
У 1805 годзе ва Уроцлаве выйшла ілюстраваная кніга “Розныя думкі пра спосабы закладання паркаў” аўтарства І.Ч. За манаграмай лёгка пазнавалася Ізабэла Чартарыйская з роду Флемінгаў, якая на момант выхаду кнігі ўжо размяняла шосты дзясятак. Зрэшты, яна і не хавала свайго аўтарства… Неўзабаве кніга зрабілася культавай у Польшчы і Літве, а сама аўтарка — сапраўдным гуру паркавага мастацтва.
Дзяцінства Ізабэлы прайшло ў маёнтку Воўчын каля Берасця, тым самым, дзе пазней у фамільнай капліцы быў перазахаваны Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, апошні кароль Рэчы Паспалітае, далёкі сваяк і каханак Чартарыйскай. Ізабэла Чартарыйская была прыгожай і разумнай кабетай. Яркая прадстаўніца свайго часу, яна пражыла ў шлюбе з князем Адамам Казімірам Чартарыйскім усё жыццё, маючы з ягонай згоды тузін раманаў і пяцёра дзяцей — усе ад розных каханкаў. Сярод арыстакратыі часоў Асветніцтва такія паводзіны лічыліся нормай, але нават для свайго часу Ізабэла перагінала і пры гэтым паспяхова займалася палітыкай і мецэнацтвам.
Ізабэла Чартарыйская напісала сапраўды добрую кнігу, своеасаблівы эстэтычны маніфест. Шмат якія з яе думак актуальныя і цяпер і маглі б быць выдатным “лікбезам” для тых, хто займаецца праектаваннем паркаў і ландшафтным дызайнам сёння. Вось, напрыклад, такое: “Хто мае кавалак зямлі, любіць яе і на ёй жыве, хто хоча закласці парк, уладкаваць месца, у якім будзе бавіць сваё жыццё, павінен глядзець на гэтае месца як на сябра: спачатку пазнаёміцца з найдрабнейшымі асаблівасцямі, прывязацца да яго, прадумаць, як будзе яно выкарыстоўвацца ў розны час і ў розную пару, хаваць хібы, паказваць вартасці, ніколі не пакідаць, заўсёды дапамагаць і, нарэшце, ісці следам за найпрасцейшым густам, то бок за прыродай”. Як на густ сённяшні, то стыль кнігі можа падацца занадта сентыментальным, але хапае там і слушных думак на заяўленую тэму, і праяваў годнага, рацыянальнага патрыятызму.
Чаму я ўвогуле пішу пра парк? Бо парк — такая ж неад’емная частка беларускай культурнай традыцыі, як, напрыклад, слуцкі пас альбо магдэбургскае права. Беларусь магла б называцца краінай паркаў, іх у нас захавалася шмат, калі б не іхні цяперашні занядбаны стан. Прысядзібным паркам пашанцавала болей, чым самім будынкам — іх не палілі, не рабавалі, не вывозілі за мяжу і да нядаўняга часу не высякалі без асаблівай неабходнасці. Пакінутыя без нагляду і апекі, паркі ў большасці проста здзічэлі. Між тым, кожны парк — гэта вынік вялізнай працы, а грошай каштуе болей, чым ідзе на пабудову дома ці якога палацыка. І гэта пры тым, што паркі ніколі не былі чымсьці аж так неабходным для нармальнай жыццядзейнасці. Парк — гэта наступны, больш высокі ўзровень дабрабыту, узровень, калі эстэтычны фактар пачынае быць адзнакай якасці жыцця. Гэта якраз той прыклад, калі культура сапраўды паляпшае жыццё, інспіруючы паўстанне новых вартасцяў і рэалізуючы гэтыя вартасці ў рэальным жыцці і прасторы.
У сярэднявечнай Еўропе першымі месцамі, дзе з дапамогай раслінаў ствараўся асаблівы прасторавы і эстэтычны лад, былі кляштары. Схаваны ад старонняга вока за мурамі, манастырскі сад, найчасцей з ружаў, — гэта, як бы мы сказалі сёння, канцэптуальны твор, інсталяцыя ідэальнага, праекцыя райскага сада на зямлі. У часы Рэнесансу разам з пераацэнкай ролі чалавека, вартасцяў і сэнсаў ягонага зямнога жыцця ў Італіі з’яўляюцца першыя ад часоў антычнасці свецкія сады з кветкамі і дэкаратыўнымі дрэвамі, сады без нейкай утылітарнай функцыі, а “проста так”, бо прыгожа. І вось ужо пры канцы ХVІ стагоддзя першыя сады на італьянскі манер з’яўляюцца на землях Вялікага Княства (Мір, Іўе, Радзівілімонты) і неўзабаве распаўсюджваюцца па ўсёй краіне. Ад пачатку ХVІІ стагоддзя так званы “сад влоскі” робіцца абавязковым атрыбутам шляхецкага маёнтку і неад’емным элементам сармацкай культуры.
“Влоскім садам” у нашай шляхты называліся любыя дэкаратыўныя пасадкі, часам надта далёкія ад італьянскага канона. Разам з тым, былі і сапраўдныя шэдэўры паркавага мастацтва, як, напрыклад, створаныя Мікалаем Радзівілам Сіроткам адразу па вяртанні з Італіі паркі ў Міры і Нясвіжы (Альба). Сады і паркі Вялікага Княства праектаваліся як уласнымі спецыялістамі, так і запрошанымі замежнымі архітэктарамі. У тагачаснай Заходняй Еўропе прастора парка была тым палігонам, дзе выпрабоўваліся і ўвасабляліся тагачасныя ідэі і ідэалы — эстэтычныя, светапоглядныя, грамадска-палітычныя. Паркавае мастацтва як мастацтва сінтэтычнае заўсёды ішло поруч з іншымі відамі мастацтваў, спалучала і развівала ідэі, прыёмы, вобразы, а часам апярэджвала і інспіравала.
Да прыкладу, з’яўленне французскага рэгулярнага парка з “падпарадкаванай” прыродай, геаметрыяй і адкрытымі перспектывамі было абумоўленае ідэямі абсалютызму і ў пэўным сэнсе падрыхтавала глебу для класіцызму ў архітэктуры. Эпоха Асветніцтва спарадзіла захапленне ідыліяй у простым вясковым стылі (прыгадайма нашую Альбу). Канцэпцыя ангельскага парка ішла яшчэ далей і ўзводзіла натуральную, прыродную прыгажосць у ранг эстэтычнай каштоўнасці. Гэткая гнуткасць і адаптабельнасць, прасцейшы ў параўнанні з рэгулярным паркам нагляд забяспечылі ангельскаму парку шырокую папулярнасць. Рэч Паспалітая не была выключэннем, у тым ліку Літва і беларускія землі. Краіна дзялілася суседзямі на часткі, а арыстакратыя закладала паркі, каб аддавацца там меланхоліі і ўсаматненню, як таго патрабавала эстэтыка рамантызму. Няўжо не бачылі яны таго, што адбывалася навокал?
Бачылі выдатна, бо тым самым займаўся сам кароль: закладаў парк у Лазенках, распрацоўваў і “прабіваў” дзяржаўныя рэформы, адначасна лавіруючы паміж мясцовымі апанентамі і рулямі кацярынаўскіх гармат. Уся эпоха Асветніцтва была супярэчлівай, і праз гэтую супярэчлівасць яна выглядае яшчэ болей трагічнай: выкшталцонай і разбэшчанай, рацыянальнай і сентыментальнай, свабодалюбівай і самаўладнай, інфантыльнай і гераічнай. Тыя самыя людзі, што бавіліся ў паркі, бралі ўдзел і ў паўстанні Касцюшкі, і ў напалеонаўскай кампаніі, і ў паўстанні 1831 года. Арыстакратыя пазбаўлялася паркаў і палацаў, шляхта — правоў, героі гінулі, кабеты смуткавалі. Падчас паўстання 1831 года ўжо аўдавелая Ізабэла Чартарыйская вымушаная была пакінуць свае Пулавы назаўсёды. Пасля паразы паўстання ўся іх маёмасць была канфіскаваная царскім урадам. Памерла Ізабэла Чартарыйская 19 чэрвеня 1835 года ў 90-гадовым узросце.
Ізабэла Чартарыйская была не адзінай кабетай у Рэчы Паспалітай, якая паспяхова рэалізавалася ў садова-паркавым мастацтве. Паркі блізу сталіцы мелі швагерка Чартарыйскай Ізабэла Любамірская (Макотаў) і прыяцелька Алена Радзівіл (Аркадыя). Тут, на Літве, гэта былі Аляксандра фон Хельдэшэйм з Тызенгаўзаў (Дабраўлянскі парк) і сапраўдны тытан паркавай справы Марыя Дарота Радзівіл з Кастэлянаў (паркі ў Нясвіжы, Манькавічах, Радзівілімонтах). Была яшчэ адна ілюстраваная кніга пра паркавае мастацтва — аўтарства Магдалены Морскай, выдадзеная ў Вене ў 1836 годзе. Магдалена таксама заклала вялікі парк (у Зарэччы на Галіцыі), пагасціўшы перад гэтым у Пулавах Чартарыйскай, прыхільніцай творчасці якой была. Кніга Магдалены Морскай досыць нудная і, папраўдзе кажучы, безгустоўная. У ёй няма ані трапных думак, ані слушных ідэяў, ані таго тонкага адчування прыгожага, якімі поўніцца кніга Ізабэлы.
Каб лепей зразумець тое, пра што гаворыць Чартарыйская, варта паехаць і паглядзець славутыя еўрапейскія паркі альбо хаця б паркі варшаўскія, тыя самыя, дзе бывала Ізабэла Чартарыйская. Яны любоўна і рупліва дагледжаныя, іх там шмат, і ў гэтых парках ты сапраўды разумееш, што гэта — мастацтва. А пабачыўшы па вяртанні нашыя мінскія матрошкі, клумбы з фарбаваных апілак, зубрыкаў і іншую бязглуздзіцу айчынных майстроў-азеляніцеляў, варта памятаць пра тое, што тут так было не заўсёды і што ўсё гэта часова. Альбо, скажам так, “у працэсе”. Як напісана яшчэ ў адной добрай кнізе, “праца над паркам ніколі не бывае завершанай”.
Упершыню апублікавана тут: http://budzma.org