Уладзімір Мацкевіч
25 ліпеня 2007 года
Сёлета спаўняецца 10 год праекту Міхала Анемпадыстава «Народны альбом». Гэты праект шмат чым цікавы, і, напэўна, не кожны музычны праект можа пражыць 10 год і захаваць актуальнасць і, так бы мовіць, свежасць.
Тым больш што ўсе песні гэтага альбома аб’яднаныя не музычнай формай ці стылем, а нейкім зместам, амаль што метафізічным. Агульнай тэмай альбома з’яўляецца шок беларускай свядомасці пры пераходзе ад нармалёвага, звычайнага чалавечага жыцця ў Заходняй Беларусі да надзвычай штучнага, шмат у чым незразумелага савецкага ладу жыцця. «Народны альбом» – гэта спеў беларуса, які асэнсоўвае свой гістарычны лёс, лёс, якога ён не выбірае, але які яму адпушчаны. Здавалася б, даўно ўжо час прызвычаіцца і супакоіцца, даўно скончылася не толькі тая эпоха «пад прыгнётам панскім», пра якую так цёпла, хоць і іранічна, распавядае першая песня альбома, скончылася і савецкая эпоха, калі мы лічыліся адным народам з масквічамі, пскавічамі і растаўчанамі, – з іншай песні альбома. Беларусь ужо шмат гадоў як незалежная, але ж калі днямі КДБ нашай незалежнай Беларусі выкрыла чарговых польскіх шпіёнаў, рука сама пацягнулася да магнітафона, каб паслухаць песню з «Народнага альбома» пра двух польскіх шпіёнаў – Болека і Лёлека. Пра польскіх шпіёнаў без іроніі разважаць немагчыма, але ж «Народны альбом» – гэта не толькі іронія і сцёб, гэта і архетыпічны сум па нармалёвым чалавечым жыцці. Вось аднойчы, слухаючы песню пра тое, што «У нашым мястэчку восень / Прыхадні розныя лазяць па хатах», я неяк вельмі добра зразумеў пачуцці лірычнага героя, які «Узяў у рукі кала / І пайшоў па мястэчку / Спяваючы: «Ла-ла-ла-ла». Я спытаўся: «А хто гэты герой?» Адна справа, калі гэта той самы Юзік, які «супраць прыгнёту паноў і падпанкаў» і «чакае з надзеяй на рускія танкі», і вось яго надзея спраўдзілася, але ж высветлілася, што на танках прыехалі тыя самыя «прыхадні розныя», якія «лазяць па хатах». Іншая справа, калі па мястэчку з гэтым калом ходзіць лірычны герой іншай песні, які спяваў, што ён, «да жалю, не пан і, на шчасце, не хам», які не мог вызначыцца з месцам і быў і не тут, і не там. Ён быў не толькі самотным, але і самадастатковым, таму што лічыў, што «ад бяды і нуды ўратуецца сам». І калі менавіта гэты герой шпацыруе па мястэчку з калом у руках і безнадзейна ў голас лямантуе: «Ла-ла-лала», то гэта вельмі сімвалічна. Фантазіі звычайнага, добрага местачковага хлопца, здольнага трымаць сваю хату і гаспадарку, не хапіла, каб уявіць сабе такі памер «бяды і нуды», ад якога сам-насам не ўратуешся. Ёсць бяда, ад якой можна ўратавацца толькі разам, разам у памерах ўсяго народу, усёй нацыі. А для гэтага і таксама для таго, каб уявіць сабе памеры такой бяды і памеры такой нацыянальнай еднасці, трэба ў рэшце рэшт вызначыцца з тым, хто пан, а хто хам. І дзе мы? Ці тут, ці там? Амаль70 гадоў прайшло з моманту далучэньня Заходняй Беларусі да Савецкай, а большасьць беларусаў так і не вызначылася, дзе мы павінны быць – там ці не там. Большасць беларусаў задавальняецца сваім неакрэсленым станам «да жалю, не пан, на шчасце, не хам».
Яшчэ разважаючы пра тое, хто мы і дзе, пра нашу еднасць ці самотнасць і самадастатковасць, варта ўслухацца ў мову «Народнага альбома». Калі герой адной з песенек спявае, што ён «сьпевам по-польску своі пэсэнькі», яму ніяк не верыш, бо спявае ён з такім акцэнтам, што відавочна, дзе ён навучыўся так «сьпеваць по-польску». Некаторыя тэксты напісаныя на вытанчанай, так бы мовіць, трасянцы. Гэта не толькі расійска-беларуская трасянка, гэта і трасянка Казіка Пясэцкага з Вільні, і трасянка стылізацыі пад тырольскі спеў, ну і асабліва на гэтым фоне становіцца зразумела, што ідыш – гэта таксама нямецкабеларуская трасянка.
«Народны альбом» нібыта падкрэслівае метафізічную еднасьць тутэйшых невызначыўшыхся. Незалежна ад таго, ці хто «сьпева попольску», ці «поет па-расейску» ці на ідыш.
«Народны альбом» нібыта заклікае нас кінуць дурноту самотнасці і нарэшце зразумець, што ад сапраўднай бяды і нуды мы ўратуемся толькі разам.
Тэкст быў надрукаваны на вэб-сайце worvik.com 25 ліпеня 2007 года.