Пачатак як абсалютная сістэма каардынат: касмаганічнае вымярэньне

03 лютага 2014
Матэрыялы да канферэнцыі Лятучага ўніверсітэта

Ірына Дубянецкая

1. Канцэпцыя пачатку.

У найстаражытнейшых тэкстах чалавецтва значнасьць стварэньня – Першападзеі, якая няспынна адбываецца ў вечным Цяпер, – неперацэнная. Творца сусьвету – той, хто даў пачатак усяму існаму, – ачольвае боскую герархію і вызначае лёсы ўсяго і ўсіх. Або першаэлементы, што сфармаваліся ва ўлоньні перадматэрыі, навечна вызначаюць сутнасьць і лад запачаткаванага імі сусьвету.

На Старажытным Блізкім Усходзе касмаганічныя пралогі маглі распачынаць сабою тэксты любога зьместу: сакральныя гімны ці міты, матэматычныя трактаты і дынастычныя хронікі, мудрыя павучаньні або магічныя лекарскія заклёны. Бо ўсё, што існуе, мае свае вытокі й свой перадвызначаны сэнс у першай дзеі, першым руху стваральнае сілы, з якою ўсё было і ёсьць непарыўна зьнітаваным.  Пачатак дэтэрмінуе і хаду працэсу разьвіцьця сусьвету, і яго структуры – ад асноўных (“хрыбетных”) да найбольш дробных (“капілярных”) элементаў. Пачатак задае і ўсе шматмерныя ўзаемасувязі ў сусьвеце – ад самых базавых да самых вытанчана-складаных, амаль няўлоўных.

2. Вызначэньне пачатку.

Сьветамысьленьне старажытнага Эгіпту трансфармуецца і ўскладняецца цягам тысячагоддзяў, і ў яго глыбінях мяняецца, але ніколі не заціраецца ясны вобраз zep tepi – нулёвага часу на мяжы пачатку адліку, першападзеі, якая запусьціла сакральныя механізмы сусьвету – боскага ладу быцьця. Гэты вобраз перацякае ад Самастворанага Творцы – Атума да мудрага Пта, які прамысьліў і выклікаў да быцьця кожную зьяву.

Месапатамія выснавала канцэпт  šurratu – пачатку, які ёсьць матрыцаю сусьвету. Сумерскія тэксты ўяўляюць яго як разьдзяленьне anki – неба-зямлі, першаснай бінарнай тоеснасьці з абсалютнай шчыльнасьцю й прыцягненьнем – на першыя касьмічныя адзінкі – неба і зямлю. Бабілонскі касмаганічны эпас Enuma Elish стварае вобраз зараджэньня бостваў на сутоку двох блізьнечых акіянаў, дзьвюх безданяў – Апсу і Тыямат.

Гэбрайская Біблія пачынаецца дзьвюма касмаганічнымі гісторыямі – адна пасьля другой – і ўся наскрозь працятая сьветастваральнай ідэяю, вобразнасьцю й метафорыкай. І геній Новага Запавету, Марк, пачынае свой тэкст словам arche (“пачатак”) – алюзіяй на гэбрайскае berešit (“на пачатку”) – слова, з якога пачынаецца першая кніга Пяцікніжжа. Ян наогул пачынае сваё Эвангельле выразам en arche (“на пачатку”), як бы перапісваючы наноў старажытную таямніцу быцьця, якая выбліснула ягоным сучасьнікам. А сэнс застаецца ўсё той самы: вызначыць пачатак, каб вызначыць і акрэсьліць рэчаіснасьць.

 3. Матэрыялізацыя пачатку.

Сьвятло інаўгуруе Космас. Сьвятло нараджаецца з спрадвечнай цемры Хаосу. Цемра абдымае, акаляе сьвятло. Непраяўленае абдымае праяўленае. Вечнасьць акаляе час.

Хаос першасны, Космас другасны. Космас узьнікае з Хаосу, акрэсьлівае і ўмацоўвае свае межы ў супрацьстаяньні Хаосу, самаідэнтыфікуецца, вызначае сваю сутнасьць, мэту і прызначэньне ўсіх сваіх элементаў у дачыненьні да вечнай пагрозы анігіляцыі, заўжды балансуючы на мяжы быцьця й нябыту. У Хаосе супадаюць пачатак і канец Космасу.

 4. Неадменнасьць пачатку.

Пачатак мае ў зародку ўсё, што будзе. Ён сам утварае абсалютную сістэму каардынат для тога, што ўзьнікне, тога, што можа ўзьнікнуць і тога, што не ўзьнікне ніколі. Найменшы зрух на пачатку прывядзе да іншых працэсаў і вынікне ў цалкам іншых сітуацыях, структурах, адносінах. Як задалося, так і праявіцца.

______________________________________

7-8 лютага 2014 года Лятучы ўніверсітэт разам з кансорцыюмам ЕўраБеларусь праводзіць штогадовую ўніверсітэтскую зімовую канферэнцыю “Пачатак і існаванне: спосабы вызначэння і спосаб дзеяння”. Сёлятняя канферэнцыя праводзіцца на новым этапе існавання Лятучага ўніверсітэту, на якім перад намі паўстаюць новыя выклікі. Усведамленне сутнасці і зместу новага этапу існавання Лятучага ўніверсітэту, асэнсаванне паўстаючых выклікаў складаюць практычную актуальнасць сфармуляванай тэмы канферэнцыі.

Пытанне “Калі пачынае існаваць тое, што існуе” з асаблівай вастрынёй вярэзіць нас, калі мы звяртаемся да такіх з’яваў як “універсітэт”, “горад”, “супольнасць”, “нацыя”, культура”. Шмат якія рашэнні і прапановы, якія паўставалі ў нашых абмеркаваннях і практычных дзеяннях у апошнія гады, крытыкаваліся і абвяргаліся менавіта праз зварот да пытання існавання і існасці гэтых з’яваў. Вызначэнне статуса існавання тых з’яваў, якія цяжка намацаць эмпірычна, але якія задаюць сэнс і накіраванасць нашым дзеянням і жыццю, становіцца праблемай на шляху супольнай дзейнасці і паразумення .

Гісторыя, паліталогія, педагогіка, філасофія  — кожная дысцыпліна па-свойму вырашае гэту праблему. Культурныя, грамадскія і палітычныя дзеячы даюць свае адказы. Але ні адну з гэтых з’яваў немагчыма “пакласці” у асобную дысцыпліну. І калі мы намагаемся рабіць нешта супольна, то спосабы рашэння гэтага пытання могуць стаць карыснымі для такой справы.

УЛАДЗІМІР МАЦКЕВІЧ — #ФІЛОСАФ_У_ТУРМЕ
Свабодную думку немагчыма пасадзіць у турму!
Напішыце каментар