Першы раз я апынуўся за мяжой, калі мне было шэсць гадоў. Разам з мамай, іншымі выкладчыкамі і студэнтамі мы ехалі на Заходнюю Бярэзіну, на летнюю практыку геафака. Каб туды трапіць, трэба было спачатку праехаць Ракаў, потым Пяршаі, тады Валожын і яшчэ крыху за ім. Я ніколі так далёка не ездзіў;на двары была спёка, а пад Ракавам аўтобус пачаў падскокваць, трэсціся і грукатаць, – пачалася брукаванка. І тады нехта з выкладчыкаў сказаў: ну ўсё, мяжу пераехалі, пачынаецца Заходняя Беларусь. Калі дакладна, то ён сказаў усё гэта па-руску. У сэнсе, што «граніца» і гэтак далей. «Граніца» – слова рэзкае і трывожнае; я нутрана напружыўся і пачаў уважліва глядзець у акно.
Гэта было на пачатку 70-х, і ніякай мяжы там ужо не было, ну хіба што ў галовах гісторыкаў і географаў, але я паверыў. А даехаўшы на месца і пачуўшы, што мясцовыя гавораць на не зусім зразумелай мне мове (гэта была выдатная жывая беларуская мова), я канчаткова пераканаўся, што гэта і ёсць замежжа. Такое нейкае вельмі «блізкае». Неўзабаве, праз дзень ці два,геаграфічнае становішча праяснілася, ілюзіі развеяліся, «асадак» застаўся, а маё дзіцячае расчараванне было кампенсавана толькі праз год ці два, калі я разам з мамай паехаў у самае сапраўднае, надта далёкае, амаль недасяжнае замежжа – да стрыечнай бабкі ў Польшчу.
«На граніцы тучы ходзят хмура…» – гэты, яшчэ ў дзяцінстве ўбіты ў галаву вобраз мяжы і памежжа дагэтуль спадарожнічае большасці з нас праз усё жыццё. Савецкая мяжа такой і была – «хмурай» і «суровай». Вобраз гэты падтрымліваецца ў масавай свядомасці і дагэтуль. І калі ўсходняй мяжы цяпер увогуле няма, а паўдзённая і нават паўночная ствараюць уражанне маленькай краіны мытнікаў, то заходняя мяжа, асабліва ў Берасці, застаецца шмат у чым такой, як у песні пяецца. Для тых, хто не жыве ў горадзе на стала, ён трывала асацыюецца з мяжой і вакзалам, а крэпасць толькі ўзмацняе гэты вобраз, дадае яму драматызму.
Квінтэсенцыя заходняй мяжы месціцца ў неахайным тэхнічным збудаванні, дзе высока пад столлю на розных мовах некалі было напісана слова «мір» і дзе дагэтуль, пад памножаныя акустыкай мацюкі і грукат жалеззя, мяняюцца колы, расейскія на еўрапейскія, і наадварот. Месца няўтульнае, знакавае ў сваёй абсурднасці, чужое. Адстойнік. Так, гэта дзяржаўная мяжа, тут мусіць быць парадак і выконвацца пэўны рэжым, але гэта не нашая цывілізацыйная мяжа, і тым болей не наш «рубеж» і не наша «граніца». Наша прастора гістарычна знітаваная з еўрапейскай культурнай прасторай, яна для нас не чужая.
Беларускае слова «мяжа» – мяккае, свойскае, паўсядзённая… Яно не з мілітарнага лексікону. Мяжа ў полі, паміж зямлёй сваёй і чужой. Мяжа падзяляе, але адначасова злучае. Гэтая лучнасць прысутнічае ў слове «межаваць». Суседнія землі мяжуюць. Мяжа – вузкая стужка нічыйнай зямлі. Яна «празрыстая», на мяжы няма агароджы, хіба што прысады з дрэваў; мяжа адкрытая ў абодва бакі, і нічым, апроч сумлення гаспадароў і прававых нормаў, не абароненая. Тое, што па той бок мяжы, чужое, але не варожае. Нават так сказаць у гэтым выпадку няёмка: «па той бок мяжы». Можна сказаць «у суседа» ці «ў Юзіка», калі суседа завуць Юзікам, у скрайнім выпадку, можна сказаць «у гэнага», калі вы Юзіка недалюбліваеце.
Землі цяперашняй Беларусі яшчэ за часамі Боны Сфорцы былі перамераныя і падзеленыя паміж землеўласнікамі, а іх падзел юрыдычна аформлены. Межы прыватных гаспадарак ахоўваліся правам. Парадак быў і ў тэрытарыяльна-адміністратыўным падзеле краіне. Што тычыцца дзяржаўных межаў, то тут было не так проста, і калі заходняя мяжа княства была падзелам перадусім адміністратыўным, а мяжа паўночная была замацаваная двухбаковымі пагадненнямі, то на іншых напрамках перманентна адбываліся памежныя сутычкі і захопніцкія рэйды. Ахова ўсяго перыметру з розных прычынаў была малаэфектыўнай, нават немэтазгоднай. Мяжы ў сённяшнім яе разуменні там фактычна і не было, былі памежныя тэрыторыі, «дзікае поле».
У той жа самы час, не зважаючы на бясконцыя напады, краіна была адкрытай для гандляроў, майстроў, царкоўнікаў і проста фізічных асобаў. Такая палітыка была замацаваная правам, а інтарэсы дзяржавы ажыццяўляліся праз сістэму мытных і іншых падаткаў. Нашая «мяжа» не была жалезнай заслонай. Нават у найбольш небяспечных кірунках яна заставалася празрыстай. Карацей кажучы, у нашай традыцыі панятак мяжы не меў таго важкага сэнсу,які мы звыкліся ўкладаць у яго цяпер. Нашыя продкі былі дастаткова мудрымі і пластычнымі, каб не ствараць штучных перашкодаў як у фізічнай прасторы, гэтак і ва ўласнай галаве. Мы самі шмат у чым прадукт гэтай культурнай адкрытасці.
Вобраз мяжы як атрыбут дзяржавы, як нешта трывалае, непахіснае, замкнёнае, узнік як лагічны працяг ідэяў абсалютызму ў 18 стагоддзі. У нашым выпадку гэта супала са з’яўленнем абсалютысцкіх манархій у суседніх краінах. Падзелы Рэчы Паспалітай наклалі на нашыя землі чужыя межы. Мы зрабіліся суцэльным памежжам, заходнім рубяжом, лініяй тылавой абароны, якая часцяком трымала абарону супраць нас саміх. Наступныя гістарычныя падзеі толькі ўзмацнілі чужую прысутнасць, аддаляючы нас ад Еўропы, і ад саміх сябе. Урэшце, мяжа прайшла ўнутры нас, мы здзівіліся і загаварылі пра дзве душы, пра нашыя ваганні паміж Захадам і Усходам.
Сёння мы нарэшце маем сваю дзяржаву, а яна – межы. Такія, якія ёсць. Цяпер гэта нашыя межы. Якімі ім быць – адкрытымі ці на замку, – вырашыць час. Што тычыцца сферы культуры, то, як мне падаецца, мяжа сама па сабе не павінна быць аб’ектам сумнеўнага культу, ані ў выглядзе лініі Сталіна, якая замацоўвала падзел Беларусі напалам, ані Брэсцкай крэпасці, якая першапачаткова будавалася як расейскі апорны пункт на «далучаных» тэрыторыях. Цяпер гэта наша гісторыя, і мы маем поўнае права ставіцца да яе крытычна, але пры гэтым, мусім яе ведаць і шанаваць. Гісторыя больш разнастайная, складаная і цікавейшая за імперскія міфы.
У гісторыі ёсць месца і смешнаму, і трагічнаму, і велічнаму, – так, як у рэальным жыцці, якое праз момант таксама стане гісторыяй. На памежным пераходзе «Каменны Лог» літоўскі мытнік прычапіўся да беларускай кабеціны: ці то везла яна не тое, ці то зашмат… Кабеціна не здавалася і мела рашучы намер правезці ўсё што мела, аргументуючы гэта тым, што «Ашмяны спрадвек у Вільню па справах ездзілі і ездзіць будуць». Мытнік, аднак, не пагаджаўся, спасылаючыся на мытныя правілы і асабістую адказнасць. На што ашмянская кабеціна з гонарам разанула: «Ну, глядзі тады! Палка з дзвюх канцоў заўсёды». Што да чаго, не зусім зразумела. Але прыгожа. Неяк вельмі «пагранічна»).
Упершыню апублікавана тут: http://budzma.org