Пакаянне нацыі – шлях да будычыні альбо катэгарыяльная памылка?

20 мая 2017

Даніэль Сэлермэйер (Danielle Celermajer) працуе прафесарам Сіднейскага ўніверсітэту, у якім яна заснавала дзве праграмы другой ступені вышэйшай адукацыі ў галіне правоў чалавека, накіраваныя на забеспячэнне інтэграцыі паміж перадавой навукай і эфектыўнай практыкай у гэтай сферы. Яе даследаванні і працоўная дзейнасць маюць у цэнтры ўвагі палітыку і навуку ў сферы правоў чалавека, а таксама праваабарончую дзейнасць. Яе працы публікуюцца ў “Аль-Джазіра” (Al Jazeera), “Канверсэйшн” (The Conversation) і “Сідней Морнінг Геральд” (The Sydney Morning Herald).

Артыкул “A nation apologises for wrongdoing: is that a category mistake?” (Калі нацыя просіць прабачэння за прычыненне шкоды – ці гэта катэгарыяльная памылка?) апублікаваны рэсурсам aeon. Перакалад на беларускую – рэдакцыі “Лятучага”.

Нас ад самага дзяцінства вучаць, што нашы ўчынкі могуць прычыніць шкоду. На прыкладзе ўласнага прыватнага жыцця мы ведаем, што здароўе і сістэма адносінаў маюць далікатны характар. Калі шкода ўжо нанесеная, то дачыненні пачынаюць нібыта ісці з каменьчыкам у чаравіку, нават крыху падкульгваючы. Каб вярнуць прыгожую хаду, асоба, якая зрабіла нягожы ўчынак, павінна стаць тварам у твар з тым, каму нанесеная шкода, прыняць на сябе адказнасць і папрасіць прабачэння.

А што калі шкоду прычыняюць краіны, альбо нацыі? Ці могуць нечага дасягнуць прабачэнні на дзяржаўным узроўні, а калі так, то якім чынам?

Трансфармацыйная моц прабачэнняў, як індывідуальных, гэтак і калектыўных, палягае на іх здольнасці змяняць ідэнтычнасць ды перанакіроўваць час. Калі я прашу прабачэння, то тым самым надзяляю сябе дзвюма канфліктуючымі тоеснасцямі. Я прызнаю, что павёў сябе няслушна, але таксама прымяраю новую тоеснасць у якасці асобы, што асуджае дрэнны ўчынак і не мае намеру яго паўтарыць. У якасці аналагічнага падвойнага руху пры прынясенні прабачэнняў я вяртаюся назад у часе, каб будучыня не “застрала” ў такой мінуўшчыне. Калі мы жадаем, каб будучыня мела захапляючую якасць элементу “яшчэ не” ды была адкрытай да новых магчымасцяў, трэба развярнуцца і стаць тварам у твар са знішчэннямі, учыненымі намі на сваім жыццёвым шляху. Неабходна выбачыцца за сваю ролю ў такіх разбурэннях.

Адных толькі словаў недастаткова. Дзеля дзейснасці прабачэння вінаваты павінен аўтэнтычна адчуваць раскаянне, прыняць захады дзеля кампенсацыі страты і паабяцаць не паўтараць нядобрага ўчынку. Іншымі словамі, непазбежнаму вербальнаму акту павінны спадарожнічаць дзеянні рукамі, сэрцам і розумам. Тым не менш, як вучыў філосаф Майсей Майманід каля 800 гадоў таму, раскаянне можа дасягнуць сваёй трансфармацыйнай мэты толькі тады, калі вінаваты спаведаецца словамі, “сваімі вуснамі, ды дасць выраз тым рэчам, якія ён вырашыў у сэрцы”. Арганізацыя Аб’яднаных Нацый успрыняла ідэю Майманіда аб тым, што трансфармацыйнае раскаянне ёсць шматвымернае і ўлучае ў сябе прабачэнне. Прынцыпы ААН прадугледжваюць уключэнне ў меры задавальнення за такія сур’ёзныя дрэнныя ўчынкі, як парушэнне правоў чалавека краінамі, матэрыяльных формаў кампенсацыі, гарантыяў непаўтарэння ды прабачэння.

Для шмат каго з крытыкаў такі рух па пераносе мадэляў прабачэння з прыватных асобаў на калектывы ўяўляе сабой тое, што філосафы называюць катэгарыяльнай памылкай, то бок прыдаванне ўласцівасці адзінцы, якая лагічна не ў стане несці гэтакіх ўласцівасцяў. Усё ж такі краіны – гэта не людзі. Шкадаванне і сорам імпліцытна нагадваюць аб унутраным характары, эмацыянальнай глыбіні ды здольнасці да адчування і рэфлексіі, чым, на думку крытыкаў, толькі праз памылку могуць надзяляцца краіны, нацыі, дзяржавы ці народы. Апрача таго, некаторыя больш палітычна арыентаваныя крытыкі сцвярджаюць, што несправядліва абвінавачваць людзей, якія ўтвараюць сучасную краіну, за дрэнныя ўчынкі тых, з якіх складалася краіна на момант здзяйснення такіх учынкаў.

У такіх аргументах ігнаруецца як характар буйнамаштабных крыўдаў, гэтак і натура нацыянальнай тоеснасці. Пры ўступленні грамадстваў у змову дзеля здзяйснення ўчынкаў, звязаных з расісцкім, гомафобскім ці рэлігійным гвалтам, амаль непазбежна існуе сацыяльная інфраструктура, якая імпліцытна ўхваляе дзеянні індывідаў-парушальнікаў. Рукі некалькіх асобаў могуць непасрэдна здзяйсняць дрэнныя ўчынкі, але вось благая істота, што дазваляе і апраўдвае іх учынкі, насычае сабою грамадства. Штодзённыя дробныя акты нядбаласці ды зручнага апраўдання ствараюць умовы, у якіх гвалт супраць дэвальваваных народаў далікатна абгрунтоўваецца і становіцца дазволеным.

Што датычыць пярэчання, што нельга вінаваціць сённяшніх людзей за злачынствы продкаў, такія аргументы выдаюць незразуменне таго, што азначае прыналежнасць да народу ці факт наяўнасці нацыянальнай ідэнтычнасці. Апрача прывілеяў, якія мы атрымліваем у спадчыну на моцы нацыянальнага чалецтва, непазбежна паўстаюць і грамадзянскія абавязкі. Прэтэндаваць на нацыянальны гонар, адмаўляючыся несці нацыянальную ганьбу, – гэта не толькі непаслядоўна, але і неэтычна.

Правядзенне размежавання паміж рознымі вымярэннямі дрэнных учынкаў, то бок паміж прычыненнем і ўхваленнем шкоды, можа дапамагчы ў вызначэнні тыпаў абгрунтаваных кампенсацыйных дзеянняў. Тады як няслушна і несправядліва абцяжарваць віной індывідаў за дзеянні, не ўчыненыя імі асабіста (прама альбо ўскосна), справядліва прызнаваць іх адказнымі за ўдзел у стварэнні ўмоваў, пры якіх вінаватыя маглі здзяйсняць такія ўчынкі. Зразуменне розных ступеняў адказнасці дазваляе гэтаксама тым, хто імкнецца да аднаўлення справядлівасці, вызначыцца адносна розных тыпаў адпаведных кампенсацыйных дзеянняў. Тады пакаранне будзе адэкватным ўчынкам тых, хто прычыняў шкоду. У дачыненні да тых, чый унёсак палягае на “маральнай хібе”, на ўхваленні каштоўнасцяў, якія апраўдваюць дрэнныя ўчынкі, неабходна прыняць захады, каб змяніць іх каштоўнасці ды паказаць, што каштоўнасці змененыя. Гэта робіцца праз просьбу аб прабачэнні.

З’явіўшыяся ў свій час нацыі не вельмі добра ўсведамлялі складанасць натуры сваёй тоеснасці. Мадэрнісцкія міфы наконт трыюмфу прагрэсу прыводзяць людзей да гідлівага нежадання разглядаць цёмныя бакі ўласных краінаў і іх дасягненняў. Імперыялізм і каланізацыя прынеслі нябачанае і няўяўнае раней багацце, праклаўшы шлях да ўзнікнення “вялікіх дзяржаваў”. Адначасова яны вынішчалі карэнныя народы і спрычыняліся да знішчэння ведаў карэнных народаў. “Зялёная рэвалюцыя” паспрыяла дасягненню беспрэцэдэнтнага узроўня вытворчасці харчавання і радыкальнаму зніжэнню ўзроўня беднасці, аднак яна гэтаксама прычыніла вялікую шкоду біяразнастайнасці, разбэрсаўшы мірыяды складаных перапляценняў культуры з агракультурай. Рашучая амнезія і прызвычаенасць да сцірання і выдалення даўно стымулююць людзей да адварочвання вачэй ад такой “спадарожнай шкоды”, але ж паводзіць сябе такім чынам становіцца ўсё даражэй і даражэй.

На гэтым этапе позняга найноўшага часу, мы з’яўляемся сведкамі, прычым, бадай-што, больш чым калі-небудзь, гвалтоўнага характару сваёй “прагрэсіўнай” залежнасці ва ўсёй яе непрыхаванай галізне. Як пісаў у паэме “Век трывогі” (The Age of Anxiety) у 1947 годзе У.Х. Одэн:

Мы хутчэй памром ад жаху
Чым на момант узлезем на крыж
Пакінуўшы на смерць ілюзіі.

Грамадства нагэтулькі закахалася ў велічы будучыні, што шмат хто гатовы ахвяраваць субратамі-людзьмі і нечалавечым светам у абмен на абяцанкі яшчэ раз даставіць нас туды. Зірніце ў гэтым плане хаця б на стаўленне з заціснутымі кулакамі да імігрантаў ці прэтэндэнтаў на статус уцекача ды на нежаданне змяняць лад жыцця, нават калі той вядзе да масавага вынішчэння іншых гатункаў.

Тут варта зрабіць паўзу і разгледзець саму такую магчымасць будучыні, якая будзе ізноў вялікай. Сярод усяго іншага абяцанне здраджвае наяўнасць сацыяльнага рамантызму, прасякнутага марамі аб ідэалізаванай мінуўшчыне. Аднак мінулае ніколі не было ідыліяй, прынамсі для большасці. І пакуль мы скрыгочам зубамі, з адчаем і рашучасцю маючы намер адляцець на крылах прагрэсу, будучыня з усёй імавернасцю будзе па-ранейшаму заставацца прасякнутай няроўнасцю, непрызнаннем, несправядлівасцю і пачуццём крыўды – усё гэта паходжаннем з мінулага. Як пісала ў 1958 годзе Ганна Арэндт, нам як вучням чарадзея не даступная “магічная формула для зняцця чараў”. Хаця, магчыма, калі мы зможам сабрацца з сіламі і стацца дастаткова ўразлівымі, каб папрасіць прабачэння перад тымі людскімі істотамі і нечалавечымі стварэннямі і аб’ектамі, жыцці і існаванне якіх мы знарок пашкодзілі на шляху да ўдасканалення ўласнага жыцця, наша здольнасць дзейнічаць нанова і разам расквітнець можа падмацавацца.