У пошуках “сілы бяссільных”

01 верасня 2021

Таццяна Вадалажская

Сёння мы шукаем адказ на пытанне «Што тут і цяпер патрэбна рабіць, каб высілкі і ахвяры мінулага года не былі марнымі? Якім шляхам ісці далей?». Мы шукаем сваю “сілу бяссільных”. Патрэба ў дзеянні, у тым каб рушыць далей, спараджае розныя ініцыятывы. Адна з іх, надзвычай важная і дыскусійная – ініцыятыва Свабоднага прафсаюза беларускага «Рэфармуем сістэму адукацыі разам. У межах кампаніі прапануецца грамадскімі высілкамі падрыхтаваць змены ў Кодэкс аб адукацыі, каб прапанаваць іх як альтэрнатыву таму, што будзе прынята парламентам.

Ініцыятыва выклікала розныя меркаванні і стаўленне. Наперш у адносінах да ідэі ўключацца ў справы, якія ініцыяваныя беларускай уладай, што не прызнаецца легітымнай ад падзей 2020 года. Больш канцэнтравана і крытычна гэтая ж дылема паўстае з пытаннем рэферэндума па змене канстытуцыі.

У спрэчках вакол пытання «Ці ўключацца зараз у грамадскае абмеркаванне Кодэса аб адукацыі?» прагучала фраза «Так як раней, ніколі ўжо не будзе!». Гэта адказ на тое, што новая ініцыятыва вельмі падобная на мінулыя практыкі такога ж абмеркавання.

Гэта сцверджанне – што ўсё змянілася – падаецца відавочным. Але важна разабрацца з пытаннем: а што дакладна змянілася? Безумоўна, змянілася так шмат, што немагчыма ўсё пералічыць. Дый здаецца ўсё навідавоку.

Але, у пытанні, ці варта ўвязвацца ў справу рэдакцыі кодэкса, трэба разбірацца, што дакладна замінае цяпер таму, каб вярнуць старую практыку.

  1. Кодэкс, Канстытуцыя – гэта спецыфічныя дакументы. Яны маюць не толькі юрыдычную функцыю. Яны яшчэ і ўстаноўчыя дакументы. То бок іх задача не проста ўтрымліваць правілы і стасункі ў нейкай сферы, у грамадстве. Ад пачатку яны – устанаўліваюць, канстытуююць – сацыяльныя, грамадскія стасункі. То бок перад тым як фіксаваць правілы і законы агульнага жыцця мы прымаем «грамадскую дамову» аб гэтым супольным жыцці, мы віртуальна ціснем рукі і фіксуем пэўны давер бакоў аб тым, што тое, што мы зараз узгоднім і запішам – будзе законам для нас. У момант прыняцця першай канстытуцыі, ці ў момант заснавання сістэмы адукацыі ў новай незалежнай краіне – гэта абстаўляецца адмысловымі працэдурамі. Але затым мы забываем, што гэтыя дакументы не проста правілы нашага жыцця, але яшчэ і акт згоды, дамовы, усталявання стасункаў. Зразумела, што ані паміж грамадзянамі, ані паміж дзяржавай (як сістэмай кіравання) і грамадзянамі няма поўнага даверу. Але да пэўнага моманту, грамадства можа мець спадзевы на выпраўленне законаў, на вяртанне даверу і г.д..
  2. Як пісаў Мацкевіч, разважаючы пра Канстытуцыю – пера-ўстанаўленне дзяржавы, пера-ўстанаўленне дамовы грамадзянаў, грамадзянаў і дзяржавы – вымушаны крок, да якога звяртаюцца ў тых выпадках, калі дзяржава не здольная больш выконваць волю грамадзянаў. Калі грамадзяне, гатовыя разарваць заключаны кантракт, бо не маюць даверу, што можна нешта выправіць. Страта гэтай базавай, падставовай дамовы – гэта тое, што патрабуе дзеянняў па пера-ўсталяванню стасункаў. І гэта патрабуе адмысловай працэдуры, акту, дзеі па ўсталяванню новай «дамовы».
  3. 2020 год змяніў нашае грамадства менавіта ў гэтым. Раней недавер, рашучасць адмовіцца ад «папярэдняй дамовы» была ўласціва толькі пэўнай часцы грамадства, якую звалі «апазіцыяй». Пасля прэзідэнцкіх выбараў дзеянні «дзяржавы» выклікалі масавы недавер у падставовых рэчах. У тым, што ёсць нейкая грамадская дамова, якая дае шанец пра дыялог і рэфармаванне, пра высілкі, выправіць стасункі.
  4. Гэта тычыцца не толькі Канстытуцыі як грамадскай дамовы, але і ключавых дакументаў, дзе пазначаюцца агульныя мэты дзяржавы, якая выконвае абавязкі перад грамадзянамі. Кодэкс аб адукацыі – такі дакумент. То бок ён мае не толькі значэнне нарматываў і законаў, але ад пачатку (падставова) утрымлівае дамову пра тое, што гэтая дзяржава працуе ў сферы адукацыі па волі грамадзянаў
  5. Пасля звальненняў, прымусу, збіцця, судовых працэсаў і іншых ідэялагічна-адміністратыўных новаўвядзенняў у сферы адукацыі, грамадзяне не могуць разлічваць на тое, што «больш дасканалы тэкст» ці нейкія прагрэсіўныя рашэнні могуць выправіць сітуацыю. Ці на тое, што мы прадэманструем сваё бачанне, нават калі да нас не прыслухаюцца. Нам варта патрабаваць скасавання папярэдніх дамоўленасцяў як прынцыповага кроку. Мы не можам дазволіць сабе працягваць дамову.
  6. Высілкі адносна Кодэксу і Канстытуцыі павінны быць скіраваны на стварэнне ўмоваў і сітуацыі заключэння новай «дамовы». Для яе, безумоўна, патрэбен тэкст, але найперш патрэбна воля грамадзянаў разарваць мінулыя стасункі, не вяртацца да іх, не выпраўляць. І, безумоўна, падрыхтоўка і шлях да арганізацыі (працэдуры) пера-ўсталявання. А гэта не проста прыняцце тэксту.

І калі працаваць над тэкстам, уключацца ў дыялог могуць асобныя эксперты, арганізацыі, супольнасці, то рашэнне пра пера-ўсталяванне стасункаў патрабуе салідарнага рашэння. Таму менавіта сёння, у час вырашэння пытання «што рабіць», перад тым як уключыцца ў працу, варта размаўляць і дамаўляцца, варта заняць супольна. 

УЛАДЗІМІР МАЦКЕВІЧ — #ФІЛОСАФ_У_ТУРМЕ
Свабодную думку немагчыма пасадзіць у турму!