“Простыя рэчы” Міхала Анемпадыстава: Каляды

24 снежня 2014

Будзьма

Аднойчы зімовым надвячоркам, гадоў трыццаць таму, а мо нават і болей, я ішоў па вуліцы Старажоўскай. Чаго я папёрся туды, не памятаю, мажліва, проста так, пашвэндацца – мне там заўсёды падабалася і жыў я побач. Аднаго разу я напішу пра Старажоўку падрабязна і шмат, але цяпер пра іншае. Дык вось, я дайшоў да Старажоўскай брамы, за якой, у будынку царквы, месціўся тады архіў, а далей, за архівам, пачынаўся абшар колішніх Старажоўскіх могілак. Леваруч былі муры хлебазавода, перада мной – брама могілак, а паміж хлебазаводам і брамай, налева і крыху ўгару, падымаўся вузкі крывы завулак з драўлянымі платамі, хатамі і шматлікімі гаспадарчымі прыбудовамі.

Усё гэта было шчодра засыпана снегам, так што гурбы на стрэхах хат зліваліся ў адно цэлае з гурбамі на дахах прыбудоваў, спаўзалі на падворкі, збіраліся пад сценамі і агароджамі, і толькі сярэдзіна завулка была чыстай ад снежных заносаў і ўтаптаная да бляску. Я збочыў у завулак. Снег парыпваў пад нагой, наваколле паволі апускалася ў сутонлівую сінечу, а першыя ліхтары кідалі на снег плямы апельсінавага святла. Пахла зімой, свежым хлебам і печывам з бісквітнай фабрыкі, якая хавалася па той бок Старажоўскага ўзвышша, у самым канцы вуліцы Стараслабодскай, там, дзе Свіслач злучаецца з рэчкай Пярэспай і ўтварае пакручастае паўкола.

Прайшоўшы да канца завулка, я выйшаў на рог Старавіленскай і Стараслабодскай, туды, дзе раней стаяла старая, дзіўнаватага выгляду камяніца на чатыры паверхі з яшчэ больш дзіўным дамком-буданам на даху. Стараслабодская сыходзіла ўправа, Старавіленская ішла проста, у бок ракі, потым упіралася ў шэраг хат на высокім рачным беразе і збочвала налева да Траецкага. Я пайшоў проста і, збочыўшы за дзіўнаваты чатырохпавярховік, апынуўся на невялікім заснежаным узвышшы, плоскім і без усялякай расліннасці. Замест дрэваў на ягонай паверхні, як калоны разбуранага храма, роўнымі радамі вытыркаліся высокія коміны з чырвонае цэглы.

Я стаяў на краі гэтай пусткі, крыху вышэй за дахі найбліжэйшых хат, і глядзеў у бок ракі, да якой па даволі стромкім схіле спускаліся прысядзібныя заснежаныя сады, парканы, падворкі і пабудовы. За ракой, проста на захад, свяціліся вокнамі шматпавярховікі Паркавай магістралі, крыху на поўдзень туліліся адзін да аднаго дамкі Траецкага, а за імі ўздымаліся камяніцы Верхняга горада – Малы і Вялікі Гасцінныя двары, муры Бернардынак і Бернардынцаў, шпілі сабора Святога Духа і дах касцёла Святога Язэпа. Над горадам ва ўсе бакі прасціралася зімовае зорнае неба – густа-сіняе з пераходам у блакіт і ружова-палавае бліжэй зямлі на паўночным захадзе.

На ўзгорку пах печыва быў яшчэ мацнейшы, можна было распазнаць паасобныя ягоныя складнікі – бісквіты і пернікі, солад і патаку, ваніль і цынамон. Так смачна, радасна і таямніча пахнуць зімовыя святы. І яшчэ я адчуў нейкую быццам палёгку, падчас дэжавю бывае такое адчуванне. І пачаў прыгадваць, які ж сёння дзень, а прыгадаўшы, што на календары дваццаць чацвёртага снежня, нарэшце ўцяміў, што ўсё гэтае хараство не проста так, што цяпер Святы вечар, Каляды. А я не ведаў. У маёй сям’і да сярэдзіны 80-х Каляды не святкавалі, а толькі Новы год і Вялікдзень. Цяжка сказаць, чаму, мо таму, што гэтыя дні былі працоўнымі. Да таго ж уся савецкая ідэалагічная машына працавала на тое, каб не святкавалі, а яшчэ лепей – каб не ведалі.

Тады я не паверыў у тое, што ўся гэтая гісторыя, гэтае маё бязмэтнае бадзянне, якое вывела мяне на найлепшы ў горадзе аглядны пункт, і тое, што я адчуў, стоячы на заснежаным даху нямецкага падземнага бункера часоў апошняй вайны, было знакам. Цудам, спасланым персанальна мне, адарванаму ад каранёў гарадскому хлопчыку-падлетку. Я і цяпер не магу паверыць. Мае карані прарасталі не з жывой традыцыі, не з пераемнасці, а збольшага з кніжак. Таму больш зразумелым для мяне тлумачэннем дагэтуль застаецца тое, што ніякага знаку мне не было, а проста спрацавалі ўстойлівыя вобразы гэтага цудоўнага Свята.

Можна патлумачыць той светлы і ўзнёслы настрой, які знянацку апанаваў мяне на заснежаным пагорку, і тым, што сам пагорак тады падаваўся мне вяршыняй горада і ўсяго свету. Не бяруся даваць адназначных адказаў нават самому сабе. Так ці інакш, у знак (калі гэта быў знак) мне не было дадзена паверыць. Я толькі да дробязяў запомніў той вечар, а самае галоўнае – навучыўся бачыць цуды і цаніць іх. Я не спрабую разгадаць іх прыроду – цуд на тое і цуд, каб заставацца таямніцай. А паколькі цудаў у нашым жыцці не так ужо і шмат, а мой горад апошнім часам няўхільна ператвараецца ў прастору, дзе цудам проста няўтульна, часам я спрабую ствараць іх сам.

Найлепшымі маімі Калядамі заўсёды былі тыя, падчас якіх адбываўся хоць які, хоць маленькі цуд. Найчасцей (і тут мы зусім не арыгінальныя) цуды рабіліся для дачкі. Але і яна рабіла цуды для нас. Такім цудам былі яе першыя падарункі і першы ліст да Санты (так, да нашага сораму, гэта быў папсовы Санта, а не наш кананічны Святы Мікалай). Яна толькі вучылася пісаць, таму ліст быў надта кароткі, з дзікімі і такімі мілымі памылкамі. З цягам часу стыль просьбіткі рабіўся ўсё болей упэўненым, а спісы просьбаў – даўжэйшымі. Спісы даводзілася скарачаць, але галоўнае – рабіць усё болей складаныя захады для захавання самога эфекту цуду.

Потым дачка даведалася, што ніякага Санты насамрэч няма, і нашая амаль дасканалая вытворчасць цудаў скончылася. Я думаю, што гэта і ёсць пачатак пераходу ў дарослае жыццё, калі ты мусіш разняверыцца ў цудах “дзіцячых” і паверыць ці хаця б навучыцца заўважаць цуды “дарослыя”. Тут я хацеў ужыць штамп, што гэта, маўляў, ужо зусім іншая гісторыя. Але гэта не так. Гэта ўсё тая самая, бясконцая адносна маштабу чалавечага жыцця гісторыя, якая будзе паўтарацца зноў і зноў. Гісторыя цудаў і іх стратаў. І новых цудаў.

Часам гэта лепей перадае музыка, чым словы.

Персоны:
Тэмы: