Уладзімір Дунаеў: Наша краіна пакуль адстае нават ад адсталых

25 студзеня 2017

Імплементацыя Дарожнай карты рэфармавання вышэйшай адукацыі ўступае ў сваю крытычную фазу, адзначае Служба інфармацыі “ЕўраБеларусі”, і спрабуе разабрацца, наколькі паспяхова Беларусь спраўляецца з узятымі на сябе абавязкамі.

Сёлета павінны быць замацаваны ў заканадаўстве ўсе абавязацельствы, якія ўзяла на сябе беларуская улада ў 2015 годзе ў Ерэване, калі Беларусь умоўна прынялі ў Балонскі працэс. Чарговую справаздачу маніторынгу імплементацыі Дарожнай карты падрыхтавалі Грамадскі Балонскі камітэт і Ad hoc камісія Беларускай нацыянальнай платформы Форуму грамадзянскай супольнасці Ўсходняга партнёрства. Справаздача ахоплівае перыяд з кастрычніка 2016 да студзеня 2017 г.

Аўтары справаздачы звяртаюць увагу, што, нягледзячы на крытычныя тэрміны, улады пастаянна адкладаюць прадстаўленне праекта заканадаўчых змяненняў у Кодэкс аб адукацыі і яго перадачу ў Нацыянальны сход. Прапановы Міністэрства адукацыі па змяненні заканадаўства ў адпаведнасці з Дарожнай картай не даступныя для грамадскасці і не абмяркоўваюцца публічна.

Што ж да наяўнай інфармацыі з даступных крыніц, яна сведчыць аб адсутнасці значнага прагрэсу ў імплементацыі Дарожнай карты, асабліва ў частцы сацыяльнага вымярэння вышэйшай адукацыі, акадэмічных каштоўнасцяў, стварэння незалежнага агенцтва кантролю якасці і інш.

Гэта, адзначаюць эксперты, стварае рызыку таго, што Дарожная карта рэфармавання вышэйшай адукацыі Беларусі не будзе выканана ў тэрмін і ў тым аб’ёме, які быў прадугледжаны першапачаткова.

У справаздачы таксама прадстаўлены рэкамендацыі еўрапейскім і беларускім стэйкхолдэрам Балонскага працэсу. Зацікаўленым у яго рэалізацыі прапануюць:

  • настойваць на адкрытым грамадскім абмеркаванні змяненняў і дапаўненняў у Кодэкс аб адукацыі, а таксама іншыя заканадаўчыя акты;
  • арганізаваць публічную міжнародную экспертызу адпаведнасці змяненняў у беларускае заканадаўства, падрыхтаваных урадам, патрабаванням Дарожнай карты;
  • аказаць экспертную дапамогу беларускаму боку ў імплементацыі патрабаванняў Дарожнай карты ў нацыянальнае заканадаўства.

Служба інфармацыі “ЕўраБеларусі” папрасіла сябра Грамадскага Балонскага камітэта Уладзіміра Дунаева распавесці, якой рэакцыі на гэту справаздачу чакаць ад еўрапейскіх калег .

– 23-25 ​​студзеня праходзіць сустрэча AG2 (Кансультатыўная група 2 «Падтрымка беларускай Дарожнай карты» (Advisory group 2 on the “Support for the Belarus Roadmap”, AG2), створанай у Ерэване ў 2015 г. па рашэнні канферэнцыі міністраў адукацыі краін, якія ўваходзяць у Еўрапейскую прастору вышэйшай адукацыі (ЕПВА). Паколькі Беларусь прынялі з умовай выканання яе праграмы рэформаў вышэйшай адукацыі (Дарожнай карты), то для кантролю і дапамогі стварылі гэтую кансультатыўную групу. Гэтая група падрыхтуе да канферэнцыі міністраў адукацыі ЕПВА ў Парыжы справаздачу аб выкананні Беларуссю Дарожнай карты. AG2 збіраецца на свае пасяджэнні 3 разы на год у розных краінах. Звычайна ніякай публічнай інфармацыі аб выніках такіх пасяджэнняў няма. Але часам, як гэта было пасля сустрэчы ў Мінску ў чэрвені 2016, робіцца кароткая заява. Сустрэча яшчэ не скончылася і рана чакаць нейкай рэакцыі. Публічнай рэакцыі, хутчэй за ўсё, не будзе, але абмен інфармацыяй з зацікаўленымі групамі, уключаючы і грамадзянскую супольнасць Беларусі, адбываецца. Справаздачы Грамадскага Балонскага камітэта аб імплементацыі Дарожнай карты прымаюцца да ўвагі не толькі ў AG2, але ў іншых еўрапейскіх арганізацыях. Гэтыя справаздачы распаўсюджваюцца ад імя Форуму грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства, з якім мы працуем у цесным кантакце.

– Тэрмін імплементацыі Дарожнай карты паступова завяршаецца, экспертам застанецца падрыхтаваць заключную справаздачу па яе выніках. Але калі гэтых вынікаў не будзе, ці будзе завершана праца па далучэнні Беларусі да ЕПВА, альбо трэба будзе шукаць іншыя шляхі?

– Да завяршэння працы па імплементацыі Дарожнай карты застаецца яшчэ год. Аднак падставы для трывогі ў нас ёсць. Зрэшты, не варта залішне спадзявацца на хуткае змяненне ўсёй сістэмы вышэйшай адукацыі. Дарожная карта прадпісвае змены заканадаўства, а не практыкі. Будуць добрыя законы – можна спадзявацца на пазітыўныя змены паўсядзённай практыкі. Але выклікае сумнеў здольнасць і жаданне ўладаў істотным чынам рэфармаваць заканадаўства. У нашай справаздачы, накіраванай AG2, паказваецца, што пакуль можна адзначыць толькі намеры неяк імплементаваць некаторыя інструменты Балонскага працэсу. Ні гарантый акадэмічнай свабоды і аўтаноміі ўніверсітэтаў, ні рэфармавання сістэмы размеркавання і фінансавай падтрымкі студэнтаў, ні змены ў сістэме забеспячэння якасці адукацыі пакуль не праглядаецца ў праектах рэфармавання заканадаўства.

Такая нядобрасумленнасць не толькі шкодзіць нашай рэпутацыі ў ЕПВА, але і падрывае давер да Беларусі як партнёра ў цэлым. Мабыць, на працягу гэтага года будзе выпрацавана нейкая формула далейшых адносін з Беларуссю ў ЕПВА. Пакуль яшчэ рана пра гэта казаць.

– Беларусь – не адзіная краіна, якая не выконвае абавязацельствы Балонскага працэсу?

– Камюніке Ерэванскага саміту змяшчае досыць прынцыповую ацэнку сітуацыі з імплементацыяй Балонскіх мэтаў, каштоўнасцяў і стандартаў у некаторых краінах. Ёсць спецыяльная рабочая група, якая займаецца выпрацоўкай палітыкі ў дачыненні да такіх парушэнняў. Бо ўсе краіны, якія ўваходзяць у ЕПВА, на канферэнцыях міністраў прымаюць агульныя рашэнні, якія абавязваюцца выконваць. Але на справе выконваюць не заўсёды.

Нейкага афіцыйнага спісу “даўжнікоў” няма, але ёсць публічныя справаздачы аб імплементацыі, якія рыхтуюцца да міністэрскіх канферэнцый. Па іх можна меркаваць аб тых, хто адстае ў гэтым працэсе. Часцей за ўсё такое адставанне характэрна для асобных стандартаў. Напрыклад, у прызнанні вынікаў навучання за мяжой сярод адстаючых Арменія і Венгрыя. Дрэнна ідзе справа з доступам дарослых да вышэйшай адукацыі ў Балгарыі, Румыніі, Грэцыі і Чэхіі. Але ёсць і “хранічныя даўжнікі”. Сярод іх даволі шмат нашых суседзяў з СНД. Некаторыя краіны выпраўляюцца хуткімі тэмпамі. Думаю, што Украіна ў новай імплементацыйнай справаздачы будзе выглядаць значна лепш за сваіх суседзяў. Аднак Беларусь і тут выключэнне. Наша краіна пакуль адстае нават ад адсталых. Думаю, што і далей для Беларусі будзе захоўвацца асаблівы рэжым удзелу ў ЕПВА.

Падрабязней са справаздачай можна пазнаёміцца тут: ОТЧЕТ О МОНИТОРИНГЕ ИМПЛЕМЕНТАЦИИ ДОРОЖНОЙ КАРТЫ РЕФОРМИРОВАНИЯ ВЫСШЕГО ОБРАЗОВАНИЯ БЕЛАРУСИ (ОКТЯБРЬ 2016 – ЯНВАРЬ 2017).

“Лятучы” таксама рэкамендуе:

Quo vadis: Беларусь в Болонском процессе.

Будущее образования: глобальная повестка

Уладзімір Дунаеў: Універсітэт – гэта супольнасць людзей, звязаных клятвай.