Пражская вясна 1968 г. у люстэрку беларускага грамадства. Частка 2

18 мая 2018

50 год таму ў ЧССР разгарнуўся шэраг падзей, якія атрымалі назву “Пражская вясна”. Беларускі гісторык Аляксандр Гужалоўскі даследуе, як на гэтыя падзеі рэагавала беларускае грамадства ўзору 1968 года.

Часопіс “Вожык”

Пражская вясна 1968 г. у люстэрку беларускага грамадства

Аляксандр Гужалоўскі

ЧАСТКА 1.

ЧАСТКА 2.

Да ўвядзення саюзных войскаў у Чэхаславакію для большасці жыхароў БССР вобраз ворага, які выклікаў хваляванні ў гэтай краіне, меў вельмі туманныя абрысы. Гэта былі нейкія загадкавыя “антысацыялістычныя сілы, якія ўмела маскіруюцца”, яны дзейнічалі “пры падтрымцы сусветнага імперыялізма”. Пасля 21 жніўня вобраз ворага ў савецкіх СМІ паступова набывае канкрэтныя абрысы. Гэта перш за ўсё ФРГ і яе міністр замежных спраў В. Брандт, які назваў падзеі “пражскай вясны” гістарычнымі; рэваншысцкая арганізацыя “Саюз судэцкіх немцаў”, якая прэтэндавала на частку зямель ЧССР; і гандлёвая місія ФРГ у Празе, якая ператварылася ў “шпіёнска-падрыўны цэнтр”. Неўзабаве высветлілася, што ЧССР была месцам, дзе пры дапамозе “югаслаўскіх заступнікаў” і мясцовых рэакцыянераў “звіла сабе гняздо ЦРУ”.

Увагу мінчан ад трывожных падзей у Чэхаславакіі павінен быў адцягнуць Усесаюзны фестываль эстраднага мастацтва, прысвечаны 50-годдзю БССР і Кампартыі Беларусі, які адкрыўся 21 жніўня 1968 г. у сталіцы Савецкай Беларусі. У дзень, калі ў будынак ЦК КПЧ у Празе ўваходзілі савецкія дэсантнікі, у перапоўненым мінскім Палацы прафсаюзаў танчыў М. Эсамбаеў, паказваў фокусы А. Акапян, граў на раялі Р. Паўлс.

Нягледзячы на ўсе намаганні партыйнага кіраўніцтва сфармаваць у беларускім грамадстве негатыўны вобраз “пражскай вясны” і абгрунтаваць правамернасць ваеннага ўварвання, асобныя яго прадстаўнікі адчувалі сорам за сваю краіну, давалі негатыўныя ацэнкі дзеянням улады, імкнуліся адмежавацца ад яе. Галасы нязгодных, якія прадстаўлялі розныя сацыяльныя пласты, гучалі ў Мінску і іншых гарадах.

Міхаіл Кукабака

Адзін з іх належаў найбольш вядомаму беларускаму дысідэнту, бабруйскаму рабочаму М.І. Кукабака. Адразу ж пасля пачатку аперацыі “Дунай” ён адправіў ліст у чэхаславацкае консульства з пратэстам супраць уварвання Савецкай арміі ў гэтую краіну. У канцы жніўня 1968 г. падчас выкліку ў ваенкамат ён заявіў яго супрацоўнікам: “Калі накіруеце ў Чэхаславакію, звярну аўтамат супраць вас, супраць акупантаў, і выступлю на баку народа” [1]. За гэты публічны пратэст, а таксама адмову ад удзелу ў выбарах, выступы ў абарону правоў чалавека, асуджэнне русіфікацыі М.І. Кукабака з 1969 па 1976 гг. правёў у спецпсіхлякарні, і яшчэ 9 гадоў (1979-88 гг.) – у турме. Псіхіятрычная лякарня як сродак лячэння ад іншадумства была таксама выкарыстана уладай супраць выпускніка гістарычнага факультэта БДУ А.М. Сідарэвіча. У жніўні 1968 г., ужо звольнены з рэдакцыі газеты “Советское Полесье” за антысавецкія выказванні, А.М. Сідарэвіч адкрыта выступіў супраць акупацыі савецкімі войскамі Чэхаславакіі. Калі ў верасні 1968 г. ён захварэў на пнеўманію, 20-гадовага юнака падманным шляхам даставілі ў псіхіятрычнае аддзяленне 2-й клінічнай бальніцы ў Мінску, дзе паставілі дыягназ “шызафрэнія”. З тых часоў А.М. Сідарэвіч знаходзіўся пад наглядам лекараў-псіхіятраў і КДБ [2].

Анатоль Сідарэвіч

У канцы 1968 г. за адкрыты выступ на аб’яднаным партсходзе творчых саюзаў БССР супраць цэнзуры і ваеннага ўмяшання ў справы ЧССР быў выключаны з партыі і звольнены з працы паэт, перакладчык, літаратурны крытык, супрацоўнік часопіса “Нёман” Ф.А. Яфімаў [3].

Фёдар Яфімаў (другі злева)

Выдатны беларускі і расійскі філосаф, акадэмік В.С. Сцёпін, які ў 1968 г. выкладаў, пасля заканчэння гістарычнага факультэта БДУ, у Беларускім палітэхнічным інстытуце, так успамінаў аб тых днях ў адным са сваіх інтэрв’ю: “Чешскія падзеі ў першую чаргу казалі аб тым, што сацыялізм павінен быць з чалавечым тварам, а не з тварам чыноўніка, і я ўсё гэта распавядаў, агітаваў, казаў, якія яны малайцы… што рэвалюцыя ў нас была заўчасная, індустрыялізацыя праводзілася метадамі рабскай працы, таму сацыялізм у нас з нечалавечым тварам і так далей…, падпісваў розныя лісты”. Неўзабаве В.С. Сцёпін трапіў у поле зроку КДБ, пасля чаго быў выключаны з партыі, звольнены з працы, знік з плана выдавецтва АН БССР рукапіс яго сумеснай з Л.М. Тамільчыкам кнігі “Метадалогія сучаснай фізікі”. Далейшы лёс маладога вучонага вызначыў візіт П.М. Машэрава ў палітэхнічны інстытут, падчас якога інстытуцкае кіраўніцтва звярнулася да першай асобы рэспублікі з просьбай аб аднаўленні Сцёпіна на працы пад сваю асабістую адказнасць. Машэраў пагадзіўся. Тым не менш, спецслужбы не давалі дазвол на выезд В.С. Сцёпіна за межы СССР ажно да пачатку перабудовы [4].

Вячаслаў Сцёпін (злева)

Улетку 1968 г. журналіст газеты “Советская Белоруссия” У.Я. Бягун, толькі што рэкамендаваны на працу ў аддзел прапаганды і агітацыі ЦК КПБ, “карыстаючыся замежнай інфармацыяй, захапляўся дзейнасцю Дубчака і іншых, якія рэабілітавалі ўсіх рэпрэсаваных, адмянілі цэнзуру, аслабілі ролю партыі”. Пасля 21 жніўня У.Я. Бягун адкрыта казаў у рэдакцыі аб тым, што “не трэба было ўводзіць войскі, чэхі і без нас навядуць у сябе парадак, не трэба перашкаджаць здароваму працэсу ў Чэхаславакіі”. Неўзабаве па Мінску папаўзлі чуткі аб адважным журналісце, які асудзіў падаўленне “пражскай вясны”, а сам У.Я. Бягун быў звольнены з рэдакцыі [5].

Уладзімір Бягун (у цэнтры)

Існуюць адрывістыя звесткі пра іншыя пратэстныя дзеянні жыхароў БССР у жніўні 1968 г. Так, у ноч на 22 жніўня 1968 г. у Мінску ў скверы на плошчы Свабоды, парку Я. Купалы, вуліцы Інтэрнацыянальнай, а таксама на тыльным баку трыбуны на Цэнтральнай плошчы з’явіліся напісаныя ад рукі ўлёткі такога зместу: “Камуністы-імперыялісты, прэч з Прагі. Іх свабода сёння – гэта наша свабода заўтра. Зброя неасталіністаў – хлусня”. 24 жніўня шмат хто з жыхароў Мінска знайшлі ў сваіх паштовых скрынях запіскі з патрабаваннямі спынення агрэсіі. У ліку тых, хто публічна асудзіў савецкую агрэсію ў Чэхаславаччыне, былі інжынер ПМК № 1 Галоўнага ўпраўлення па энергетыцы і электрыфікацыі пры СМ БССР А.Грынберг, тэхнолаг Магілёўскага металургічнага завода В.Максіменка, гадзіннікавы майстар Брэсцкага камбіната бытавога абслугоўвання Ф.Шыдлоўскі, працоўны Вілейскай фабрыкі І. Пірожнікаў [6].

У сваім лісце першаму сакратару ЦК КПБ П.М. Машэраву, дасланым у другой палове жніўня 1969 г., загадчык аддзела прапагады газеты “Советская Белоруссия” Віктар Барушка пісаў: “Заходзілі ў рэдакцыю асобныя камуністы, падчас гутарак праяўлялі неразуменне падзей у Чэхаславакіі. Вучоны-гісторык, напрыклад, казаў, што ніякага звароту членаў ЦК КПЧ і ўрада ЧССР пра ўвод войскаў не было, што гэта прыдумка, патрэбная для апраўдання нашых дзеянняў. Далей ён заўважыў, што мы карыстаемся падтрымкай толькі залежных ад нас партый, а многія не ўхваляюць нашу акцыю. Нават Навотны прыйшоў на пленум ЦК КПЧ і асудзіў нас. Іншы суразмоўца – журналіст – выказаў меркаванне, што быў бы Сталін, ён не дапусціў бы такога і нам не давялося б ўводзіць войскі ў ЧССР. Мы ж ўвялі іх і зараз шмат хто незадаволены гэтым. Юрыст таксама казаў, што, мабыць, не варта было ўводзіць войскі. Пры гэтым ён спаслаўся на знаёмага палкоўніка, які па вяртанні з Чэхаславакіі распавядаў, што народ дрэнна ставіцца да нас. Знайшоўся і ў нашай рэдакцыі чалавек з такім жа меркаваннем. Магчыма, такіх людзей у нас і больш. Адчуваецца, што ўсе гэтыя людзі карысталіся варожай нам інфармацыяй або звесткамі з ненадзейных крыніц” [7].

Сапраўды, афіцыйныя прапагандысцкія мерапрыемствы і СМІ не былі адзіным каналам інфармацыі для беларусаў аб “пражскай вясне”. За ўсімі падзеямі ў Чэхаславакіі многія жыхары БССР актыўна сачылі з дапамогай перадач заходніх радыёстанцый – “Голасу Амерыкі”, “Бі-бі-сі”, “Нямецкай хвалі” і “махровай антысавецкай” радыёстанцыі “Свабода”. Падобнай актыўнасцю насельніцтва БССР – пераважна інтэлігенцыі і моладзі – быў выкліканы спецыяльны артыкул у газеце “Советская Белоруссия”. Яго аўтар, у прыватнасці, сцвярджаў, што падзеі ў ЧССР былі ў значнай ступені інспіраваныя радыёпрапагандай: “Адзін добры радыёперадатчык цяпер лепш, чым адна атамная падводная лодка”. Перасцерагаючы “няўдачлівых” савецкіх грамадзян, якія слухаюць “варожыя галасы”, ён пісаў: “Злавіўшы выпадкова ў эфіры голас незнаёмага дыктара, звычайна радыёслухачы і не ўяўляюць, якая вялікая папярэдняя праца па прыцягненні яго ўвагі і ўздзеяння на псіхіку была зроблена” [8].

Менавіта дзякуючы “варожым галасам” даведаліся пра ўвядзенне войскаў у Чэхаславакію тагачасныя гарадзенскія вальнадумцы – В. Быкаў, А. Карпюк і Б. Клейн. В. Быкаў наступным чынам апісвае тыя жнівеньскія дні: “Ранiцай, як заўжды, скiраваў у рэдакцыю i на пешаходным мастку цераз чыгунку спаткаў Клейна. Барыс здаўся нязвыкла маўклiвы, на чымсь засяроджаны i толькi буркнуў: «Ну, чуў? Яны ўвялi. Танкi ў Празе…» Toe, вядома, ашаламляла. Я тады зразумеў вэрхал, што ноччу не даваў спаць – на вулiцах штось адбывалася, iшлi калёны машынаў, даносiлiся чыесь галасы, у пад’ездах грукалi дзьверы i бегалi нейкiя людзi. Аказваецца, iшла мабiлiзацыя, як на вайну. У дапамогу перадавым часьцям, што ўвайшлi ў Чэхаславаччыну, на базе Гарадзеншчыны разгортвалася рэзэрвовая армiя. Хапалi запасьнiкоў, мабiлiзоўвалi транспарт, на ўскраiнах у вайсковых гарадках фармавалi каманды. Як пасьля выявiлася, тэлефоны гарадзкой сеткi ў тую ноч былi адключаны. Мы з Клейнам выправiлiся да Карпюка. Яшчэ на падыходзе да Дому Ажэшкi, дзе звычайна працаваў Карпюк, пачулi, як на ўсю вулiцу гучэла перадача Бі-Бi-Сi, распавядала, што савецкiя войскi акупуюць Прагу. На вулiцы было нямала прахожых, некаторыя спынялiся, слухалi, а бальшыня хуценька кудысьцi бегла” [9].

Альтэрнатыўную афіцыйнай інфармацыі пра тое, што адбываецца ў Чэхаславакіі, жыхары БССР таксама атрымлівалі пры непасрэдных кантактах з заходнімі турыстамі. Так, у верасні 1968 г. брэсцкія мытнікі затрымалі Г.-І. Хансэна, які прыбыў у складзе студэнцкай турыстычнай групы з заходнегерманскага горада Фленсбург. У яго чамадане з падвойным дном была знойдзена кніга М. Джыласа “Новы клас”, а таксама матэрыялы з нямецкіх перыядычных выданняў, прысвечаныя падзеям у Чэхаславакіі. Калі ў Хансэна спыталі, навошта ён вёз усё гэта ў СССР, то студэнт прастадушна патлумачыў, што “ім авалодала моцнае жаданне любым спосабам ачарніць сацыялістычны лад” [10].

Не меншую цікавасць да чэхаславацкіх падзей, па словах гіда, праяўлялі члены іншай студэнцкай групы з ФРГ, якая прыбыла ў Мінск у тыя дні. Яны, у прыватнасці, казалі пра тое, што “чэхі ідуць на збліжэнне з заходнімі краінамі, паляпшаюць працу прэсы, радыё, тэлебачання, а таму – атрымліваюць больш дэмакратычных правоў, чым жыхары іншых сацыялістычных краін”[11]. Турысты з Верхняй Баварыі, якія рухаліся праз БССР, выказалі наступныя думкі пра падзеі ў ЧССР: “СССР гэткая ж імперыялістычная дзяржава, як і ЗША, бо там знаходзяцца савецкія войскі”, “студэнты – найбольш думаючыя частка насельніцтва, яны выступаюць супраць камуністаў, за дэмакратычныя свабоды”, “ФРГ не ўмешваецца ва ўнутраныя справы ЧССР, а прэтэнзіі судзетскіх немцаў – гэта прэтэнзіі невялікай групы прадстаўнікоў старэйшага пакалення, якое хутка сыйдзе” [12]. У адрозненне ад заходнегерманскіх турыстаў, госці, што прыбылі ў канцы жніўня ў Мінск з ГДР, выказвалі аднадушную падтрымку палітыкі як свайго, так і савецкага кіраўніцтва. Так, група ўсходненямецкіх чыгуначнікаў, якая знаходзілася ў Мінску, правяла 25 жніўня сход, на якім была прынятая рэзалюцыя аб падтрымцы ўсіх мер, прынятых урадамі сацыялістычных краін у дачыненні да Чэхаславакіі [13].

Чытайце таксама:

Аляксандр Гужалоўскі

Утаймаванне Левіяфана: фармаванне структур грамадзянскай супольнасці ў Беларусі ў 1917 г.

У 1968 г. тэма Чэхаславакіі ўздымалася ў размовах турыстаў, якія прыбывалі ў Мінск з іншых краін. Так, група аўтатурыстаў з ЗША падчас экскурсіі па Мінску не хавала свайго адмоўнага стаўлення да камунізму як да грамадскаму ладу, прасілі гіда-перакладчыка Усцінаву паказаць трушчобы горада, “выказваліся добра аб Чэхаславакіі, дзе яны пабывалі да прыезду да нас” [14]. Амерыканскі літаратар, сацыяліст па палітычных поглядах Бегбіт, знаходзячыся ў Мінску ў верасні 1968 г., сказаў перакладчыку, што, увёўшы войскі, “урады пяці краін нашкодзілі свайму прэстыжу”[15]. Французскі аўтатурыст, доктар эканамічных навук Жэмдзье сказаў у верасні свайму беларускаму гіду, што “пасля падзей у Чэхаславакіі ў французаў пагоршылася стаўленне да савецкіх людзей, і тое, што замест 40 чалавек, якія павінны былі прыехаць у СССР у гэтым аўтобусе, прыехала толькі 17, – гэта вынік тых падзей, якія адбыліся ў ЧССР” [16].

У сваю чаргу, з непрыязным стаўленнем да сябе сутыкаліся беларускія турысты, якія вырашылі наведаць восенню 1968 г. замежныя краіны. Пра гэта паведаміў партыйнаму кіраўніцтву рэспублікі сакратар Беларускага рэспубліканскага савета прафсаюзаў па міжнароднай працы А.П. Абуховіч. У прыватнасці, ён сказаў, што 700 беларускім турыстам, якія выехалі ў верасні-кастрычніку па прафсаюзнай лініі за мяжу, цяжэй за ўсё прыходзілася ў Англіі, Францыі, Італіі і Румыніі. Асабліва непрыязная абстаноўка вакол знаходжання турыстаў з БССР склалася ў Італіі, дзе Камуністычная партыя асудзіла ўвод савецкіх войскаў у ЧССР. З-за ўводу войскаў было перанесена і скарочана па часе правядзенне дзён БССР у Аўстрыі, якія прайшлі з 26 лістапада па 6 снежня 1968 г. Непрыемным сюрпрызам для беларускага партыйнага кіраўніцтва быў той факт, што супраць правядзення дзён выказалася кіраўніцтва Камуністычнай партыі Аўстрыі і Таварыства аўстра-савецкай дружбы [17]. 21 верасня 1968 г. Беларускае таварыства дружбы і культурных сувязяў з замежнымі краінамі атрымала ліст ад членаў аддзялення Таварыства савецка-бельгійскай дружбы ў Шарлеруа, дзе паведамлялася пра тое, што “у бягучы час мы павінны скараціць сваю дзейнасць у сувязі з разгорнутай у прэсе кампаніяй пратэсту супраць увядзення войскаў саюзнікаў па Варшаўскаму пакту ў Чэхаславакію” [18].

Адным з самых складаных накірункаў знешнепалітычнай дзейнасці беларускага кіраўніцтва пасля 21 жніўня 1968 г. была нармалізацыя ўзаемаадносін з Чэхаславакіяй на ўзроўні яе рэгіянальных кіраўнікоў, а таксама метадам народнай дыпламатыі. Калі ў пачатку верасня партыйнае кіраўніцтва Гомельскай вобласці перадало сваім калегам з Паўднёва-Чэшскага абкама КПЧ запрашэнне на святкаванне 51-й гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі, то атрымала халодную адмову са спасылкай на занятасць службовымі справамі. Падобны адказ з Чэшске-Будзеёвіцы атрымала кіраўніцтва гомельскага абласнога аддзялення Таварыства савецка-чэхаславацкай дружбы [19].

Няпростая задача стаяла перад перакладчыцай мінскага аддзялення “Інтурыст” Л.Я. Лысенка, якая абслугоўвала 21 кастрычніка 1968 г. групу турыстаў, якія прыбылі з Прагі. Экскурсанты, сярод якіх было толькі трое чэхаў (астатнія – славакі), негатыўна ацэньвалі палітыку савецкага кіраўніцтва ў дачыненні да іх краіны. У прыватнасці, яны казалі: “Вашы войскі да нас ніхто не запрашаў. Гэта прыдумка вашага ўраду. Салдаты нават не ведалі, куды іх прывезлі. Многія думалі, што яны знаходзяцца ў Заходняй Германіі. Але, вашы хлопцы – малайцы, многія зразумелі, у чым справа. Яны вярнуцца дамоў і распявядуць, якую “контррэвалюцыю” у нас знайшлі”. “Так, у нас былі падпольныя арганізацыі. А хто б паведаміў народу, што робіцца ў краіне? Радыёстанцыя “Влтава”? Яна працавала для Савецкага Саюза”, “У 50-я гады ў нас было арыштавана шмат людзей, і ў гэтым вялікая віна вашых сталінскіх работнікаў”, “Вы надта верыце вашым газетам, прапагандзе, памяркуйце пра гэта ўсё грунтоўна”, “Гісторыя пакажа, што ваша пазіцыя – няслушная” [20].

Нармалізацыі савецка-чэхаславацкіх адносін, паводле задумы яе аўтараў, павінна была паспрыяць пастанова ЦК КПСС ад 12 лiстапада 1968 г. аб святкаванні 25-й гадавіны Дамовы аб сяброўстве, узаемнай дапамозе і пасляваенным супрацоўніцтве паміж Савецкім Саюзам і ЧССР. Беларускае партыйнае кіраўніцтва адгукнулася на яго паўторным запрашэннем функцыянераў Паўднёва-Чэшскага абкама КПЧ у Гомель, якое на гэты раз было прынята. Чэхі пазнаёміліся з работай перадавых прамысловых прадпрыемстваў і калгасаў вобласці, прынялі ўдзел у арганізаваным 12 снежня ўрачыстым сходзе працоўных Гомеля. Аднак свята было сапсавана ўпартым нежаданнем чэшскіх партыйных работнікаў прызнаваць свае “памылкі”.

Першы сакратар Гомельскага абкама В.Ф. Языковіч дакладваў у ЦК: “У выніку гутарак з усёй дэлегацыяй і асобнымі яе членамі мы прыйшлі да высновы, што становішча ў Паўднёва-Чэшскай вобласці застаецца складаным. Асобныя члены дэлегацыі і перш за ўсё першы сакратар абкама Ян Дуба ў ацэнцы палітычнага становішча ў Чэхаславакіі знаходзіцца на ранейшых няслушных пазыцыях. Яны нязменна паўтаралі, што мы не разумеем іх, ня хочам зразумець спецыфічных умоў будаўніцтва сацыялізму ў Чэхаславакіі, што ніякіх контрревоюционных сіл у іх краіне няма… Члены дэлегацыі, асабліва Ян Дуба і загадчык першага аддзела абкама Вацлаў Гаргула, неаднаразова паўтаралі, што ўвод войск у Чэхаславакію з’яўляецца акупацыяй іх краіны і чэхаславацкі народ ніколі не зразумее неабходнасці гэтага кроку, што 21 жніўня 1968 года будзе ўпісаны ў гісторыю КПСС чорнымі літарамі, што ўвод войск ускладніў працу КПЧ, што ім зараз вельмі цяжка размаўляць з рабочымі, інтэлігенцыяй і моладдзю. У нас склалася ўражанне пра тое, што наўрад ці падобныя кіраўнікі ў стане ўзначаліць барацьбу здаровых сілаў супраць антысацыялістычных, контррэвалюцыйных і рэвізіянісцкіх сіл у Паўднёва-Чэшскай вобласці”[21].

Варта адзначыць, што актывісты раённых аддзяленняў Таварыства савецка-чэхаславацкай дружбы, якія прыбылі разам з партыйнымі кіраўнікамі Паўднёва-Чэскай вобласці, не былі такімі катэгарычнымі ў ацэнках савецкага ўмяшання ва ўнутраныя справы іх краіны. Напрыклад, рускі па нацыянальнасці, грамадзянін ЧССР А.В. Папоў асуджаў бяздзейнасць чэхаславацкага камсамола, роспуск піянерскіх арганізацый, выказваў думку, што пасля вяртання дадому яго могуць пераследваць. Дэпутат Нацыянальнага сходу ЧССР Францішак Бубнік у сваім выступе падтрымаў увод войскаў і асудзіў паводзіны чэхаславацкай моладзі [22].

Імкнучыся пагасіць негатыўны эфект уводу савецкіх войскаў, беларускія партыйныя ідэолагі працягвалі звяртацца да падзей Другой сусветнай вайны. Так, 16 лістапада 1968 г. у гарадскім пасёлку Ельск прайшоў вечар, прысвечаны 25-й гадавіне са дня гібелі ўдзельніка партызанскага руху на тэрыторыі Беларусі, Героя Савецкага Саюза чэха Яна Налепкі. Па асабістым указанні П.М. Машэрава, гэтае мерапрыемства шырока асвятлялася ў друку і на радыё [23].

Не менш надзеяў ускладалася на ўсталяванне нефармальных кантактаў і пошук кампрамісу ў нязмушанай абстаноўцы. На прыём пяці чэхаславацкіх дэлегацый у складзе 22 чалавек у Гомельскай вобласці са снежня 1968 г. па ліпень 1969 г. агулам было выдаткавана 8020 рублёў, з якіх 4594 рублі пайшлі на харчаванне і прыёмы. Пад выглядам сувеніраў гасцям падаравалі дарагія падарункі. Усяго члены дэлегацый павезлі з сабой 15 наручных і 8 настольных гадзіннікаў, 28 валізак, 3 электрабрытвы, транзістарны прыёмнік “Селга”, фотаапарат “Кіеў”, кінапраектар “Прамень” і інш. Акрамя гэтага, ім было выдадзена на кішэнныя выдаткі 1150 рублёў [24].

Напярэдадні ўводу войскаў у Чэхаславакію, летам 1968 г., у вайсковыя часткі СССР з запасу пачалі заклікаць рэзервістаў. Дакладная колькасць асоб, прызваных з запасу з тэрыторыі БССР і накіраваных у Чэхаславакію, невядома. Аб іх ліку можна судзіць толькі па ўскосных дадзеных.

Выступаючы на ІХ пленуме ЦК КПБ 19 лістапада 1968 г., першы сакратар Мінскага гаркама партыі У. Шарапаў казаў пра “многіх мінчан, якія пакінулі ўласныя працоўныя месцы і па закліку ваенкаматаў зрабіліся салдатамі і афіцэрамі”. З аднаго толькі Мінскага аўтамабільнага завода ў войска было забрана 986 чалавек [25]. Сакратар Гродзенскага абкама партыі Г.Ф. Фаміч паведаміў, што “па закліку партыі пад баявыя гвардзейскія сцягі ўсталі тысячы гарадзенцаў, у тым ліку больш 1200 камуністаў”. Значную частку рэзервістаў тут склалі рабочыя завода “Аўтазапчастка” і азотна-тукавага завода [26]. Начальнік палітупраўлення Беларускай ваеннай акругі генерал-маёр В. Грэкаў, які ўзяў пасля Г. Фамічова слова, паведаміў аб 2,5 тыс. сем’яў рэзервістаў у Мінскай вобласці, якім была аказана матэрыяльная дапамога [27].

Перспектыва адмовы ад звыклага грамадзянскага жыцця і адпраўкі са зброяй у руках у мяцежную Чэхаславакію не дадавала аптымізму многім маладым мужчынам, роўна як і іх блізкім. В. Грэкаў паведаміў дэлегатам IX пленума аб тым, што “у Гродзенскай вобласці за ўхіленне ад збораў да папраўча-працоўных прац прыгавораны 6 чалавек, …у Мінскай вобласці выяўлена 20 злосных ухілістаў” [28]. Электрамеханік з Ваўкавыска, малодшы тэхнік-лейтэнант запасу Мікалай Краўчук сказаў у ваенкамаце: “Я ўжо свой тэрмін адслужыў. Вы, напэўна, мяне лічыце крэтынам, каб я яшчэ служыў. Законам мяне не пужайце, я яго не ведаю і ведаць не жадаю. Ён тычыцца вас, вайскоўцаў, а я жадаю вучыцца”. Гарадзенец Фішэр, які вучыўся на фізічным факультэце Ленінградскага ўніверсітэта, сказаў адборачнай камісіі: “Не манапалісты і не імперыялісты вінаватыя ў тым, што ёсць войны, а вайскоўцы. Сабраць бы ўсіх вайскоўцаў на бязлюднай выспе і ўсім войнам канец”. З 8 лекараў, запрошаных на гарадзенскую абласную адборачную камісію, толькі адзін урач-педыятр Карэліцкай бальніцы Г. Еўтух заявіў, што гатовы ехаць у Чэхаславакію [29]. Рабочы Гомельскага суперфасфатнага завода Цімашэнка заявіў: “Страшна. Сын ў войску. Каб не пачалася война”. Работніца Гомельскай люстэркавай фабрыкі Шаўчэнка падтрымала яго: “У Чэхаславакіі ідзе сапраўдная вайна. Там мой сын, нашых б’юць, а вы хаваеце гэта ад нас”[30]. Трывожныя настроі насельніцтва БССР узмацняліся расказамі вайскоўцаў, што вярнуліся з Чэхаславакіі, аб “недабразычлівым стаўленні” да іх насельніцтва гэтай краіны[31].

Генерал таксама казаў пра нізкую дысцыпліну рэзервістаў – яны адпраўляліся ў самавольныя адлучкі з размяшчэння частак, ладзілі п’янкі. А настаўнік з Ваўкавыска, старэйшы лейтэнант запасу Палішчук, наогул дэзерціраваў з палка і з’ехаў адпачываць па турыстычнай пуцёўцы. Маральны дух прызваных з запасу беларусаў павінен быў, на думку палітупраўлення акругі, узняць учынак камандзіра танка Брэсцкага гвардзейскага танкавага злучэння берасцейца сяржанта Аўгліса, які ў раёне Кутнай Горы выскачыў з-за павароту на натоўп дзяцей і жанчын, што перагарадзілі дарогу, рэзка адкруціў танк, перакуліўся з абрыву і загінуў [32].

Сяргей Панізнік

Некаторыя беларусы, знаходзячыся ў складзе савецкага кантынгенту войскаў у ЧССР, выказвалі ўголас свае апазіцыйныя думкі. У верасні 1969 г., пасля заканчэння факультэта журналістыкі Львоўскага вышэйшага ваенна-палітычнага вучылішча, у Чэхаславакіі апынуўся беларускі паэт і перакладчык С. Панізнік. Працуючы ў ваеннай газеце, ён пазнаёміўся з шэрагам чэшскіх пісьменнікаў і навукоўцаў, у тым ліку беларусаведам прафесарам В. Жыдліцкім (цяпер ганаровым прафесарам БДУ). Усвядоміўшы незаконнасць знаходжання савецкіх войскаў у ЧССР, у 1970 г. ён публічна папрасіў прабачэння ў чэшскіх інтэлектуалаў за акупацыю іх радзімы. Пасля гэтага С. Панізнік трапіў у поле зроку спецслужбаў і ў 1976 г. быў выключаны з партыі, а ў наступным годзе звольнены з працы[33].

Можна меркаваць, што пад уплывам чэхаславацкіх падзей у беларускім савецкім грамадстве адбывалася ўзмацненне пратэстных настрояў у цэлым. У прыватнасці, незадаволенасць выклікала савецкая форма дзяржаўнага ладу, якая служыла толькі дэкарацыяй, што хавала бескантрольную ўладу партыйнай наменклатуры. Так, у лютым 1969 г. напярэдадні выбараў у мясцовыя саветы дэпутатаў працоўных на віцебскай фабрыцы “Чырвоны Кастрычнік” была вывешаная ўлётка з пагрозамі ў адрас камуністаў і з заклікам спальваць камсамольскія білеты. 16 сакавіка 1969 г. у дзень выбараў на асобных выбарчых участках выявілі бюлетэні з надпісамі: “Вярнуць кошты на прадукты харчаваня на папярэдні ўзровень”, “Няма выбараў, усё фармальна”, а на ўчастку № 29 у доме санітарнай асветы ў Віцебску невядомыя павесілі партрэт Мао Цзэдуна з тэкстам, які праслаўляў яго дзейнасць [34].

Такім чынам, беларускае савецкае грамадства, пазбаўленае крыніц аб’ектыўнай інфармацыі, знаходзячыся ў палоне сталінскіх догмаў, у сваёй асноўнай масе пасіўна адрэагавала на падзеі “Пражскай вясны”. Арганізаваныя партыйным кіраўніцтвам на прадпрыемствах і ў арганізацыях БССР мітынгі і сходы ў падтрымку ўводу савецкіх войскаў у Чэхаславакію наўрад ці варта ўспрымаць як сапраўдную праяву “голасу народа”. Некаторая частка інтэлігенцыі мела пачуццё сораму за сваю краіну, якая абрынула ваенную моц на братнюю славянскую краіну, уся віна якой заключалася ў імкненні надаць сацыялізму чалавечае аблічча. Але не рызыкавала выказваць гэта пачуццё за межамі кухняў сваіх хрушчовак. Не адчувалі радасці ад сітуацыі, якая склалася, тысячы беларусаў-рэзервістаў, адарваныя ад сваіх сем’яў і адпраўленыя ў Чэхаславакію. Галасы тых, хто адкрыта выказваў сваю нязгоду з палітыкай савецкага кіраўніцтва, былі ледзь чутны. Тым каштоўней для нас кожнае сведчанне праявы грамадзянскай мужнасці ва ўмовах таталітарнай сістэмы.

___________________________________________________________

Аляксандр Аляксандравіч Гужалоўскі (нар. у 1960 г.[1]) — беларускі гісторык, музеёлаг, педагог, доктар гістарычных навук(2002), прафесар (2016), прафесар кафедры этналогіі, музеялогіі і гісторыі мастацтваў БДУ.

З’яўляецца аўтарам больш за 150 навуковых і навукова-метадычных прац, вучэбных дапаможнікаў і манаграфій. Сярод іх: “Чырвоны аловак: нарысы па гісторыі цэнзуры ў БССР” (Мн.: Рэдакцыя газеты “Звязда” , 2012. — 304 с.) і “Сэксуальная рэвалюцыя ў Савецкай Беларусі. 1917—1929 гг.”(Мн.: А.М. Янушкевіч, 2017. — 258 с.).

___________________________________________________________

[1] Люди августа 1968… // ПОЛИТ.РУ. 2008. 2 сент. [Электронный ресурс]. URL: http://www.polit.ru/article/2008/09/02/people68 (дата обращения: 26.09.2017)

[2] Нонканфармізм у Беларусі: 1953–1985. Даведнік. Т. 1. Аўтар-укладальнік А. Дзярновіч. Мн.: Athenaeum, 2004. С. 169.

[3] Нонканфармізм у Беларусі… С. 194.

[4] Беседа В.Г. Буданова с В.С. Степиным // Устная история. [Электронный ресурс]. URL: http://oralhistory.ru/talks/stepin2.pdf   (дата обращения: 26.09.2017)

[5] НАРБ. Ф. 4п. Оп. 65. Д. 165. Л. 59.

[6] Документы Национального архива…С. 31– 33, 42.

[7] НАРБ. Ф. 4п. Оп. 65. Д. 165. Л. 44–45.

[8] Андреевич, А. Мутные волны // Советская Белоруссия. 1968. 30 окт. № 255. С. 3.

[9] Быкаў, В. Доўгая дарога дадому. Мінск: ГА БТ “Кніга”, 2003. C. 197.

[10] Павловский, Н. Вояж с тайником // Советская Белоруссия. 1968. 8 сентября. № 211. С. 4.  

[11] НАРБ. Ф. 4п. Воп. 62. Спр. 718а. Арк. 35.

[12] НАРБ. Ф. 4п. Воп. 62. Спр. 718а. Арк. 68.

[13] НАРБ. Ф. 4п. Воп. 62. Спр. 718а. Арк. 67.

[14] НАРБ. Ф. 4п. Воп. 62. Спр. 718а. Арк. 34.

[15] НАРБ. Ф. 4п. Воп. 62. Спр. 718а. Арк. 85.

[16] НАРБ. Ф. 4п. Воп. 62. Спр. 718а. Арк. 88.

[17] НАРБ. Ф. 4п. Воп. 47. Спр. 577. Арк. 125.  

[18] НАРБ. Ф. 4п. Воп. 47. Спр. 577. Арк. 115.  

[19] НАРБ. Ф. 4п. Воп. 62. Спр. 718а. Арк. 111–113.

[20] НАРБ. Ф. 4п. Воп. 62. Спр. 718а. Арк. 203-204.     

[21] НАРБ. Ф. 4п. Воп. 62. Спр. 718а. Арк. 192–196.     

[22] НАРБ. Ф. 4п. Воп. 62. Спр. 718а. Арк. 210–219.

[23] НАРБ. Ф. 4п. Воп. 47. Спр. 577. Арк. 120–124.

[24] НАРБ. Ф. 4п. Воп. 65. Спр. 167. Арк. 143-144.

[25] НАРБ. Ф. 4п. Оп. 20. Д. 465. Л. 99–100.  

[26] НАРБ. Ф. 4п. Оп. 20. Д. 465. Л. 121.

[27] НАРБ. Ф. 4п. Оп. 20. Д. 465. Л. 115.

[28] НАРБ. Ф. 4п. Оп. 20. Д. 465. Л. 115.

[29] НАРБ. Ф. 4п. Оп. 20. Д. 471. Л. 43.  

[30] Документы Национального архива…с. 31, 42.

[31] Документы Национального архива… С. 125.

[32] НАРБ. Ф. 4п. Оп. 20. Д. 465. Л. 115, 117.

[33] Нонканфармізм у Беларусі… С. 145.

[34] НАРБ. Ф. 4п. Воп. 47. Спр. 591. Арк 132.

Тэмы: