашэнні і прапановы, якія паўставалі ў нашых абмеркаваннях і практычных дзеяннях у апошнія гады, крытыкаваліся і абвяргаліся менавіта праз зварот да пытання існавання і існасці гэтых з’яваў. Вызначэнне статуса існавання тых з’яваў, якія цяжка намацаць эмпірычна, але якія задаюць сэнс і накіраванасць нашым дзеянням і жыццю, становіцца праблемай на шляху супольнай дзейнасці і паразумення .

Гісторыя, паліталогія, педагогіка, філасофія  — кожная дысцыпліна па-свойму вырашае гэту праблему. Культурныя, грамадскія і палітычныя дзеячы даюць свае адказы. Але ні адну з гэтых з’яваў немагчыма “пакласці” у асобную дысцыпліну. І калі мы намагаемся рабіць нешта супольна, то спосабы рашэння гэтага пытання могуць стаць карыснымі для такой справы.