Праект Беларусь

09 кастрычніка 2017

Сяргей Дубавец

Крыніца: «Код прысутнасці: анталогія беларускага мыслення 2000-2015» (Логвінаў, 2016), с. 17-25.

Праект Беларусь паўстаў у XIX ст. як частка агульнаэўрапейскага працэсу стварэньня сучасных нацыяў.

Сёньняшні сьвет, у якім Беларусь прызнаная і як дзяржава, і як нацыя, выглядае завершаным. Цэмэнт схапіўся, прынамсі, на цяперашнім гістарычным этапе. Праблемы нацыянальнага станаўленьня ў цэнтры Эўропы – хутчэй маргінальныя, а сацыяльныя, палітычныя ды іншыя аспэкты «нацыянальнага пытаньня» і ўвогуле ўспрымаюцца як анахранізм. Жыва і актуальна выглядае толькі адзін бок нацыянальнага праекту – этычны. Напэўна, тады, у ХІХ ст., бачылася па-іншаму. Тым ня менш этычны аспэкт прысутнічаў, а магчыма, быў вызначальны і ў тыя часы. Словам, зірнем на гісторыю стварэньня і ажыцьцяўленьня нацыянальнага праекту Беларусь гэтым сёньняшнім, этычным вокам.

У ХІХ ст. край нашых продкаў разьвітваўся са сваёй ранейшай 500-гадовай гісторыяй існаваньня ў выглядзе Вялікага Княства Літоўскага і ўваходзіў у новую гісторыю як частка Расейскае імпэрыі. Дакладней, не ўваходзіў сам, а быў гвалтам далучаны і гвалтам жа перарабляўся, перакручваўся, відазьмяняўся на расейскі лад. «Чаго ня зробіць расейскі штых, тое зробіць расейская школа», – казаў прызначаны ў сталіцу краю Вільню новы начальнік, генэрал-губэрнатар граф Мураўёў. «Вы ідзяце змагацца з ворагамі, але памятайце, што яны браты», – настаўляў сваіх салдат імпэратар Аляксандар І. «Ты ж, братскою стрелой пронзенный, Судеб свершая приговор, Ты пал, орел одноплеменный, На очистительный костер!» – сьпяваў Ф. Цютчаў.

Уявіце сябе «з другога боку барыкадаў», з боку нашчадкаў ВКЛ, і паспрабуйце зразумець пачуцьці і лёгіку, закладзеныя ў пералічаных цытатах. Наўрад ці вам гэта ўдасца. Прычым адчуеце вы не неразуменьне, а пратэст і – раптоўную прагу самасьцьверджаньня. Вось той штуршок, які прымусіць вас напружана думаць над сваім нацыянальным праектам, над новай формулай самаідэнтыфікацыі. Новай, бо вы разумееце, што прыйшлі новыя часы і новыя рэаліі, у якіх ані ВКЛ, ані толькі што падзеленая на часткі Рэч Паспалітая ня могуць быць пуцяводнай зоркай. Трэба ўбачыць сябе і свой край у новым сьвеце – адпаведнымі яму.

Зь верхатуры нашага часу мы бачым, што гэта быў сымбіёз польскамоўнага краёвага патрыятызму і расейскамоўнага «западноруссизма», якія шукалі карані сваіх пачуцьцяў у беларускамоўнай сялянскай культуры і старажытных актах з гісторыі бацькаўшчыны. Яны не пачуваліся палякамі або расейцамі і ў сваім краі ня бачылі працягу Польшчы або Расеі, таму шукалі доказаў самадастатковасьці свайго краю і сябе саміх.

Ім замінала праблема назвы. Іхныя слаўныя продкі жылі ў незалежнай краіне – Вялікім Княстве Літоўскім. ВКЛ у эўрапейскім кантэксьце выглядала паўнавартаснай дзяржавай. Яго вайскаводцы не аднойчы перамагалі ў лёсавызначальных бітвах, яго прафэсура рабіла адкрыцьці ў астраноміі, ягоныя вынаходнікі друкавалі кнігі, рабілі ашаламляльныя праекты ў будаўніцтве субмарынаў і ракетнае зброі, капалі каналы, ягоныя палітыкі праводзілі аграрныя рэформы і складалі найбольш лібэральныя ў тагачасным сьвеце законы. Галоўным прынцыпам у тых законах была талеранцыя: міжэтнічная, міжканфэсійная, сацыяльная. Дастаткова сказаць, што каля 10 адсоткаў насельніцтва ў ВКЛ складала шляхта. Гэта значыць, што кожны дзясяты быў носьбітам адказнасьці за сваю краіну і ўплываў на яе лёс, складаў, сёньняшняй мовай, маральную большасьць грамадзтва. Уласна гэтыя 10 адсоткаў і рабілі гісторыю – і тады, і пасьля, у ХІХ ст., калі паўставаў праект Беларусь.

Чаму перастала існаваць іхнае слаўнае ВКЛ? Натуральна, таму што страціла незалежнасьць. Нібыта перад пагрозай замежнае агрэсіі ВКЛ стала фэдэратыўнай часткай Рэчы Паспалітае – «рэспублікі абодвух народаў» – разам з Польшчай. А паколькі Польшча ў гэтым саюзе дамінавала (польскі кароль быў «па сумяшчальніцтве» вялікім князем літоўскім), дык найбагацейшая шляхта ВКЛ яшчэ напрыканцы XVII ст. пачала імкліва палянізавацца – як зь меркаваньняў эканомікі, так і зь меркаваньняў прэстыжу. Сьледам за магнатамі пераходзілі на «каралеўскую мову» і шарачкі – шараговая шляхта. Страціўшы сваю беларускую мову, якая ў Вялікім Княстве Літоўскім была афіцыйнай, наша дваранства такім чынам касмапалітызавалася і цяпер думала адно пра сваю спадчынную маёмасьць. Вось чаму, калі тры суседнія імпэрыі – Аўстрыя, Прусія і Расея дзялілі міжсобку тую Рэч Паспалітую абодвух народаў, найбагацейшая шляхта думала толькі пра свае землі, скарбы і капіталы. Незалежніцкі запал застаўся хіба ў тых, каму губляць, апроч свае спадчыннае дваранскае годнасьці, не было чаго. Вось гэтыя і падымалі адно за адным паўстаньні на землях, што мусілі адысьці да Расеі. 1794, 1831, 1863. А Расея адно за адным гэтыя паўстаньні душыла, навадняючы край сваёй адміністрацыяй і сваімі парадкамі.

Зразумела, што маральная большасьць (нашчадкі тых 10 адсоткаў) увесь час рэпрадукуецца, і ў маладых галовах ды гарачых сэрцах зноў і зноў нараджаюцца ідэі краёвага патрыятызму ды жаданьне вярнуць спадчынную маёмасьць. Тым часам расейская адміністрацыя пазбаўляе дваранства краю ня толькі маёмасьці, але й спадчыннае годнасьці. Шляхту-аднадворцаў (самы масавы атрад і апірышча патрыятызму) спачатку перастаюць лічыць за дваранаў, а пасьля й наагул пераводзяць у лік сялянаў. Няцяжка ўявіць сабе іхныя пачуцьці. Яны абражаныя, яны хто пяром, хто штыхом пратэстуюць. Яны ствараюць падпольныя студэнцкія гурткі, яны пішуць адозвы да сялянаў, яны партызаняць, яны кідаюць бомбу ў расейскага цара. А іх сотнямі высылаюць на катаргу ў Сібір, іх вешаюць і расстрэльваюць на гарадзкіх пляцах, іх схіляюць да эміграцыі. А ў дадатак ім афіцыйна забараняюць карыстацца беларускай мовай і самім словам «Беларусь».

Інакш кажучы, у краіне адбываецца «зачыстка» маральнае большасьці. Дакладней, падмена яе прывезеным з Расеі адміністрацыйным рэсурсам. Характарыстыку тых, хто прыехаў, дае сучасьніца падзеяў Н. Ланская ў сваёй кнізе «Обрусители» (СПб, 1887):

Некалькі гадоў таму заходні край быў цэнтрам, куды сьцякалася вялікае мноства людзей вялікарускага паходжаньня пераважна і праваслаўнага вызнаньня абавязкова. У той час край уяўляў сабою арэну, дзе, нічым не рызыкуючы, можна было тысячу разоў вылучыцца, выйсьці, што называецца, у людзі і пасьля, супакоіўшыся на ляўрах, вымавіць з спакойным сумленьнем: мы абрусілі. Сюды імкнуліся ўсе тыя, хто быў чымсьці не задаволены ў сябе ўдома: кожны, каго абышлі чынам, месцам ці ўзнагародай, чый не прынялі ці вярнулі праект, чый маёнтак, у выніку новых парадкаў, прыйшоў у заняпад, а ўзяцца за справу не было ні ўменьня, ні сілы – усё гэта сьпяшалася ў заходні край. Тутака сьцякаліся людзі ўсялякіх прафэсій, узростаў і станаў: маладыя, старыя, аматары пажыць і тыя, што пражыліся дазваньня, расчараваныя ў каханьні, падманутыя ў жыцьці і што самі падманвалі, – усе пнуліся сюды зь ліхаманкавай пасьпешлівасьцю. Калі было многа званых, было многа і абраных. Гэта быў банкет, на які ішлі ўсе тыя, каму не было чаго губляць, у каго нічога не засталося за душой удома. Тутака можна было толькі выйграць, тамака ўжо не было чаго прайграваць. Гэта была штогадзінная эміграцыя. Стымул, што іх вабіў, быў такі, што мог разварушыць самага абыякавага і нерухомага чалавека, і насамрэч: абыякавыя і нерухомыя, за малымі выняткамі, ператвараліся тутака ў заўзятых зьдзірцаў (исправных приобретателей)… Акрамя таго, чалавек, які ехаў у гэты правінцыйны край на службу, часта лічыў гэта з свайго боку вычынам, які ня можа акупіць аніякая ўзнагарода; такой ахвярай, якую ацаніць у дастатковай меры мог, натуральна, толькі той, хто яе прыносіў. І хаця збольшага ў ахвяру прыносілася напаўпісьменнасьць, а то і зусім невуцтва, вольны час, які не было куды падзець, пустая кішэня, якую трэба было напхаць… а зрэдку і не зусім бязгрэшнае мінулае – тым ня менш іншыя лічылі сябе дабрадзеямі quand méme… Знаходлівым і сьмелым людзям тут быў разгон; тут можна было стацца памешчыкам без аніводнае капейкі; не купіўшы лесу, выгадна прадаць яго, зрабіць якую-любя ўгоду, назвацца чыім заўгодна імем…

Атэстатаў аніякіх не патрабавалася: дастаткова было прыехаць з Расеі і заявіць сябе праваслаўным, каб атрымаць права на такія льготы, правы і перавагі, якія ператвараліся ў сапраўдны рог дастатку. Можна таму ўявіць, якая колькасьць рознае навалачы запаланіла гэтыя бядотныя 9 губэрняў! Які кантынгент ілжы, подласьці, усялякіх падманаў, подкупаў, фальшу і маральнае распусты прынесла з сабой гэтая праваслаўная армія згаладалых і сасьмяглых, гальлівых і нецярплівых! Нібы саранча, кінуліся яны на гатовыя месцы, сьпяшаючыся захапіць усю тую прастору, ачышчаную для іх гвалтам; цырымоніцца не было патрэбы, і пад выглядам абрусеньня і прапаганды праваслаўя гэтыя заваёўнікі перасьледавалі такія мэты, якія ня мелі нічога супольнага ні з рэлігіяй, ні з маральнасьцю, ні нават з палітыкай сапраўднага абрусеньня…

Апісаная хваля «обрусителей» была закліканая замяніць сабою ўвесь без выключэньня «бюджэтны» апарат – ад губэрнатара да вясковага настаўніка. Агульная колькасьць такога роду прыежджых складала ня менш за паўмільёна чалавек. А каб як сьлед зразумець, куды яны ехалі, дазволю сабе яшчэ адну цытату, гэтым разам – з запіскі начальніка Віленскае навучальнае акругі І. Карнілава:

Нягледзячы на запрашэньні і выклікі праз апекуноў і праз газэты, доўгі час не было ахвотных займаць месцы ў Заходнім краі, – скардзіцца Карнілаў і тлумачыць: – Служба ў Заходнім краі вымагае ад расейца большае працы, энэргіі і такту, чымся ў цэнтральных губэрнях. Самое жыцьцё ў павятовым горадзе ці бедным мястэчку, удалечыні ад усяго роднага, сярод людзей, чужых вераю і перакананьнямі, а вельмі часта проста варожых, мала цешыць. Па-за службай жыцьцё расейскага чыноўніка, поўнае неспакою і непрыемнасьцяў, абмяжоўваецца вузкімі рамкамі сямейнага альбо таварыскага кола.

Словам, нашэсьце расейскага адміністрацыйнага рэсурсу адбывалася нібы само па сабе, а нацыянальная ідэя сьпялілася сама па сабе. Гэта былі два радыкальна варожыя лягеры. Пры сутыкненьні адбываўся выбух. Але, уяўляючы цяпер грамадзкую атмасфэру ў тагачаснай Беларусі, вернемся да нацыянальнага праекту.

За аснову яго была абраная беларушчына – мова і звычаёвая культурa тагачаснага сялянства і зьбяднелае шляхты. Інакш кажучы, тых, хто не палянізаваўся, не зьбіраўся і русіфікавацца. Гаворка ідзе пра нацыянальныя адметнасьці, якія гатовыя стаць матэрыялам для нацыянальнага праекту, але самі сабою нічога ня робяць. Бо гэта як частка прыроды, як дзікі куст, які можа высечы захопнік, акультурыць садоўнік, апісаць батанік. З захопнікамі мы ўжо пазнаёміліся, цяпер – чарга садоўнікаў і батанікаў.

Стваральнікі праекту далёка не заўсёды карысталіся беларушчынай. Пачынальнікі, студэнты Віленскага ўнівэрсытэту пачатку XIX ст., аб’яднаныя ў тайныя таварыствы філяматаў і філярэтаў, выхадцы зь беларускае глыбінкі Адам Міцкевіч, Ян Чачот, Антон Адынец ды іншыя, пісалі па-польску, відаць, таму, што марылі пра літаратурную кар’еру, а беларуская мова тады магла пакінуць іх у шыхтах літаратурных маргіналаў. Тым ня менш менавіта Міцкевіч у сваёй лекцыі ў Калеж дэ Франс назваў беларускую мову самай чыстай і з усіх славянскіх найменш зьмененай. Ян Чачот сабраў і выдаў некалькі кніг беларускіх народных песень, а Антон Адынец намаўляў Арцёма Вярыгу-Дарэўскага пісаць не па-польску, а па-беларуску, што той і рабіў.

Уласна, гэта і быў самы пачатак нацыянальнага праекту. Пачынальнікі ўяўлялі яго не такім, якім ён выглядае сёньня, – што Літва, Беларусь і Ўкраіна стануць асобнымі дзяржавамі, дастаткова адчужанымі міжсобку. Што Вільня – колішняя сталіца ВКЛ – апынецца за візавай мяжой. Што ў Беларусі будзе дзьве дзяржаўныя мовы – беларуская і расейская (а чаму тады яшчэ й ня польская?). Што праваслаўная царква стане дзяржаўнай. Словам, што будуць страчаныя найважнейшыя і найбольш любыя іхнаму сэрцу традыцыі Вялікага Княства: незалежнасьць, адзінства краю і талеранцыя. Тым ня менш асновы будучае беларускае адметнасьці ў новым сьвеце і беларускае дзяржаўнасьці заклалі менавіта яны – філяматы і філярэты.

Важна зразумець матывы стварэньня і характар таго першапачатковага праекту Беларусі.

Пасьля падзелаў Рэчы Паспалітае вобраз самаідэнтычнасьці нашых продкаў перастаў існаваць як сацыяльны або палітычны чыньнік. Таму нацыянальнае нараджалася як этычнае. Рамантыкі-пачынальнікі яшчэ памяталі ідылію, але былі расчараваныя найвышэйшымі элітамі, якія спачатку палянізаваліся, а пасьля зь вялікімі капіталамі ўцякалі на Захад. Таму форма новае ідэнтычнасьці была абраная сялянская, «незаплямленая», чыстая. Але паколькі творцамі праекту было дваранства, дык і напаўненьне ён атрымаў не «народніцкае», а шляхецкае – з ідэямі супраціву расейскае анэксіі, русіфікацыі і рабаваньню сядзібаў. Гэтак ад хлапаманства філяматаў, ад захапленьня фальклёрам Чачота, ад лекцыяў Міцкевіча справа дайшла да ідыліі Дуніна-Марцінкевіча. Ідэя сацыяльнага міру на беларускіх землях і была тым праектам, сялянскім паводле формы і шляхецкім паводле зьместу.

Менскі драматург Дунін-Марцінкевіч – бадай, першы, хто робіць літаратурную кар’еру па-беларуску. Разам зь ім на гэтай ніве пачынаюць працаваць яшчэ адзін мянчук Янка Лучына і віленскі юрыст Францішак Багушэвіч, які ўрэшце і піша базавы маніфэст беларускае нацыянальнае ідэі. Менавіта зь ягонае формулы Беларусі на пачатку наступнага, XX ст. адбудзецца сапраўдны бум новага праекту – падхопленага і пашыранага ўжо новым пакаленьнем. Але гэта па-ранейшаму будзе пакаленьне нашчадкаў тых 10 адсоткаў, зьбяднелага дваранства ВКЛ, той маральнае большасьці, якую праз усё XIX ст. расейскай адміністрацыі так і не ўдалося вынішчыць дазваньня. І вось, нібы з рога ўсяго многа, – газэты, кнігі, тэатры, партыі, школы, бажніцы…

Шляхецкую крыўду і прагу супраціву яны па-ранейшаму апраналі ў сялянскую сьвітку, пісалі пра гараваньне да крывавага поту і нішчымную зямельку. Хоць усё гэта была фікцыя. Насамрэч гэта быў плач шляхты па сваёй спадчыннай годнасьці і спадчыннай маёмасьці. Ім трэба быў ужо ня проста вобраз ідыліі. Ім патрэбная была незалежная свая краіна, дзе яны маглі б вярнуць гістарычную справядлівасьць і дзе іхныя ўнукі ніколі не напішуць пра «ўбогі край», як пішуць яны самі, настойліва пратэстуючы такім чынам супраць расейскае акупацыі.

Трэба зразумець іхны глыбокі этычны пасыл. Яны, натуральна, ведалі расейскую культуру і саму Расею, але ў Расеі іх душа не адгукалася на слова «радзіма». Урэшце, як і ў Польшчы. І ня толькі з фармальных прыкметаў – краявід, мэнтальнасьць, мова. Падзел зьмяшчаўся значна глыбей – у іхным, назавем яго так, сарматызьме і той бясконца любаснай для іхнае душы этыцы збройнага земляўласьніка, прамяні якой даходзілі да іх ад іхных сярэднявечных продкаў і краналі сэрца.

Паспрабуем каротка рэканструяваць гэты вобраз. Сярэднявечны беларускі арыстакрат, незалежна ад маёмаснага становішча і канфэсіі, уяўляў сябе рыцарам Хрыста, які бароніць веру. А таму гэта быў чалавек збройны, які браў у рукі шаблю яшчэ ў дзяцінстве. У тыя часы толькі шляхта мела права насіць зброю, за што ёй даваўся выключны прывілей – толькі яна бараніла сваю дзяржаву, праліваючы кроў. З гэтага вынікала адмысловая сыстэма выхаваньня хлопчыкаў. Беларуская шляхта сьцьвярджала пра сваё паходжаньне наўпрост ад сарматаў, качавых іранскіх плямёнаў Прычарнамор’я. На мяжы XVII і XVIII cтст. сарматызм стаў зброяй супраць касмапалітызму ў культуры, то-бок супраць вонкавых уплываў. Беларуская шляхта бясконца ваявала. Коштам свае рыцарскае крыві наша арыстакратыя аплачвала свае правы на вольнасьць і рэспубліканскі лад. Калі ў Францыі кароль Людовік XIV мог сказаць: «Дзяржава – гэта я!», дык у нас гэта з поўным правам мог сказаць кожны шляхціц. І тыя, абраныя шляхтаю, каралі былі вартыя свайго рыцарства… Для старавечнага беларуса было б недарэчнасьцю пагаліць вусы, надзець панталёны і парык, як гэта было на Захадзе. У нас для стварэньня адметнасьці ўжываліся самыя надзвычайныя фантазіі і кампіляцыі з каўкаскіх, пэрсідзкіх, турэцкіх матываў. Адныя слуцкія паясы чаго вартыя!.. Яшчэ адным складнікам ідэалёгіі беларускае арыстакратыі была зямля. Высакародны земляўласьнік – ідэал рыцара! Пачуцьцё годнасьці было неаддзельным ад зямлі. Тыя, што пралівалі кроў за сваю зямлю, умелі яе й цаніць, і гаспадарыць на ёй. Родавае гняздо, маярат быў каштоўнасьцю выключнай. За яго трымаліся да апошняга, яго багомілі, рамантызавалі. Зямля продкаў – у літаральным, вузкім сэнсе… Панятак безьзямельнае шляхты зьявіўся вельмі позна, толькі ў XVIII ст., у выніку ўсё тых жа войнаў. Баючыся пазбыцца свайго шляхецтва, гэтыя бедакі змушалі дзяцей вучыць на памяць усю сваю генэалёгію, каб не прапасьці… Наступнай адметнасьцю арыстакратыі была яе высокая адукаванасьць. Прынамсі, кожны шляхціц, нават шарачок, быў пісьменны і ведаў лаціну… Арыстакратыя заўсёды знаходзіла між сабою агульную мову, не зважаючы на розьніцу вызнаньняў. Аднак паміж мужчынамі-арыстакратамі, нягледзячы на ўсё іхнае братаньне, існавала складаная сыстэма гiерархіі й адпаведнага этыкету. Перад кім здымаць шапку, каму ціснуць руку, а каму цалаваць, каму ківаць, а перад кім складацца да зямлі – гэта была мудрагелістая навука. Пагатоў, трэба было дакладна ведаць тытулы, званьні, заслугі. Гэта вывучалася ў паходах і на соймах. Памылковае прывітаньне было абразаю… Істотным складнікам беларускага арыстакратычнага мэнталітэту было падкрэсьлена паважлівае стаўленьне да кабет, мала падобнае да куртуазнае культуры Заходняе Эўропы, пагатоў да расейскага дамастрою. У нашых «сарматаў» усё выходзіла натуральна. Шляхціц, які вяртаўся з татарскага палону ці з паходу на швэдаў, быў зусім не гатовы да сэрэнадаў альбо букетаў. Не вучылі куртуазнаму абыходжаньню ані ў сям’і, ані ў школах. А вось ліставаньне ўхвалялася. Нашая арыстакратыя пакінула немалую эпісталярную любоўную спадчыну… Жанчыну (бабцю, маці, жонку) блізу што багомілі, раўнуючы іхны цнатлівы вобраз зь Дзевай Марыяй. Менавіта жанчыны перахоўвалі старыя звычаі ды сямейныя паданьні. Ва ўмовах, калі большасьць мужчынаў непазьбежна гінула ў росквіце сілаў на войнах, на жанчыну лягаў увесь цяжар клопату за дом і за дзяцей. Каб у сьвет пайшло чарговае пакаленьне арыстакратаў, высакародных земляўласьнікаў, якія будуць бараніць сваю дзяржаву й сваю зямлю.

За стагодзьдзі вобраз уласнае ідэнтычнасьці дасягнуў дасканаласьці. І тых, што прыйшлі ў праект на пачатку XX ст., гэты вобраз злучаў, нібы нейкая таемная повязь. Таемная, бо яны не маглі казаць пра свае маёмасныя і тытульныя правы народу, які б папросту не зразумеў іх. А якраз народ быў галоўным носьбітам той культуры, зь якой яны меркавалі зрабіць сваю краіну. Парадокс паміж крыўдаю двараніна і хлапаманіяй быў закладзены ў праект яшчэ філяматамі і філярэтамі, а затым падтрыманы наступнікамі. А прычынаю парадоксу была прысутнасьць трэцяга чыньніка – каляніяльнае адміністрацыі зь яе русіфікатарскай палітыкай, якая аднолькава варожа ставілася як да шляхецкае годнасьці, так і да беларушчыны сялянства. Пачатак XX ст. паставіў нашых адраджэнцаў перад адсутнасьцю выбару. Магчыма, у душы яны хацелі мець сваю зусім нармальную, «буржуазную» Беларусь. Але, каб схіліць на свой бок народныя масы ў атмасфэры гарачага дыханьня расейскіх рэвалюцыйных закалотаў, ім заставалася толькі адно – сацыялізм.

І тады яны пачынаюць уласную тугу і нядолю абяртаць у формы нядолі сялянскае. Плач, плач і плач гучыць са старонак газэт і з тэатральнае сцэны. Аб цяжкай долі мужыка, аб убогай і беднай роднай старонцы, аб роднай мове і аб усёй Беларусі. Дысанансам чуваць галасы нэафітаў зь сялянства ці Максіма Багдановіча, які вырас і жыве недзе ў Расеі. Маўляў, ды што ж вы плачаце, калі трэба адстойваць свае правы, калі такая прыгажэнная ў нас краіна, калі такая гарманічная і прыгожая мова і ўся наша фантастычная Беларусь. Не, яны проста нэафіты, і таму не разумеюць, што насамрэч хаваецца за нашым плачам…

Іншы раз нэафіты – найбольш таленавітыя зь іх – разумелі, што пад лічынаю камунізму ў Беларусь пракрадаецца ня што іншае, як старая знаёмая русіфікацыя. Калі старэйшыя ідэолягі прымалі гэта як дадзенасьць, дык для маладзейшых гэта было адкрыцьцё. Вось як апісвае яго філёзаф новае, але яшчэ дасавецкае хвалі Ігнат Абдзіраловіч (Канчэўскі):

Усход не прызнаваў нас як беларусаў, а вымагаў ад нас прыняцьця свайго ўсходняга выгляду, які, па ўсходняму разуменьню, быў абавязковым. «Славянские ручьи сольются в русском море» – вось як падгрунтоўвалася абавязковасьць абмаскаліцца. З гэтага вынікае гвалт і ўціск нашае індывідуальнасьці, з гэтага – гвалтоўнае жаданьне адняць наш твар. Яны нe ўцямлялі, што разам зь беларушчынай мы трацім і лепшую частку чалавечнасьці.

Адначасова з гэтым пісаўся пасаж Максіма Гарэцкага ў аповесьці «Дзьве душы», дзе аўтар гаворыць вуснамі сваёй гераіні:

– Прыгожы матыў «Інтэрнацыяналу», але пакуль ён не пабуджае ў маёй душы ўяўленьня гора або радасьці абы-якой «інтэрнацыянальнай» грамады людзей, пакуль такой грамады сярод нацый на зямным клубку я ня відзела й ня знаю – патуль мне больш чаго кажаць матыў нашай мужыцкай беларускай марсэльезы, з матывам каторай мне ўяўляецца бясконцы, цярнёвы, крывавы шлях к інтэрнацыяналу майго няшчаснага народу…

Памаўчаўшы і трошку спакайней, але зь яшчэ вялікшай тугой у голасе дзяўчына казала далей:

– Праўда, мне і з тым, і з тым матывам аднолькава ўяўляецца тое трагічнае і нялепае для нас, адраджоных беларусаў, што чужыя для нас людзі, не заўважаючы на сабе яшчэ ня скінутай імі сваёй нацыянальнай прапітанасьці, прыйшлі да нас з інтэрнацыяналам толькі на вуснах, зь яго толькі фікцыяй у сваіх мазгох, і з фанатычнай безьміласэрнасьцю ўзяліся рабіць зь беларускай нацыі толькі гной на градкі для ўзрашчываньня сваёй фікцыі інтэрнацыяналу. О, будзь яны прокляты! – узварушоным голасам, з горам крыкнула яна. – Яны хочуць зрабіць адзнакі сваёй нацыянальнасьці інтэрнацыяналам для нас, – дык дзякуй за ласку… Можа, трапім увайсьці ў інтэрнацыянал як роўныя з усімі, бяз гэтай дадатковай формы разьвіцьця!

Аднак гэтыя сумневы маладых інтэлектуалаў не атрымалі якога-небудзь пашырэньня. Што да сялянскіх масаў, дык яны, ясная рэч, хутчэй купляюцца на гораснае суперажываньне, чымся на заклікі да барацьбы. Зрэшты, чалавек увогуле больш цэніць спагаду, чым заклікі.

Такім чынам, рэкрутаваныя ў праект шырокія сялянскія масы прынялі яго беларускую форму, зразумеўшы ягоны зьмест як крыўду і супраціў не шляхецкія, а пралетарскія. Праз закалоты рэвалюцыі і грамадзянскае вайны адбываецца імклівая пралетарызацыя першапачатковага праекту. У беларусаў ужо нямала ўласных палітыкаў, якія трымаюць нос па ветры і робяць стаўкі. Калі становіцца зразумела, што стварыць уласную і зусім незалежную краіну, а галоўнае – вырваць яе ў бальшавікоў – ім ня хопіць сілы, тады яны пачынаюць саветызаваць праект, падладжваць яго пад новыя савецкія парадкі. Для масаў, якія атрымліваюць нацыянальную адукацыю ў гэты час, акцэнт плачу і скаргі мусіць быць зьменены на іншы, пазытыўны. Такім акцэнтам становіцца камунізм.

Гэта ня лёзунг, а новы характар усяго праекту. Беларусь паміж Першай і Другой сусьветнымі войнамі падзеленая на Ўсходнюю – БССР – і Заходнюю – што далучаная да буржуазнае Польшчы. Але характар беларушчыны зьмяняецца і там, і там. У чым сутнасьць? У БССР у 1920-я гады праводзіцца так званая беларусізацыя. За ёй, хоць і не татальна, стаяць усё тыя ж нашчадкі шляхты, маральнае большасьці. Наўрад ці яны паверылі ў рэальнасьць савецкага нацыянальнага адраджэньня. Яны думаюць перахітрыць гэтую чарговую акупацыю і нават скарыстацца зь яе. Усё ж такі самастойная БССР са сваімі органамі ўлады, сыстэмай адукацыі і гэтай вось беларусізацыяй – бліжэй да ажыцьцяўленьня праекту, чым раней. Зь іншага боку, ці падтрымаюць маскоўскія таварышы наша нацыянальнае адраджэньне, калі яно па сутнасьці ня будзе камуністычным і прамаскоўскім? Зразумела, не. Таму дзеля будучых дывідэндаў можна і паступіцца, правесьці знак роўнасьці паміж беларушчынай і камунізмам.

Так яны думаюць, тым часам наваствораныя формы дзяржаўнага існаваньня напаўняюцца масамі, вядома ж, пралетарскага паходжаньня. Масам падабаецца думаць пра сьветлую будучыню, і патрэбу беларусізавацца яны калі і ўспрымаюць, дык толькі праз гэткую прызму: беларушчына – гэта камунізм.

Падобную палітыку, толькі са сваімі матывамі, праводзіць падпольны беларускі актыў у Заходняй Беларусі, пад Польшчай. Урэшце, ім, можа, і прасьцей было б арганізаваць нацыянальна-вызваленчы рух у чыстым выглядзе, але… Хто б гэты рух фундаваў? А Масква гатовая даваць грошы толькі пад камуністычную дзейнасьць – хай сабе і ў беларускай абгортцы. І потым яна, Масква, разам зь Менскам, назасылала ў Заходнюю Беларусь масу сваіх агітатараў, змагацца зь якімі, ды яшчэ ў падпольлі, няма сілаў. А яшчэ гэтае магутнае дыханьне шчасьлівае Краіны Саветаў пад бокам, якое аж заварожвае простага заходнебеларускага селяніна… Урэшце, народ і краіна рана ці позна мусяць быць узьяднаныя, а тут і сьляпому відаць, што ўзьяднаньне адбудзецца не пад Польшчай. Словам, заходнебеларускія адраджэнцы, хто лёгка, а хто зь цяжкім сэрцам, уплятаюць у праект новую чырвоную нітку – камунізм. У выніку на Крэсах Усходніх нараджаецца новае вызначэньне: беларус – значыць, бальшавік.

Можа быць, хітрасьць нашых праектантаў і спрацавала б некалі, і дала б нейкі іншы плён, калі б хоць аднаму зь іх удалося перажыць гады 1930-я. Паляваньне пачалося з раскулачваньня, пасьля высылаліся ў ГУЛАГ і расстрэльваліся цэлыя акадэмічныя інстытуты. За адну толькі ноч НКУС у Менску паставіла да сьценкі дваццаць паэтаў. Гэта рэкорд – у іншыя дні расстрэльвалі па пяць-сем. Быў дазваньня прачасаны ўвесь дзяржаўны апарат. Гэта ў сталіцы і абласьцях, «на месцах» нават не складалі пратаколаў, нібы выконвалі і перавыконвалі пляны «нарыхтовак». Тлустую кропку паставілі ў 1939-м, у далучанай да БССР Заходняй Беларусі. Там у эшалёны інтэлігенцыю заганялі аблавамі…

Што яны маглі сказаць на допытах? Што яны невінаватыя? Што яны будавалі камунізм? Што іхнае паходжаньне – не дваранскае, ня дробнабуржуазнае? Што яны ня марылi пра сваю асобную краіну?.. Мабыць жа, і казалі такое, толькі не было ім веры.

У 1930-я гады праект Беларусь радыкальна зьмяніў сваіх носьбітаў. Тыя, хто прыдумаў яго, нашчадкі шляхты, маральнае большасьці, 10 адсоткаў, якія ведалі таямніцу, глыбока ў сэрцах хавалі памяць пра сарматызм і крыўду сваіх продкаў на адабраную годнасьць і маёмасьць, перасталі існаваць. Усе сьведкі ранейшага «беззаганнага зачацьця» былі забітыя, пайшлі на катаргу, зьехалі ў беззваротную эміграцыю. Засталіся тыя, для каго адпраўной формулай праекту была «беларус – значыць, бальшавік». Ім належала пасьля вайны наноў перапісаць праект Беларусь.

І яны перапісалі ўсю гісторыю краіны. Маўляў, зьявілася на сьвет Беларусь дзякуючы пралетарскай рэвалюцыі, а датуль не было нічога, апроч цяжкае долі мужыка, каўтуна і лапцей. Маўляў, толькі за саветамі і ў братняй сям’і народаў беларусы набылі сваю дзяржаўнасьць і магчымасьць разьвіваць сваю індустрыю, калгасы і культуру. Новы праект моцна патыхаў пралетарскім духам, самапрыніжэньнем перад вялікай расейшчынай і абсалютным гістарычна-прававым нігілізмам. Ён пустаслоўна ўзьвялічваў тых хлопаў, мужыкоў ды пралетароў, у разьліку на якіх ствараўся калісьці філяматамі, Каліноўскім ды Янкам Купалам, і апошнімі словамі паносіў любыя прыкметы арыстакратызму, дваранства, чыстае красы і нацыянальнае тоеснасьці. Камунізм стаў стрыжнем нацыянальнае ідэі, а саветызм – галоўнай адзнакай беларускага народу. Далей уся сыстэма выхаваньня, адукацыі і дзяржаўнае ідэалёгіі раскручвала толькі гэты вобраз: беларус – значыць, бальшавік. І ў такім выглядзе праект Беларусь у масавай сьвядомасьці дачыкільгаў да нашых дзён.

Ёсьць, натуральна, і іншыя прачытаньні. Са зьнішчэньнем тых 10 адсоткаў насельніцтва ня зьніклі сьведчаньні іхнае дзейнасьці. Што дазваляе нам зразумець іх, як, зрэшты, і тое, што хлапаманства па-ранейшаму спрацоўвае, асабліва пры сёньняшнім палітычным рэжыме. Праўда, мы ўжо разумеем і тое, што нацыянальны праект мусіць быць дужы сам па сабе і абапірацца на арыстакратыю грамадзтва, а не на сацыяльную большасьць. Прынамсі, такім шляхам ідуць суседнія зь Беларусьсю краіны, нацыянальныя праекты якіх пачыналіся адначасова з нашым.

Што да будучыні беларускага нацыянальнага праекту, дык тут магчымыя два варыянты разьвіцьця – актыўны і пасіўны. Першы магла б ажыцьцявіць дзяржава і моцная нацыянальная эліта, другі ажыцьцяўляецца сам.

Першы – гэта суд над камунізмам, накшталт Нюрнбэргскага працэсу ў Нямеччыне.

Нюрнбэрг для немцаў стаў працэсам хірургічным. А менавіта – на месца нацыянал-сацыялісцкага стрыжня ў нямецкую сьвядомасьць быў ужыўлены стрыжань пакаяньня. Кожны немец адчуў сябе асабіста вінаватым. І тая вінаватасьць перадаецца з пакаленьня ў пакаленьне. Можна безь перабольшаньня сказаць, што ніхто так не асуджаў немцаў, як яны асуджалі сябе самі. Гэта і было праўдзівае пакаяньне, якое адначасова вызваліла, ачысьціла душу, дазволіла з галавой заняцца сваёй краінай – абноўленай Нямеччынай.

У беларусаў замест свайго Нюрнбэргу і пакаяньня засталіся сотні расстрэльных ямаў НКУС па ўсёй краіне, стагнацыя і крыўда на немцаў, маўляў, мы, пераможцы, жывём горш за пераможаных. Беларусы ахвотна эмігруюць у Нямеччыну, адваротнага працэсу няма і ня можа быць. Беларусы, нават тыя, што прымаюць ідэю суду над камунізмам, часьцяком рашуча адмаўляюць ідэю пакаяньня. А перад кім гэта і за што мы павінны каяцца? Ды не перад кім. Перад кім каяліся немцы? Гаворка ідзе пра хірургічны працэс – пра замену таго стрыжня нацыянальнае тоеснасьці – камунізму, – які замінае нам жыць ня горш за пераможаных. У гэтым сэнсе беларусам, можа быць, як нікому, патрэбны другі Нюрнбэрг. У Беларусі, як нідзе, складаюцца сёньня перадумовы для такога суду. Вяртаньне савецкіх парадкаў, рэпрэсіі людзей за іхныя палітычныя перакананьні, непавага да прыватнае ўласнасьці і свабоды слова. Досьвед Нямеччыны паказаў, што выдаленьне пухліны «бальшавік» з самаідэнтыфікацыйнага слова «беларус» і пераход да этыкі пакаяньня – ці ня самы прадуктыўны для нацыі і краіны шлях.

Аднак для такога суду спатрэбілася б вялікая палітычная воля і дзяржавы, і элітаў нацыі.

Што да пасіўнага варыянту, дык ён выглядае так. Сёньня нельга сказаць, што беларускі нацыянальны праект ажыцьцявіўся ў гэткай ступені, як у суседніх краінах. Адначасова сам час стварэньня і ажыцьцяўленьня такіх праектаў незваротна мінуў. Той сьвет, у якім існуе і зь якога вылучаецца сваёй нацыянальнай недавершанасьцю Беларусь, жыве ўжо іншымі клопатамі, куды кожны прыйшоў з тым, з чым прыйшоў. Тут ніхто ня будзе аспрэчваць патрэбнасьці культуры, а адсутнасьць нацыянальнае адметнасьці народу, які названы і прызнаны як такі, успрымаецца хіба як мaвэтон. Не сакрэт, што большасьць людзей, якія езьдзяць на сучасных машынах, цьмяна ўяўляюць сабе ўсе асаблівасьці будовы рухавіка, а тыя, што карыстаюцца Iнтэрнэтам, могуць нічога ня ведаць пра элемэнтарныя законы перадачы току. У сучасным сьвеце, у якім існуе Беларусь, нацыянальныя праекты спакваля пераходзяць у катэгорыю такіх вось асаблівасьцяў будовы, прынцыпаў работы і элемэнтарных законаў. Гэтым займаецца вузкае кола спэцыялістаў. Што да шырокіх масаў народу, дык для іх актуальным застаецца этычны аспэкт праблемы. Але і тут мы маем справу са зьмененым сьветам. Проста кажучы, адмаўленьне ад свае мовы і культуры, ад свае ідэнтычнасьці можа быць параўнанае з узроўнем асабістае гігіены ці грамадзкае санітарыі. Нездарма абсалютная большасьць беларусаў, карыстаючыся ў жыцьці вулічным варыянтам расейскае мовы, інтуітыўна называюць у апытаньнях саміх сябе беларусамі, а сваёй роднай мовай – беларускую. Інтуітыўна, бо насуперак ідэалёгіі і палітыцы цяперашняга палітычнага рэжыму яны выбіраюць эўрапейскі тып цывілізацыі, дзе ня быць сабою сёньня і незразумела, і непрыстойна.

________________________________________________________

Тэкст быў упершыню апублікаваны ў часопісе Arche 2005. № 1. С.161–170

Публікуецца паводле: «Код прысутнасці: анталогія беларускага мыслення 2000-2015» (Логвінаў, 2016), с. 17-25.

Кнігу  “«Код прысутнасці». Анталогія беларускага мыслення 2000-2015″ можна набыць у Акадэмкнізе і Кнігарні Логвінаў.

________________________________________________________

Сяргей Дубавец – літаратурны рэдактар, крытык і выдавец. Нарадзіўся ў 1959 годзе ў Мазыры. У 1984 годзе скончыў факультэт журналістыкі БДУ па спецыяльнасці «літаратурнае рэдагаванне». 

Сфера інтарэсаў: самаідэнтыфікацыя чалавека – сучаснага беларуса, беларускі мультыкультуралізм, Беларусь у кантэксце суседства з іншымі, постлітаратурнае прыгожае пісьменства. Быў адным з актыўных дзеячаў нелегальнага друку у савецкія часы. З 1991 года стаў галоўным рэдактарам узноўленай «Нашай нівы». Напісаў прадмовы да кніг «Мур» Ж.-П. Сартра (1991), «Адвечным шляхам» І. Абдзіраловіча (1993), пераклаў гэты твор на рускую мову для «Нёмана». Аўтар канцэптуальных кніг «Практыкаваньні» (1992), «Вершы. Прыватнае дасьледаваньне паэзіі» (2007), «Як? Азбука паводзінаў» (2009), «Майстроўня. Гісторыя аднаго цуду» (2011), «Сіні карабель у блакітным моры плыве» (2014).

Узнагароджаны медалём Літоўскай Рэспублікі «13 студзеня» за «адвагу і самаадданасць, праяўленыя пры абароне незалежнасці Літвы», медалём імя Алеся Адамовіча Беларускага ПЭН-цэнтра (1998) за аўтарскую праграму «Вострая брама» на «Радыё Свабода».

Падзеі: