“Простыя рэчы” Міхала Анемпадыстава: Могілкі

24 сакавіка 2014

http://budzma.by

Могілкі – прастора памяці. Смерць прыходзіць у іншыя месцы, выпадковыя і спецыяльна прызначаныя, бесцырымонна і амаль заўсёды не ў час. На могілкі смерць сыходзіць. Хаваюць менавіта яе, смерць. З нябожчыкам – развітваюцца. Праводзяць на гэтым свеце, каб раней ці пазней сустрэцца зноў, ужо назаўсёды, на тым, на іншым. Тут, з намі, застаецца памяць. Культ продкаў вельмі архаічны і распаўсюджаны ва ўсіх культурах без выключэння; гэта адзін з найбольш устойлівых маральна-этычных нарматываў і адна з адзнакаў нашай «людскасці».

Шматлікія табу, а пазней царкоўныя і праўныя акты надавалі тэрыторыі могілак асаблівы ахоўны статус. Сэнсы гэтых табу, актаў, законаў зводзяцца да наступнага: могілкі – гэта калектыўная ўласнасць супольнасці, яе ніхто не можа адабраць, прадаць, знішчыць. Могілкі – недатыкальная тэрыторыя, якая можа выкарыстоўвацца толькі з мэтай пахавання нябожчыкаў; нават тэрыторыя старых могілак, дзе ўжо нікога не хаваюць, не можа быць выкарыстаная ў іншых мэтах. Гэта святая зямля, абароненая богам і людзьмі, але адначасна гэта зямля-абаронца памяці і спакою памерлых.

Хрысціянская традыцыя ўшанавання памерлых сталася працягам традыцый паганскіх. Першыя хрысціянскія могілкі былі працягам могілак ужо існых. У Мінску гэта Старажоўскія могілкі, якія паўсталі на схілах гары Пярэспа, месцы яшчэ дахрысціянскіх пахаванняў. Пачынаючы ад Х стагоддзя могілкі ўсё часцей паўстаюць на падворках храмаў і манастыроў альбо паблізу іх, але ў сувязі з ростам насельніцтва гарадоў новыя месцы для пахаванняў паўстаюць за гарадскімі межамі.

Пачынаючы з ІІІ стагоддзя хрысціянскія могілкі знаходзяцца пад апекай царквы/касцёла. Адпаведна, па ўсёй Еўропе дзейнічаў і дзейнічае дагэтуль прынцып канфесійнага падзелу, калі кожная рэлігійная грамада мае свае могілкі і імі апекуецца. У нашай гісторыі гэты прынцып рэалізаваўся напоўніцу: у Мінску, напрыклад, былі каталіцкія, праваслаўныя, габрэйскія, татарскія і нямецкія (пратэстанцкія) могілкі, кожныя са сваёй адметнай традыцыяй.

Патранат духоўных уладаў і ўсёй рэлігійнай грамады спраўджваў і працягвае спраўджваць сваю эфектыўнасць цягам стагоддзяў. Выключэннем з’яўляецца Францыя і некаторыя нямецкія землі, дзе могілкі знаходзяцца ў юрысдыкцыі гарадскіх уладаў. Паказальна, што менавіта там узніклі ідэі і практыкі камерцыялізацыі могілак, менавіта там упершыню пачало абмяжоўвацца раней нікім не аспрэчанае права кожнага быць пахаваным там, дзе памёр, і мець адвечны спакой і спачынак там, дзе пахаваны.

Таксама паказальна, што адным з першых дэкрэтаў савецкай улады быў «Дэкрэт аб могілках і пахаваннях», датаваны 7 снежня 1917 года. Дэкрэт выводзіў могілкі з-пад юрысдыкцыі рэлігійных грамад і фактычна рабіў іх уласнасцю дзяржавы. У 20-я гады былі прынятыя наступныя прававыя акты, дзе, сярод іншага, забаранялася лакацыя могілак побач з грамадскімі будынкамі. Ясна, што дзеля адпаведнасці нарматывам ліквідаваліся не будынкі, а могілкі. Дзяржава не проста парушыла адну з базавых цывілізацыйных нормаў, яна інспіравала і ўзаконіла яе антыпод.

Другая сусветная кардынальна змяніла склад гарадскога насельніцтва Беларусі і тым самым моцна спрасціла маштабную ліквідацыю могілак у гарадах краіны. У Мінску былі знішчаныя старыя пратэстанцкія (нямецкія) могілкі на Розачцы, габрэйскія кіркуты (на Калектарнай, у раёнах стадыёна Дынама і Універсітэта), татарскі мізар у раёне вуліцы Ігнаценкі. На месцы Брацкіх могілак паўстаў конскі рынак, Шпітальныя могілкі сталі тралейбусным паркам, проста паркам сталі старажытныя Старажоўскія могілкі. Даўнія халерныя, а потым каталіцкія Залатагорскія могілкі сталі пляцоўкай для станцыі глушэння.

Дадайце да спісу старыя пахаванні бернардынаў на лапіку паміж касцёлам Святога Язэпа і былымі «Віленчукамі» – гандлёвымі радамі на плошчы Свабоды, якія раскурочылі падчас варварскай рэканструкцыі пад піўбар «0,5». Дадайце колішнія вясковыя могілкі ля абсерваторыі, рэшткі якіх прыбралі зусім нядаўна, Варфаламееўскія могілкі на вуліцы Мініна. Пасля гэтага пераліку казаць нешта пра могілкі нямецкіх жаўнераў часоў Другой сусветнай у Зялёным лузе ўжо проста не выпадае. Яны, немцы, могілкі савецкіх вайскоўцаў даглядаюць, а мы і іхныя, і свае папляжылі.

Ну добра, не мы. А хто? Ці што? Выглядае на тое, што паваенныя зачысткі гарадской прасторы (і тым самым нашай калектыўнай памяці) – лагічны працяг дэкрэта ад 07.12.1917, які, у сваю чаргу, ёсць адным з інструментаў перабудовы грамадства на новы капыл. Дадамо сюды ж барацьбу з «буржуазнай» культурай, асіміляцыю, уніфікацыю, бязвер’е. Калектыўная «дасавецкая» памяць, а тым болей яе матэрыялізаваныя формы – рэчы непатрэбныя і нават шкодныя. Паваенная разруха была зручнай нагодай пазбавіцца іх адным махам і назаўсёды.

Шмат хто кажа, што сёння беларуская гісторыя пачынаецца ад Вялікай Айчыннай. Калі меркаваць па датах на магільных помніках, то гэта так. За выняткам ацалелых Вайсковых могілак і Кальварыі… Мне пашанцавала, бацька паказаў мне Вайсковыя могілкі, калі я быў яшчэ зусім малы. А аднакласнік паказаў Кальварыю. Я ніколі не баяўся могілак, наадварот, мне было там спакойна і цікава. Можа быць, таму, што тады я яшчэ не ведаў, што такое страта блізкіх. Усе мае бабулі былі жывыя, а дзяды сышлі ў іншы свет да майго нараджэння.

Адзінымі знаёмымі нябожчыкамі былі для мяне Янка Купала і Якуб Колас, чые помнікі ўсталяваныя на Вайсковых могілках. Іншыя імёны і прозвішчы мне нічога не казалі, але мне было цікава іх чытаць, а яшчэ больш цікава разглядаць самі помнікі і капліцы. Мне падаецца, менавіта тады, я ўпершыню адчуў, што такое гісторыя. Я дагэтуль люблю старыя могілкі: там высокія дрэвы, заімшэлыя камяні, боль даўно ператварылася ў памяць, а памяць – у гісторыю.

Падчас вандровак я стараюся абавязкова наведаць мясцовыя могілкі і шмат іх ужо пабачыў: і сціплыя вясковыя, і са статусам гістарычнага помніка, і такія, дзе ляжаць чужынцы. Розныя. І амаль паўсюль можна знайсці дагледжаныя магілы нашых землякоў, славутых і малавядомых. Хто іх даглядае – для мяне загадка. І гэта нават не тое каб радавала, гэта дае адчуванне, што ёсць нейкі парадак і што ён не скончыцца, калі нас не стане. У Мінску такога адчування ў мяне, на жаль, няма.

Міхал Анемпадыстаў