29 кастрычніка Лятучы ўніверсітэт запрашае на лекцыю прафесара Універсітэта Вітаўта Вялікага (Коўна, Літва) Русціса Камунтавічуса “In memoriam L. Donskis: філасофскія ідэі і публічная палітыка”. А напярэдадні лекцыі прапануем вашай увазе рецэнзію Паўла Баркоўскага на кнігу Леанідаса Донскіса “Modernity in Crisis: a dialogue on the culture of belonging”.
Крыніца: платформа Academia.edu
“Незаўважаны фашызм Расеі” і іншыя праблемы і чыннікі крызісу цэнтральнаэўрапейскай ідэнтычнасці
Кніга, што разглядаецца ў рэцэнзіі: Leonidas Donskis Modernity in Crisis: a dialogue on the culture of belonging / New York, Palgrave Macmillan, 2011 – 205 p., XI
Што мы ведаем пра інтэлектуальнае жыццё суседзяў, нават нашых былых аднапакаёўнікаў па агульнай савецкай камунальнай кватэры? Збольшага нешта з асабістых кантактаў, з непазбежным для падобнае оптыкі скажэннем прапорцыяў інтэлектуальных лініяў і лёсаў. Але з падсвядомым прадчуваннем таго, што там мусяць адбывацца нейкія маргінальна-правінцыйныя працэсы і рухі, што паміж Варшавай і Берлінам паўтараюць траекторыі нашага пярэстага інтэлектуальнага жыцця тут, паміж Кіевам і Масквой. Натуральна, што рэчаіснасць больш складаная за падобныя ментальныя штампы і што правінцыйнасць людзей і думак збольшага залежная не ад іх фізічнага месца існавання, але ад спачатку абранай устаноўкі. Калі ж гаварыць больш канкрэтна пра літоўскую сітуацыю – яна расквечаная калі і не імёнамі эпічнага масштабу, што скаланаюць самае нябёсы эўрапейскай культуры, але, прынамсі, імёнамі сціплых герояў-інтэлектуалаў. Тых, хто бярэ на сябе абавязак ды права быць сведкамі і спавяшчальнікамі свайго месца і часу, чуйна рэагуючы на тыя выклікі, што спараджае наўкольны свет людзей. Да апошніх можна залучыць і аўтара аналізаванай тут кніжкі, літоўскага мысляра з надзвычай багатым інтэлектуальным партфоліа і карысным досведам публічнага дзеяча, Леанідаса Донскіса.
Ягоная кніга “Мадэрнасць у крызісе: дыялогі пра культуру прыналежнасці” можа насамрэч уважацца за спробу правесці пэўную рысу пад шматгадовымі назіраннямі за станам разгойдвання мясцовай ідэнтычнасці “новых эўрапейцаў”. А таксама – скласці справаздачу з падрабязным апісаннем тых выклікаў і праблемаў, што паўстаюць перад вачыма інтэлектуалаў і абыйвацеляў, затрапіўшых у віхур грамадскіх трансфармацыяў “маладых” (з пункту гледжання “Старой Эўропы”) нацыянальных супольнасцяў. Для літоўскае грамадскасці, нават у большай ступені за беларускую, характэрнае адчуванне сябе на тле цывілізацыйнага разлому, дзе іхны выбар на карысць аднаго з вектараў свайго развіцця уваходзіць у смяротную бойку з ressentiment наконт страчанай адваротнай магчымасці. Некалі мясцовым інтэлектуалам і простым грамадзянам было лёгка марыць пра эўрапейскую будучыню, эўрапейскі выбар і іншыя падобныя катэгорыі, калі эўрапейскасць малявалася нам у ружовых колерах класічнага мастацтва, фундаментальнай навукі, прасунутай тэхналогіі, надзейных і рэспектабельных формаў жыцця, і куды цяжэй сёння абгрунтоўваць свой маральны і эстэтычны выбар эўрапейскага шляху, калі эўрапейскае пачынае асацыявацца з эканамічнымі крызісамі ў Грэцыі і іншых краінах зоны Эўразвязу, сепаратызмам баскаў, гей-парадамі, выбухамі непрадбачлівай іміграцыйнай палітыкі і г.д. Выглядае на тое, што лялечны дамок “мілай старой Эўропы” дарэшты рассыпаўся ў друз і нам трэба неяк цяпер выжываць у суворай дарослай рэальнасці, шукаючы адказы на пытанні: што злучае эўрапейскую ідэнтычнасць зараз? Што значыць быць эўрапейцам, “большым за саміх эўрапейцаў”, калі ты з Цэнтральнай Эўропы? Як і дзе шукаць ідэнтычнасці і аўтэнтычнасці, калі нас усіх захлынула ўжо хваля “вадкай”, ці “цякучай мадэрнасці”?
Анталагічна кніга абапіраецца на тэорыю “цякучай мадэрнасці” З. Баўмана, у рэспектаванні падыходу якога аўтар беспасярэдне прызнаецца на самым пачатку, а метадалагічна – на ягоны ж герменеўтычна-крытычны падыход, які ўяўляе сабой вельмі сваеасаблівую і выбуховую сумесь тэарэтычных абагульненняў, аналізаў канкрэтных кейсаў, паэтычных адступленняў і метафар, а таксама інтэлектуальных прароцтваў. Аднак пры гэтым аўтара адзначае тое, што ён не проста рэтранслюе ідэі і спосабы мыслення знанага эўрапейскага мэтра, але ўжывае ягоную аналітычную оптыку для разважання над зусім мясцовымі пытаннямі ды праблемамі.
Пачынае ён перадусім з праблематызацыі эўрапейскага канону і надзвычай надзённага пытання памяці – індывідуальнай і калектыўнай. Калі гаворка тычыцца ідэнтычнасці сучаснага чалавека, лічыць аўтар, тым больш гэткай г.зв. “новых эўрапейцаў”, дык яна адмыслова знаходзіцца ў стане падвоенасці: з аднога боку імкнення атаесаміцца з пэўнай супольнасцю, “калектыўнай ідэнтычнасцю”, з іншага боку – заставацца апрычонай і цалкам індывідуальнай. Іншымі словамі, ідэнтычнасць знаходзіцца ў стане крызісу, хаця, як трапна заўважае Леанідас Донскіс, “выраз “крызіс ідэнтычнасці” выглядае на плеаназм, таму што няма ідэнтычнасці, што не была б у крызісе” (р. 9). Мы маем шэраг культурніцкіх прыкладаў таго, калі чалавеку муляе ўласная ідэнтычнасць і карціць яе змяніць на нейкую іншую, больш прывабную – гэта старая спакуса для эўрапейцаў. З надыходам жа глабалізацыі эўрапейская ідэнтычнасць спраблематызавалася ўшчэнт: нам цяпер незразумела, што яе зшывае ды лучыць. Што патрабуе ад нас, у наш мадэрны век, зрабіць пераадкрыццё традыцыі і культурнага канону (прыватныя контуры чаго схільны нам акрэсліць сам аўтар) як таго, што можа даць грунт нашай мажлівай ідэнтычнасці.
Але вяртанне да культурнага канону і ўласнай ідэнтычнасці мусіць адбывацца праз належную палітыку памяці, беспасярэдне лічыць аўтар. Такая палітыка не дае нам адказу на сітуацыю мадэрнай няпэўнасці і разарванасці, але дапамагае звязваць паміж сабой розныя элементы собскага досведу: не захінаючы балючыя ўспаміны пра свае злыбяды ў свядомым занядбанні і вырачэнні ад памяці, аднак і не фіксуючы свой мысленчы досвед адно на адзнаках былой траўмы. Гэта тое майстэрства, якога дасюль бракуе цэнтральнаэўрапейскім народам, літоўцам ды беларусам можа і найперш, хаця і па-рознаму. Калі мы тут на афіцыйным узроўні схільныя да пеставання ўласнай амнезіі і прыхоўвання ўсіх траўматычных момантаў сваёй гісторыі апрача навідочнага пакутніцтва за часамі “айчыннай вайны”, дык літоўскаму грамадству ўласцівы іншы ressentiment – нежаданне пазбыцца стыгматаў пакутніцкай нацыі, гістарычнай ахвяры, што дасюль раз-пораз здрыгвае, паглядаючы на ўсход. Малыя цэнтральнаэўрапейскія нацыі столькі зведалі кепскага за мінулае стагоддзе свайго існавання, што цяпер патрабуюць належнай псіхалагічнай дапамогі, каб не выракацца сваёй памяці і не пакутваць праз яе. “Гамлетава дылема “быць ці не быць?” тут стаецца хутчэй цэнтральэўрапейскай дылемай “Быць ці пазбыць?” (р.34). Кантроль над розумам – гэта перадусім кантроль над памяццю: пра што нам пранізліва сведчаць антыўтопіі Орўэла, Замяціна, Хакслі. І аўтарытарнымі сродкамі тую памяць заўжды гатовыя падчышчаць. Магчыма таму, у адрозненні ад заходніх эўрапейцаў, з іхным іншым стаўленнем да гістарычнага, палітыка памяці, альбо абавязак памятаць, водле Донскіса, – гэта на сёння маральны імператыў для цэнтральна- і ўсходнеэўрапейца.
Аўтар разважае наконт таго, чаму ідэнтычнасць цэнтральнаэўрапейскіх народаў склалася як культурніцкая, а не палітычная ад самога пачатку, і чаму, у такім разе, лёс найноўшай ліберальнай Эўропы з’яўляецца ў пэўным сэнсе зваротам да мінулага Эўропы Цэнтральнай, з яе барочнай пярэстасцю, мультыкультуральнасцю і талеранцыяй, якая ўспрыймаецца цяпер прадстаўнікамі гэтай традыцыі няйнакш як “знак бяды”, прыкмета кволасці і заняпада перад моцай і агрэсіўнасцю суседзяў. Гэта ж тычыцца і схільнасці “старых эўрапейцаў” хадзіць па чужых граблях: рэспектаванне левых ідэалогіяў у палітыцы, пошукі “трэцяга шляху” і іншыя ўлюбёныя тэмы-пражэкты ліберальных інтэлектуалаў. Што зрэшты і дае падставы для значнага замацавання сваіх пазіцыяў мясцовым эўраскептыкам: “Тое, што здаецца заходнім эўрапейцам і паўночным амерыканцам альтэрнатывай і гуманістычным праектам мадэрнасці, для цэнтральнаэўрапейцаў – наўпрост гістарычная рана, старанна выпрабаваная ды правальная магчымасць, ды фальшывая абяцанка мадэрнасці з чалавечым тварам” (р.42).
Іншы абсяг актуальных выклікаў для чалавека нашага месца ды часа – гэта прасцяг таямніцы і загадкавасці. Факт, што мадэрнасць ува ўсіх сваіх формах пазбаўляе людзей таямніцаў іхнага жыцця і схільная выстаўляць інтымнае на паверхню публічнага разгалоса. У аўтарытарным досведзе гэта радыкальна трансфармуецца ў канцэпцыю “падвойнага жыцця”, ці, гаворачы словамі Мілана Кундэры, Кетмана: калі чалавек мусіць хаваць свае думкі і ідэнтычнасць і камуфляваць іх пад грамадска бяспечныя формы, то бок ствараць выгляд адсутнасці таямніцы. У дэмакратычных грамадствах праблема трохі іншая, звязаная з логікай “культуры дэтэрмінізму” (водле цытаванага аўтарам літоўскага даследчыка В. Каволіса), але адсутнасць таямніцы тут таксама навідавоку. Таму на месца таямнічага паступова прыходзіць канспіралагічнае: “Тэорыя змовы, віктымізацыя і тэхнакратычная дэманалогія амаль нароўні распаўсюджаныя ў ліберальна-дэмакратычных і неліберальных частках свету”(р.72). Прагнучы пазбыцца пустэчы загадкавага, вынішчанага праз асветніцкія высілкі мадэрнасці, чалавечая свядомасць кідаецца на танныя эфекты чарговага канспіралагічнага тлумачэння свету і праз гэта перверсійным чынам здабывае цудадзейны сродак ад занядбанасці: “калі супраць мяне ладзяць змовы, я камусьці патрэбны, свет да мяне неабыякавы!” Гэта суправаджаецца, аднак, таксама цынічнай логікай і адпаведнай маральнасцю: няма бязвінных – калі нехта церпіць ад іншага, дык мусіць сам быць у гэтым вінны. Так, літоўскае грамадства аспрэчвае удзел сваіх прадстаўнікоў у Галакосце, калі і не сам Галакост – і для літоўскіх інтэлектуалаў гэта істотны выклік на сёння: спроба вярнуць мараль у культуру!
Для сучаснага глабалізаванага свету магчымая таксама і зусім іншая спакуса – наўмысная віктымізацыя: калі быць у пазіцыі ахвяры, значыць прэтэндаваць на пэўную ўладу, значнасць, бо я так шмат пакутваў раней, і цяпер усе наўкола вінныя мяне праз тое рэспектаваць і заўважаць. Яе не абмінаюць ні асобныя людзі, ні цэлыя народы. Для аўтара гэта праява культурнага амаралізму, адмовы ад індывідуальнай і калектыўнай адказнасці і замены яе прыналежнасцю да “пакутніцкай групы”. Свет можа быць злым і жорсткім да мяне, нават прасякнутым штучна падвышанай небяспекай тэхнічных катастрофаў і іншых дэманаў сучаснасці – галоўнае, каб ён не быў абыякавым: водле аўтара, гэта найбольшая спакуса для тутэйшай супольнасці, якой лепш пачуваць сябе ахвярай, чым заставацца ў апрычонасці. Хаця зрэшты супраць усіх небяспекаў і пагрозаў гэтага свету нас мусіць ратаваць чароўная мантра ”Тут і з намі гэтага не можа адбыцца” – яна ратуе нас ад неабходнасці знаходзіць адказы на непрыемныя пытанні і дазваляе нашай ідэнтычнасці заставацца да часу некранутай, што і карыстаюць некаторыя нядбайныя палітыкі.
Апрача выклікаў і пытанняў, для чалавека часоў цякучага мадэрна існуюць таксама небяспекі і пагрозы: не абмінаюць іх і цэнтральнаэўрапейцы, можа нават больш чуйна рэагуючы на вонкавы ціск, бо адчуваюць сябе вонкавай часткай Эўропы, высунутай насустрач навакольнаму свету. Пасля канчатковага сканання эйфарыі ад света без халоднай вайны адной з галоўных пагрозаў аўтару яшчэ ў 2010 г., за колькі год да ўкраінскіх падзей, ўяўляўся “незаўважны фашызм” Расеі. І тут Донскіс не спрабуе эксплуатаваць нацыянальную траўму літоўцаў і гандляваць вобразам маленькай краіны – ахвяры бязлітаснага суседа; ён робіць цвярозую канстатацыю таго, што на тле векапомных падзеяў ХХ ст. з відавочнымі жахамі канцлагераў, гета, Галакоста і іншых злачынстваў нацыянал-сацыялізму і італьянскага фашызму, па сутнасці падобная ж шавіністычна-імперская, антысеміцкая палітыка расейскай дзяржавы – ад царскіх часоў да найноўшых момантаў гісторыі – засталася незаўважанай ці наўмысна ігнараванай тымі культурамі і палітыкамі, што спрабуюць здзяйсняць гуманістычны суд эпохі. Донскіс сувора пералічвае найбольш яскравыя моманты ігнаравання: чарнасоценная рэакцыя і інспіраваныя “Ахранкай” жыдоўскія пагромы, апраўданнем якіх слугавалі фальшывыя “Пратаколы сіёнскіх мудрацоў”, што так і засталіся нутраной справай Расейскай імперыі ў 1900-14 гг.; руска-чаченскія войны 90-х гг., якія фактычна абвярталіся шэрагам вайсковых злачынстваў, жорсткімі этнічнымі чысткамі, забойствамі мірных грамадзянаў, і якія досыць ліберальна разглядаліся Захадам як лакальны вайсковы канфлікт і нутраная справа РФ на тле параўнання з жахамі югаслаўскай вайны і этнічнымі чысткамі албанцаў у Косава; руска-грузінская вайна 2008 г., дзе заходнія палітыкі цынічна рабілі выгляд, што агрэсарам і галоўным віноўнікам канфлікту з’яўляецца пацярпелы бок.
Гэта практыка ігнаравання “незаўважнага фашызма” для правядзення падобнай палітыкі абапіраецца на формулу: “Яны ведаюць, што мы хлусім, і мы разумеем, што яны ведаюць, што мы хлусім” – але прыняць цяжкія рашэнні куды складаней, чым проста далей не заўважаць і рабіць выгляд. Таму ў эўрапейскай палітыцы квітнее рэалпалітык, жаданне ігнараваць палітычныя выклікі і засяроджвацца толькі на эканамічных стасунках, не пралічваючы, прыкладам, стратэгічных наступстваў продажу паветрана-дэсантных караблёў “Містраль” краінай НАТА краіне, якая фактычна застаецца асноўным патэнцыйным супраціўнікам НАТА ў Эўропе, што грунтоўна скаланае ўсю структуру лакальнай сістэмы бяспекі і змушае маленькія балтыйскія дзяржавы напружвацца ад подыху небяспекі. Цяпер падобныя трывожныя разважанні ў Эўропе ўспрымаюцца куды як лаяльна, чымся тры гады таму, калі пагроза з боку Расеі падавалася не больш як фрустрацыяй постсавецкіх мясцовых эліт. Аўтар жа прароча адзначае: “Тое, што адбылося ў Грузіі некалькі год таму можа быць спробай Расеі ўсталяваць узор для падобнага ж сцэнара ў дачыненні Ўкраіны ці краінаў Балтыкі” (р.89).
Абструкцыі вартыя, лічыць аўтар, аднак, не толькі эўрапейскія палітыкі з іхным прагматызмам, але і эўрапейскія і паўночнаамерыканскія праваабаронцы, якія схільныя “не заўважаць” тых пагрозаў для жыцця і здароўя, што суправаджаюць дзейнасць праваабаронцаў у постсавецкіх аўтарытарных умовах, і апекуюцца збольшага мясцовымі парушэннямі, не спрабуючы выказаць інтэрнацыянальную салідарнасць на сістэмным узроўні. Пытанне не ў тым, што заходнім праваабаронцам трэба наогул кінуць крытыкаваць свае ўлады і грамадства за недасканаласць ці невыкананне падставовых правоў чалавека і непакоіцца толькі праблемнымі рэгіёнамі, але ў тым, каб падобная салідарнасць зрэшты існавала і не давала паставіць на адную роўню сістэматычнае і цынічнае парушэнне правоў чалавека ў адной краіне і асобныя выпадкі дыскрымінацыі ці непаліткарэктнасці ў іншай, каштоўнасна іх зраўнаўшы. Гэта прама ці ўскосна здраджвае памяці тых, хто ўжо стаўся ахвярай супрацьстаяння сістэме, як тыя ж Паліткоўская ды Эстэмірава ў РФ, і абцяжарвае дзейнасць тых, хто яшчэ працягвае змагацца за тыя правы з рызыкай для жыцця. І гэта ўжо наогул не гаворачы пра тэндэнцыю да рэлятывізацыі самога панятка правоў чалавека ў святле страты самой па сабе асэнсаванасці шмат-якіх паняццяў у нашыя мадэрныя часы.
Аўтар, тым не менш, засяроджаны на крытыцы і аналізе таго, што спрычыняе крызіс цэнтральнаэўрапейскай ідэнтычнасці зараз і задае жорсткія пытанні не толькі навонкі, але і самім сабе. Напрыклад, пытанне наконт той напаўпраўды, якую імкнуцца сцвярджаць украінскія і балтыйскія эліты, што да асэнсавання падзеяў Другой сусветнай вайны. Спрабуючы выказаць сваю праўду наконт заганнасці пакта Молатава-Рыбэнтропа ці палітыкі Галадамору ў дачыненні да народаў Украіны і балтыйскага рэгіёну, адэпты нацыянальных культур свядома ігнаруюць абвінавачванні ў калабарацыі з нацыянал-сацыялісцкімі ўладамі ці ўдзел уласнага насельніцтва ў Галакосце, якія зыходзяць з адваротнага боку. Сярод іншых пытанняў тлумачыць аўтар, напрыклад, і тое, чаму, на ягоную думку, былыя савецкія дысідэнты гэтак варожа ставяцца да сённяшніх заходніх дэмакратыяў, і чым, у такім разе, тлумачыцца ressentiment у тых жа балцкіх краінах, скіраваны супраць Эўразвяза і ягоных палітычных каштоўнасцяў… Вось адносна невялікі і далёка не поўны пералік тых тэмаў і пытанняў, што ўздымаюцца ў дадзенай кнізе , які дае разуменне, што яе чытанне можа стацца куды цікавейшым за прагляд дадзенай рэцэнзіі.
Праўда, для вычарпальнасці аналізу варта адзначыць і некаторыя слабыя моманты кнігі, якія не замінаюць атрыманню агульнага задавальнення ад яе прачытання, хаця і муляюць вока яе чытачу. Перадусім, аўтар працуе ў той рэспектаванай на Захадзе традыцыі, калі кніжка складаецца з амаль аўтаномных раздзелаў, часткова надрукаваных раней у выглядзе асобных артыкулаў і частак калектыўных даследаванняў. Пры тым, што Донскіс абгрунтоўвае гэта метадалагічна (спасылкай на Баўманаў падыход да напісання тэкстаў) і спрабуе змястоўна гэтыя паасобныя часткі паміж сабой злучыць, тэкст усё адно пакідае ўражанне рознастылёвага і разарванага апавядання, асобныя часткі якога маюць розную вартасць: адныя ўводзяць у кантэкст сацыяльна-філасофскіх і паліталагічных разважанняў З. Баўмана, іншыя ставяць актуальныя пытанні і фармулююць задачы, трэція – паўстаюць як спроба гістарычна-культуралагічнага апісання таго, чым з’яўляецца постсавецкае грамадства ў краінах Балтыкі сёння. Гэта замінае ўспрымаць тэкст як пэўны цэльны праект, а не набор аўтарскіх эсэ. Тым больш, што часам азначаны спосаб генеравання зместу кнігі вядзе да тэматычных паўтораў і шматкратнага прагаворвання аднаго і таго ж матэрыялу ў розных фрагментах выдання (напрыклад, таго, што тычыўся аналізу вядомых эўрапейскіх антыўтопіяў).
Па-другое, аўтара вызначае трохі гіпертрафаванае рэспектаванне баўманавай канцэпцыі “вадкай мадэрнасці”, якая безумоўна стварае прадуктыўную гіпотэзу для апісання сітуацыі надзённага жыцця ў глабалізаваным свеце, але не заўсёды здатная выйсці за тэарэтычныя абсягі і даць рады абмеркаванню канкрэтных праблемаў і выклікаў сучаснасці. То бок падыход З. Баўмана пададзены ”як ёсць” без спробы крытычнай рэфлексіі і ацэньвання яго патэнцыялу для вызначэння тых праблемаў, якія стаяць перад цэнтральна- і ўсходнеэрапейскім рэгіёнам. І нарэшце, аўтара безумоўна вызначае добрая культурніцкая эрудыцыя, уменне дастасоўваць да аналізу канкрэтных праблемаў мясцовай ідэнтычнасці ўзоры культурных кодаў класічнай эўрапейскай культуры – як жывапісу, гэтак і літаратуры, гэтаксама і кіно. Гэта, з аднаго боку, вельмі ажыўляе і робіць эмацыйна насычаным аўтарскае апавяданне, надаючы яму патрэбны культуралагічны кантэкст, але ж гэта самае, з іншага боку, вельмі шкодзіць паслядоўнасці ўспрыймання аўтарскай задумы, захінаючы чытача ў плыню асацыяцыяў, з якой не так проста пасля ўдаецца выслізнуць зваротна да логікі развіцця думкі.
І вось нягледзячы на тое, а можа, наадварот, дзякуюючы гэтым недасканаласцям і прывабнасцям кнігі, яна дае нам вельмі востры, вельмі інтымны і вельмі яскравы ўзор інтэлектуальнай працы тут і цяпер, узор, якім можна захапляцца і ганарыцца, а таксама які можна і варта ажыццяўляць кожнага разу нанова, кожнаму на сваім месцы. Бо менавіта ў гэтым цяпер палягае асноўнае служэнне цэнтральна – і ўсходнеэўрапейскага інтэлектуала.
©Павел Баркоўскі, Менск, 2014
Публічная лекцыя “In memoriam L. Donskis: філасофскія ідэі і публічная палітыка”
29 кастрычніка (субота), пачатак – а 17-й гадзіне.
Лекцыя будзе праходзіць у галерэі Ў (пр-т Незалежнасці, 37а).
Уваход вольны!